Сілавікі дапыталі віцэ-прэм'ера Васіля Жарко. Але адпусцілі
дапаўняецца
11.07.2018 / 18:08
У сераду, 11 ліпеня, у Мінску супрацоўнікі праваахоўных органаў дапытвалі віцэ-прэм'ера, экс-міністра аховы здароўя Васіля Жарко, паведамілі Tut.by тры крыніцы. Інфармацыю пацвердзілі ў колах, блізкіх да Адміністрацыі прэзідэнта.
«Жарко выклікалі на размову ў праваахоўныя органы ў другой палове дня ў пятніцу. Сёння, 11 ліпеня, ён таксама быў на допыце», — расказала знаёмая з сітуацыяй крыніца. Гэтую інфармацыю Tut.by пацвердзілі яшчэ два суразмоўцы, а таксама ў колах, блізкіх да Адміністрацыі прэзідэнта.
У той жа час у прэс-службе ўрада паведамілі, што Васіль Жарко знаходзіцца на працоўным месцы.
Раней крыніцы Tut.by паведамлялі пра затрыманне віцэ-прэм'ера, але гэтая інфармацыя афіцыйна не пацвярджаецца.
Мы звязаліся з дачкой Васіля Жарко. Яна не толькі не пацвердзіла затрыманне, але сказала, што віцэ-прэм'ера не выклікалі ў следчыя органы.
«Не затрыманы. Мы самі ў шоку. Ён хвілін 10 таму тэлефанаваў, папярэдзіў, што гэта няпраўда. Мы таксама бачылі гэтую інфармацыю і вельмі здзівіліся. Ні ў пятніцу, ні сёння тату не выклікалі ў следчыя органы», — сказала нам дачка Вольга.