Андрэй Кураеў: Беларускую царкву мы ўжо страцілі
16.10.2018 / 12:02
Расійскі праваслаўны публіцыст протадыякан Андрэй Кураеў у эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» заявіў, што РПЦ ужо фактычна страціла Беларускую праваслаўную царкву, іншая справа, што аформіць разрыў пакуль што перашкаджае палітычная сітуацыя.
Андрэй Кураеў. Фота: Wikimedia Commons.
Эхо Москвы:
— Але, наогул, нейкая боязь існуе ў патрыярхата наконт таго, што можам Беларускую праваслаўную царкву неяк страціць як і ўкраінскую? І такім чынам спрабуюць аслупаваць тэрыторыю.
Андрэй Кураеў:
— Увогуле, я б сказаў, што ўжо страцілі.
Эхо Москвы:
— Украінскую або беларускую?
Андрэй Кураеў:
— Беларускую. Проста гэтага яшчэ не ўсвядомілі, але страцілі. Таму што гэтая заява Канстанцінопаля, што мы вяртаемся ў статус XVII стагоддзя, азначае, што гэта Беларусі датычыцца таксама, таму што Кіеўская мітраполія, яна ўключала ў сябе ўсё, аж да Смаленска з тэрыторыі ад Рэчы Паспалітай.
Іншая справа, што гэта рашэнне зараз нельга выканаць па палітычных матывах. І Лукашэнка не вечны ці нават яго сяброўства з Масквой не вечнае. Таму ўсё роўна, так, кіраванне Лукашэнкі на пару пакаленняў затармазіла станаўленне беларускай нацыянальнай самасвядомасці. Але бяда ў тым, што за гэтыя дзесяцігоддзі Масква не стала сімпатычнейшай і прывабнейшай, вось у чым штука.