Машына часу: падарожжа ў зямлю крывічоў

Яны прыйшлі на гэтую зямлю тысячу трыста год таму. Далі імёны яе рэкам і пушчам, далі імёны паселішчам, з якіх выраслі нашы гарады, далі аснову нашай мове. Яны пакінулі нам — нас, у нашых жылах бруіць іх кроў. Пакінулі свае гарадзішчы на азёрных выспах, свае некропалі ў лясах, свае свяцілішчы і сваіх багоў, да якіх мы апелюем штодня, самі пра тое не здагадваючыся. Крывічы, дрыгавічы, радзімічы — з іх вырас беларускі народ.

27.06.2018 / 12:56

У новым праекце «Нашай Нівы» «Машына часу» мы будзем шукаць сляды тых плямёнаў у сённяшняй Беларусі. І найперш выпраўляемся на Полаччыну, дзе жылі крывічы.

Дапаможа нам у паездках «Ford у Беларусі».

Нашым праважатым у гэтай вандроўцы будзе этнолаг, доктар гістарычных навук, палачанін Уладзімір Лобач.

Доктар гістарычных навук Уладзімір Лобач ведае пра Полаччыну ўсё.

Мы сустракаемся раніцай на паркоўцы каля лепельскай кавярні.

Крывічы займалі гіганцкі абшар ад Ладагі да Барысава, ад Вільні амаль да Масквы. Гэта быў саюз плямёнаў, супастаўны з амерыканскімі алганкінамі. Былі крывічы пскоўскія, смаленскія, а тыя, што сядзелі на рацэ Палаце, называліся ў летапісах палачанамі.

Яны прыйшлі ў VІІ стагоддзі, пацясніўшы мясцовыя балцкія ды фінскія плямёны і змяшаўшыся з імі. Крывічы будавалі вікінгам караблі, хадзілі разам з імі ў паходы на Царград-Канстанцінопаль.

А з Лепельшчыны мы пачынаем вандроўку таму, што тут зафіксаваныя найбліжэйшыя да нашага часу іх сляды. Тут да XVI стагоддзя, па старадаўнім крывіцкім звычаі, дзе-нідзе яшчэ хавалі памерлых у курганах — падчас раскопак аднаго з іх археолагі знайшлі проста на лобе пахаванага манету часоў Жыгімонта Старога.

У галаве не ўкладаецца: на той час крывічы былі хрышчоныя ўжо паўтысячы гадоў як — і раптам курганы, манета на лобе. З другога боку, што тут дзіўнага:

уся дахрысціянская культура, усе народныя вераванні, традыцыі і звычаі, якія дажылі да нашага часу ў гэтых землях, засталіся ад крывічоў. Ды што вераванні — ёсць нават свяцілішчы. Вось, напрыклад, Святы камень каля вёскі Вялікі Поўсвіж.

Крывічы былі высокія, мелі даўгаватую галаву і хвалепадобны нос. На калажы: крывічанка Х стагоддзя з-пад Талачына і беларус ХХІ стагоддзя з-пад Лепеля. 

Мядзведжы след

Быў некалі залаты век, жылося сыта. Каласы на жыце былі не такія кароткія, як цяпер: зярняты раслі па ўсёй сцябліне, да самага кораня. Людзі зажэрліся. А якраз хадзіў па зямлі Бог ды зайшоў у адну хату. І бачыць: дзіця малое абсерлася і матка яму сраку блінам выцірае. Бог загневаўся: раз не шануеце — не будзе вам болей сытасці. Вырваў жытнёвы колас, заціснуў сцябло між пальцаў і пацягнуў знізу ўверх, здзіраючы зярняты. Калі засталося іх зусім нямнога, завылі каты ды сабакі: пачалі Бога прасіць, каб хоць на іх долю пакінуў хлеба. Бог і злітаваўся. З тае пары каласы ў збажыны невялікія на доўгай саломіне. Затое няможна і катоў ды сабак крыўдзіць: чалавек з іх долі хлеба жывіцца.

