У ззянні летняй ночы — магічныя ФОТЫ Віктара Малышчыца з нёманскіх паплавоў
11.07.2018 / 16:05
Першая палова ліпеня — не самы лепшы час для аматараў паназіраць за зорным небам. Сонца яшчэ не апускаецца дастаткова глыбока пад гарызонт, і вячэрняе змярканне проста пераходзіць у ранішняе, не даючы дарогу цемры. Нават Млечны Шлях зараз бачны хіба што на поўдні Беларусі, хаця фотакамера дазваляе «ўбачыць» яго і там, дзе чалавечае вока ледзь заўважае гэтую туманную паласу.
Але менавіта ў гэтыя дні можна ўбачыць за адну ноч ажно чатыры планеты Сонечнай сістэмы. Адразу пасля заходу Сонца нізка на захадзе можна ўбачыць яркую зорку — гэта планета Венера. На паўднёвым захадзе ззяе не менш яркі Юпітэр. Нізка-нізка на поўдні бліжэй да апоўначы можна ўбачыць Сатурн, і ў той жа час на паўднёвым усходзе з’яўляецца неймаверна яркі аранжавы Марс. Дарэчы, Марс нездарма ззяе нібы пражэктар: 27-га ліпеня ў яго будзе процістаянне — момант найбольшага збліжэння з Зямлёй. Прычым гэта будзе не простае, а так званае Вялікае процістаянне, найбольшае збліжэнне за апошнія 15 год.
Усе планеты ў гэтым годзе назіраюцца вельмі нізка, таму шукайце месцы з адкрытым гарызонтам, найлепей — за горадам. Напрыклад, у пойме Нёмана сярод векавых дубоў, дзе і былі зробленыя гэтыя здымкі.
Юпітэр над хвалямі Нёмана.
На поўначы — Вялікая Мядзведзіца на фоне светлага гарызонта.
Зараз самы яркі аб'ект начнога неба — гэта-Марс.
Млечны Шлях ледзьве прабіваецца скрозь светлае неба. Дарэчы, белая зорка ўнізе Млечнага Шляху — планета Сатурн.
Месяц узыходзіць.