Сем фактаў пра новага прэм’ер-міністра Сяргея Румаса
18.08.2018 / 14:52
Аляксандр Лукашэнка 18 жніўня прызначыў Сяргея Румаса кіраўніком урада. Румас ужо восьмы прэм’ер за часы кіравання цяперашняга прэзідэнта.
Хто ж такі спадар Румас? «Наша Ніва» прапануе найбольш цікавыя факты з біяграфіі чыноўніка.
Бацька працаваў ва ўрадзе Кебіча
Адметна, што Сяргей — гэта не першы Румас, які працаваў у беларускім урадзе. Справа ў тым, што Сяргей Румас — патомны фінансіст. Бацька віцэ-прэм’ера Мікалай Піліпавіч Румас нарадзіўся ў 1947 годзе ў Тураве. Ён скончыў наргас. І па размеркаванні накіраваўся ў Гомель, дзе працаваў у фінансавых і кантрольна-рэвізійных органах. Менавіта ў гэты час, у 1969 годзе, у Мікалая Піліпавіча і Вольгі Лявонцеўны Румасаў нарадзіўся сын Сяргей. Потым бацьку накіравалі на павышэнне ў Мінск. Ад 1976 года ён увесь час працаваў у цэнтральным апараце Міністэрства фінансаў БССР пры Баляславу Шацілу.
У 1990 Румас-старэйшы быў прызначаны першым намеснікам міністра фінансаў. У нейкі перыяд, калі з пасады быў зняты Павел Дзікі, а Мікалай Корбут яшчэ на яе не заступіў, ён выконваў абавязкі міністра. Але на відныя ролі Румас ніколі не імкнуўся. Дарэчы, маці віцэ-прэм’ера — таксама эканамістка па адукацыі. Яна больш за 30 гадоў адпрацавала выкладчыцай у Мінскім фінансава-эканамічным каледжы. Яе колішнія студэнты і сёння добрым словам згадваюць Вольгу Лявонцеўну.
Сыходзіў з Нацбанка ў камерцыю
Што датычыць Румаса-малодшага, то ён, што не дзіўна, па слядах сваіх бацькоў таксама паступае на фінансы. Вучыцца ў Яраслаўлі ў вайскова-фінансавым вучылішчы па спецыяльнасці «Фінансавае забяспечэнне войскаў». Праўда, пасля развалу СССР прафесіі ён меў спрэс цывільныя.
Адразу па дэмбелі Румаса прымаюць на працу начальнікам улікова-аперацыйнага, крэдытнага і эканамічнага аддзелаў спецыялізаванага ўпраўлення Нацбанка. Але перыяд працы ў Нацбанку аказаўся нядоўгім. У сярэдзіне 1990-ых Румас, як і многія іншыя ў той час, мяняе дзяржаўную працу на камерцыйную дзейнасць. Цягам двух гадоў ён займае высокія пасады ў двух прыватных банках: «Паўночны Захад» і «Садружнасць».
Зрабіў «Белаграпрамбанк» адным з найлепшых
У 1995 Сяргей Румас прыходзіць на працу ў «Беларусбанк». Там ён спачатку цягам сямі гадоў узначальвае філіял, а потым падымаецца па кар’ернай лесвіцы да намесніка старшыні праўлення банка. У верасні 2005 года Лукашэнка прызначае Румаса старшынёй «Белаграпрамбанка», дзе ён знаходзіўся да прызначэння на пасаду віцэ-прэм’ера.
За час кіравання Румаса ў «Белаграпрамбанку» колькасць укладчыкаў павялічылася ў паўтара разы. Больш чым у тры разы вырас аб’ём дэпазітаў фізічных асоб. А аб’ём крэдытавання насельніцтва — у 25 разоў. Аўтарытэтныя еўрапейскія фінансавыя выданні называлі «Белаграпрамбанк» найбольш стабільным у Беларусі.
«Магу дазволіць сабе быць дэмакратычным кіраўніком. Але, на жаль, ёсць такія пытанні, якія патрабуюць ад мяне прыняцця жорсткіх і не заўсёды папулярных рашэнняў», — прызнаваўся Румас у адным з інтэрв’ю.
Крытыкаваў Нацбанк, калі быў віцэ-прэм’ерам
Ад снежня 2010 да ліпеня 2012 Сяргей Румас папрацаваў віцэ-прэм’ерам. Запрасіў яго на гэтую працу тагачасны прэм’ер Міхаіл Мясніковіч. Справа ў тым, што Мясніковіч і бацька Румаса былі добра знаёмыя яшчэ за часамі супольнай працы ў Кебіча. Магчыма, гэта наклала свой адбітак.
Гэта прыйшлося на час жорсткага валютнага крызісу. Цікава, што Румас не падтрымліваў тую палітыку, якую вялі тагачасны старшыня Нацбанка Пятро Пракаповіч і памочнік прэзідэнта па эканоміцы Сяргей Ткачоў. Гэта неаднаразова вылівалася ў публічную крытыку.
