Ідэальны спадарожнік восені: духмяны гарохавы суп РЭЦЭПТ
Кожны год з прыходам халадоў я вельмі выразна заўважаю змену ў маіх гастранамічных жаданнях. Восенню і ўзімку заўсёды хочацца чагосьці гарачага, густога, вострага. Пад гэтыя параметры трапляе суп — ідэальная страва на халады і вельмі блізкая нашаму сэрцу і страўніку.
06.10.2018 / 14:09
Пачнём з класікі — гарохавы суп, мой улюбёны з дзяцінства. Галоўная фішка гэтага рэцэпта — выкарыстанне вэнджанай папрыкі. Не палянуйцеся знайсці яе (напрыклад, на рынку), бо яна надае такі водар, што немагчыма перадаць словамі. Яшчэ не забудзьце ўзяць упрыкуску лусту духмянага хлеба ці зрабіць сухарыкі і дадаць іх проста ў суп.
Нам спатрэбіцца:
- 1 шклянка сухога гароху;
- 2 бульбіны;
- 1 морквіна;
- 1 цыбуліна;
- 1/4 галоўкі сельдэрэю;
- 2 зубчыкі часныку;
- 4 зярняты духмянага перцу;
- 4 лаўровыя лісты;
- 1 ст. л. маярану;
- 1 ч.л. вэнджанай папрыкі;
- 1/2 ч. л. молатай каляндры;
- 2 ст. л. соевага соусу;
- 3 ст. л. алею;
- соль;
- перац.
Замочваем гарох на гадзіну ў гарачай вадзе (спатрэбіцца прыкладна 2 літры). Бульбу, моркву, цыбулю і сельдэрэй наразаем кубікамі. Часнык дробна крышым.
У рондалі разаграваем алей, дадаём цыбулю, часнык, духмяны перац, лаўровы ліст і папрыку і тушым на маленькім агні хвілін пяць. Дадаём астатнюю агародніну і спецыі, добра перамешваем і таксама пакідаем на 5 хвілін на агні.
Надышоў час гароху — перакладаем яго ў рондаль разам з вадой, заліваем соевы соус. Накрываем і гатуем суп адну гадзіну (можа спатрэбіцца менш часу, галоўнае, каб гарох стаў мяккім). Напрыканцы солім і перчым.
Па смаку можна дадаць кавалкі грудзінкі ці іншага гатаванага мяса. Смачна есці!