Французскія мяснікі просяць ва ўрада абароны ад веганаў

27.06.2018 / 11:14

Getty Images

Кіраўнік французскай асацыяцыі мяснікоў Жан-Жак Гіяр у адкрытым лісце звярнуўся да ўладаў з просьбай абараніць мясныя крамы ад агрэсіўных веганаў, якія імкнуцца нанесці шкоду «цэламу сегменту французскай культуры» спажывання мяса, піша Бі-бі-сі.

Веганы закідваюць камянямі мясныя крамы, малююць графіці на вітрынах і выкарыстоўваюць іншыя формы вандалізму, каб прапагандаваць сваю філасофію, гаворыцца ў лісце Жана-Франсуа Гіяра.

Ён адзначае, што за апошнія некалькі месяцаў у Францыі аблілі крывёй вітрыны 15 мясных крамаў.

«Гэтыя людзі імкнуцца пасеяць тэрор і прымусіць цэлую галіну французскай культуры знікнуць», — піша ён.

Веганы імкнуцца «навязаць абсалютнай большасці людзей свой лад жыцця, ці нават сваю ідэалогію», — абураецца Гіяр.

«Веганскі лад жыцця занадта раздзьмуты ў СМІ», — наракае мяснік.

Вегетарыянцы і веганы складаюць невялікую частку насельніцтва Францыі: праведзенае ў 2016 годзе апытанне, паказаў, што мяса ў ежу не ўжываюць каля 3% французаў.