Такую легенду расказаў Уладзімір Лобач, пакуль мы, фарсіраваўшы меліярацыйны канал, калгаснай ярыною ідзём да хмызоў, у якіх ляжыць Святы камень. Легенда тут невыпадковая: гэты камень — следавік, і на ім бачныя не толькі «чалавечы», але таксама «каціны» і «сабачы» сляды. Следавікі — валуны, на якіх прырода пакінула выбоіны, падобныя да слядоў — ад бронзавага веку шанавалі па ўсёй Еўропе. Верылі, што вада, якая збіраецца ў тых «слядах», мае гаючыя ўласцівасці.

Вядзе нас Васіль Шкіндзер, гаспадар мясцовай аграсядзібы. Дарогай мімаходзь паказвае свежы мядзвежы след на ўкамянелым ад сухаты глеі.

Адбітак адносна невялікай лапы, з руку дарослага чалавека. Малады, відаць, мядзведзік. Вандруюць-разыходзяцца з Бярэзінскага запаведніка.

«Не мядзведзь гэта…» — жартуе Уладзімір Лобач. У паганскія часы мядзведзь лічыўся адным з увасабленняў бога Вялеса.

Турыстычнае «капішча» каля Святога каменя.

Святы камень — абкапаны ровікам валун — ляжыць на палянцы, расчышчанай ад кустаўя. Ямкі на ім мала нагадваюць чалавечыя сляды — хіба што сляды ў старажытным скураным абутку.

У ямках-слядах — свежыя капейкі. Традыцыя пакланення не перарываецца. «Я паказваў нядаўна камень цёткам прыезджым. Дык яны на яго во так клаліся ўсім целам!» — паказвае спадар Васіль.

Камень ляжыць у нізіне. Недалёка ў полі — прыкметны ўзгорак, Перунова гара.

«Была вышэйшая многа, але аралі ўвесь час у адвал», — заўважае Васіль. Цяпер на Перуновай гары з бласлаўлення райвыканкама ладзіцца Купалле.


***

Пярун і Вялес

Гэта багі-праціўнікі славянскага пантэону. Такая пара — нябесны бог грому і бог падземнага свету, вады, якія вечна змагаюцца, — ёсць у многіх індаеўрапейскіх міфалогіях: напрыклад, Індра і Урытра ў індусаў, Апалон і Піфон у грэкаў. Крывічы шанавалі абодвух, свяцілішчы Перуна і Вялеса звычайна былі побач: Перунова — на горцы, Вялесава — у лагчыне. Пасля хрысціянізацыі рысы Перуна перадаліся святому Іллю, Вялеса ж атаясамліваюць са святым Міколам — найпапулярнейшым народным святым.

У цэлым Вялікі Поўсвіж — вёска як вёска. З калгаснымі домікамі, заклапочаным працоўным людам, парай выпівох. Але варта ад’ехаць ад цэнтра, завярнуць да Васіля на аграсядзібу — і ў іншы свет трапляеш.

Яго калекцыю старых рэчаў можна дзень разглядаць, перабіраючы раскладзеныя па катэгорыях прадметы. Што, здавалася б, цікавага: от ляжыць дзесяць сякер.

Але адна будзе кавальскай работы, другая — фабрычная, стогадовай даўніны, трэцяя — цясло, а чацвертая — увогуле баявая: «на рыцара», полацкіх ці літоўскіх часоў.

Цмок — не лепельскі

Лепель з лёгкай рукі ці то Уладзіміра Караткевіча, ці то яго інтэрпрэтатараў зрабіўся сталіцай беларускіх цмокаў. На беразе ўспененага непагодай Лепельскага возера стаіць досыць сімпатычная выява гэтай істоты.

Хоць у рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Караткевіч ясна пісаў пра Сенненскія азёры, дзе тыя цмокі вадзіліся і выдахлі адпаведна.


***

Цмок і змей

Іх часам атаясамліваюць, але гэта розныя персанажы народнай дэманалогіі. Змей — тое, што на Захадзе завецца «васіліск», ён лётае і вывяргае агонь пры патрэбе. Цмок жыве ў вадзе, ён вялізны і лянівы, аднак можа ператварацца ў стройнага хлопца і круціць амуры з дзяўчатамі. Адзін такі хадзіў на сяло да сяброўкі, любіў спаць, галаву ёй на калені паклаўшы. Толькі прасіў пабудзіць, калі навальніца пачнецца. А яна раз забылася. Пярун яго і забіў.