Каментуючы легалізацыю Нацбанкам павышанага курсу даляра для прадпрыемстваў, у прыватнасці, ён зазначыў: «Адхіленне ў 10% можна ацэньваць і называць па-рознаму, але, па сутнасці, мы вяртаемся да множнасці валютных курсаў. І было б добра, калі б гэта 10%-е адхіленне афіцыйнага курсу вырашыла праблему, але тыя сігналы, якія пасылае рынак, кажуць пра тое, што гэтага відавочна недастаткова». Румас фактычна выступіў супраць палітычна матываванага заніжэння курсу рубля. Пры гэтым у эфіры дзяржаўных тэлеканалаў ён адмаўляўся крытыкаваць праграмы апазіцыі.
Цікава, што потым у адным з інтэрв’ю ён назаве Пятра Пракаповіча большым лібералам, чым ён сам. Віцэ-прэм’ерам Румас адпрацаваў нядоўга, яго адправілі ў Банк развіцця, дзе ён і быў апошнія шэсць гадоў.
Дабіўся, каб на трыбунах дазвалялі «Пагоню» і БЧБ-сцягі
Ад красавіка 2011 года Сяргей Румас таксама з’яўляецца кіраўніком Беларускай федэрацыі футбола. Варта адзначыць, што высокія пасады ніколі не заміналі яму наведваць футбольныя матчы. Захапленне гэтым спортам ён займеў яшчэ ад часоў мінскага «Дынама» ў чэмпіянаце СССР, хадзіў на гульні малафееўскай каманды ў Мінску.
Вялізных поспехаў зборная Беларусі за час кіравання БФФ Румасам не дасягнула. Наадварот, прайгравала нават у такіх матчах, якія прайграваць нельга. А вось БАТЭ і мінскае «Дынама» выходзілі стабільна ў групавыя стадыі Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы. Зрэшты, цяжка сказаць, ці ёсць тут заслуга Румаса.
Цікавы факт пра будучага прэм’ера. Падчас афіцыйнай гульні ў Барысаве Беларусь — Македонія былі затрыманыя і адпраўленыя ў ізалятар заўзятары з бел-чырвона-белымі сцягамі на шаліках і «Пагонямі». Сярод іх, напрыклад, быў Зміцер Хведарук. БФФ адразу стала на абарону заўзятараў.
Румас асабіста хадзіў на размовы з міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам і тлумачыў, што затрымліваць за такое — недапушчальна. На дадзены момант нацыянальная сімволіка дазволеная на беларускіх стадыёнах. Ужо даўно няма выпадкаў, калі людзей затрымлівалі за яе. Ёсць тут і заслуга Румаса.
Прызнаваўся функцыянер і ў тым, што яму падабаецца «бела-чырвоная» колеравая гама, калі прадстаўляў новую форму зборнай пад назвай «Белыя крылы».
Запусціў у Тураве выпуск выдатных сыроў
Банкам развіцця быў пабудаваны і запушчаны з нуля Тураўскі малочны камбінат. Дарэчы, зроблена гэта было на радзіме бацькі Румаса.
Ідэя ўвогуле нарадзілася з таго, што ў час працы ў «Белаграпрамбанку» Румас часта бываў у камандзіроўках у Італіі, дзе і захапіўся іх сырамі. Узнікла ідэя перанесці вытворчасць некаторых гатункаў у Беларусь. Так і з’явіўся брэнд Bonfesto. Вялізная колькасць сыроў гэтага прадпрыемства ідзе на экспарт. Сам Румас казаў, што тураўскі праект — гэта выдатны сімбіёз прыватна-дзяржаўнага партнёрства.
Bonfesto выпускае такія гатункі сыроў, як рыкота, крэмоле, маскарпонэ, правола, мацарэла. Гэтыя прадукты заўсёды карыстаюцца вялікай папулярнасцю.
Шматдзетны бацька і фанат палявання
Румас з сям'ёй. Фота tut.by.
Жонка Сяргея Румаса працуе стаматолагам у медыцынскім цэнтры «Карона». У пары аж чацвёра сыноў. Старэйшы Валерый скончыў эканамічны факультэт БДУ, пасля вучыўся ў Лондане, але вярнуўся ў Беларусь. Меншых сыноў завуць Максім, Сяргей і Філіп.
Румас у Калодзішчах мае бацькоўскі дом, плюс да ўсяго дабудоўваецца ў Драздах-2 на першай берагавой лініі.
А вось хобі ў Румаса дастаткова крыважэрнае. Ён фанат палявання. Прычым нават лётае дзеля такога задавальнення ў Афрыку. «У мяне таксама ёсць нядрэнныя трафеі, у асноўным паляўнічыя. Самы буйны — іланд вагой у тону. Здабыў у Афрыцы. Часам удала страляю гусей. Нядаўна абнавіў асабісты рэкорд. Не ўсміхайцеся, я насамрэч люблю паляванне на гусей», — сказаў былы віцэ-прэм'ер Румас у інтэрв’ю «Трыбуне». Іланд — гэта вінтарогая антылопа.
{POLL#774}