Але добра, што разам з цмокам ды пышнай хвастатай русалкай у Лепелі паставілі і годны помнік Льву Сапегу. Славуты канцлер ВКЛ, стваральнік Статута, быў зусім не эфемерным гаспадаром гэтых ваколіц. Гэта ён перанёс Лепель на сённяшняе месца, заснаваўшы замак, царкву, касцёл, даў штуршок гандлю, які ўрэшце і робіць горад горадам.

А што ж цмок? Па ўсім гэтым краі спяваюць тысячу гадоў песню на даўні, як рассяленне індаеўрапейцаў, змеяборчы сюжэт, у якім і Персей, і Зігфрыд, і святы Юры:

Даўней жылі людзі
Не вералі ў Бога

Не вералі ў Бога
А вералі ў цмока

Прынасілі цмоку
Ў дзень па чалавеку…

Сляды старых багоў і старой веры ў гэтым краі відавочныя. Часам нават з’яўлялася ўражанне, што Пярун з Вялесам, як гейманаўскія Містэр Серада і Цень, вандруюць дзесьці побач з намі па полацкіх дарогах.

Царква правалілася

На выездзе з Лепеля блішчыць возера Святое, маленькае і круглае. Тут, згодна з легендай, правалілася пад зямлю царква. Звычайна такая пагалоска значыла, што гэта некалі было месца пакланення.

У такіх азёрах, святых ды заклятых, рыбу не ловяць. Іначай выцягнеш невад нячысцікаў, як пісаў Ян Баршчэўскі ў «Шляхціцу Завальні».

Калі ж «царква правалілася» не ў возеры, а на гары — там жалезна будзе праца для археолагаў. Па Полаччыне многа вёсак і ўрочышчаў, што завуцца Царковішчамі.

Але адкуль селянін, які не памятаў імёны продкаў далей за дзеда, мог ведаць, дзе тысячу год назад было гарадзішча?

«Усё проста, — тлумачыць Лобач. — Селянін жа бачыў, што на ўзгорку — чорная зямля з кавалкамі керамікі. Значыць, людзі жылі».

Легенды пра бяздонныя святыя азёры мала стасуюцца з іх рэальнай глыбінёй. І тут несправядліва пакрыўджаным выглядае возера Доўгае ў Глыбоцкім раёне, наглыбейшае ў Беларусі. Яно залівае расколіну тэктанічнай пліты і мае глыбіню 53,7 метра. У яго сцюдзёных нетрах ад часоў апошняга ледавіка водзіцца рэліктавы мікраскапічны рачок лімнакалянус, што прыблукаў сюды з Ледавітага акіяна.

Дача ў млыне

Міма Святога мы кіруемся ў Замошша. Замошшаў у Беларусі пара дзясяткаў, але толькі ў гэтым ёсць такія ўнікальныя могілкі.

Там, на часаных каменных крыжах па паўтоны вагой кожны і на прасцейшых помніках-камянях, высечаныя загадкавыя знакі. Крыжыкі, накрытыя зверху паўсферай, якія этнолагі ласкава называюць «парасоны».

Такія сімвалы характэрныя для тэрыторый, дзе жылі крывічы. Гэта не значыць, што жарнасекі ХІХ стагоддзя, якія часалі тыя каменныя глыбы-крыжы ды высякалі знакі, памяталі крывіцкія часы. Проста была такая традыцыя. Адкуль яна бралася і што значыла — страцілася з часам. Як страцілася значэнне арнаментаў на вышыванцы.

Падобныя «парасоны» Уладзімір Лобач заўважыў і ў пахавальнай традыцыі Балканаў, дзе на паўсферы над крыжам былі яшчэ выяўленыя зоркі. Выходзіць, гарызантальная папярэчына крыжа — зямная дарога, вертыкальная — пасмяротны шлях. У кропцы іх скрыжаванні ты знаходзішся. Зверху — купал неба. 

Паводле адной з версій, крывічы маглі прывандраваць у Беларусь якраз з Балканаў.

Яшчэ ў Замошшы ёсць стары млын. Ён, як большасць такіх збудаванняў, стаяў у руінах яшчэ ў 1990-я. Цяпер яго прыватызавалі і прадалі дачнікам.

Гаспадыня пускае нас усярэдзіну. Яна жыве тут усю цёплую траціну года і нават купаецца ў млынавым ставе ўлетку.

Надземнае памяшканне млына з густам прыстасавана пад жытло.

Але сілаў давесці да ладу яшчэ і падпол з парэшткамі зубчастых колаў і цягаў няма. Гаспадыня адна, дзеці ў Мінску. Муж, супрацоўнік КГБ СССР, літаральна не перажыў распад Саюза. Проста на ўчастку — археалагічная гара, на вяршыні якой гаспадыня сее агуркі.

Не самы горшы варыянт выкарыстання старога млына: за часам вандровак па краіне мы бачылі мноства іх, ператвораных у руіны. Ва ўсіх не зробіш музеі ды аграсядзібы: а так гэтыя сцены даюць прытулак чалавеку і спакой яго душы.

Замошша. Спуск чаўна на ваду.

Славук ужывую

Перад Вушачамі заязджаем на святую крыніцу каля вёскі Стаі. Знаходзім яе не з першага разу: адна з паваротак у лес, на якую мы спакусіліся, прыводзіць да калеістай разбітай лесавозамі дарогі. Разварочваемся на імшаніку.

Доўга ідзём лясной сцяжынай, нарэшце трапляем на горку, дзе раней стаяла царква. Сама крыніца цячэ ў вільготнай тарфяной нізіне. Над ёй зроблены буданчык.

Праз балаціну і пышную папараць да крыніцы ляжыць гаць з жэрдак. А вакол — як нячысцік прайшоўся. Елкі і бярозы павыварочвала, тырчаць угару чорныя вузлы карэння, аблепленыя балотнай зямлёй, нібы з ілюстрацый Валерыя Славука.


***

Валерый Славук

Беларускі мастак-графік з адметным стылем. Стваральнік каларытных ілюстрацый да «Шляхціца Завальні» Яна Баршчэўскага, у якіх спалучыўся беларускі каларыт і традыцыі Іероніма Босха. Пабачыўшы нячысцікаў Славука, не скора іх забудзешся.

Прычым пападалі дрэвы нядаўна: адна бяроза са свежым лісцем ляжыць проста на гаці, загарадзіўшы дарогу да крыніцы. Сцягнуць яе набок без сякеркі не ўдаецца.

На торфе карэнне ўглыб не ідзе, а разыходзіцца шырокім колам вакол ствала. Ветру лёгка зваліць такое дрэва.

Нават не верыцца, што на Іллю (2 жніўня) у гэтай пустэльні збіраецца гурма людзей. Тут здаўна адбываецца вялікі праваслаўны фэст, асвячаюць ваду, ад крыніцы нават цягнуць трубы, бо натоўп не можа праштурхнуцца да яе.


***

Пакланенне падземнай вадзе

Крыніцы ў народным уяўленні — гэта вока, якое глядзіць з іншага свету, ідэальна чыстае. Крынічная вада лічылася найлепшым сродкам ад хваробы вачэй.

Чужынцы ў курганах

Да часу, калі ў школах пачалі вывучаць нацыянальную гісторыю, беларусы не лічылі, што ў курганах пахаваныя іх продкі.

«Для сялян гэта былі «шведскія», «французскія», «галодныя» магілы. Бо пахаванне выглядала не так, як магілы памерлых родзічаў. Гэта важна для традыцыйнай культуры», — тлумачыць Уладзімір Лобач.

Хоць новыя цвінтары часта рабіліся проста на старых курганах. Як, напрыклад, пры ўездзе ў Вушачы. Тут спачывае і Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Будзеце паблізу — завітайце. Месца сілы, як пісаў Кастанеда.

Пляцык вакол магіл Барадуліна і яго маці замошчаны жорнамі, проста за спінай — вялікі стары курган.

Вушачы. Крывіцкі курган, упісаны ў інтэр’ер сучасных могілак.

Такое ўражанне, што традыцыя непрызнання сваімі «не такіх» пахаванняў жыве дагэтуль. Побач з акуратным неагатычным касцёлам Святога Лаўрына ва Ушачах вецер гайдае бадыллё на запушчаных каталіцкіх кладах.

Паваленыя гранітныя надгробкі, склепы, на якія пападалі старыя дрэвы… «Тут у большасці і сваякоў не засталося. А ў нас няма сілы даглядаць. Прасіў камунальшчыкаў, а яны кажуць — па дакументах тут могілак няма», — паціскае плячыма ксёндз.

Касцёл у Вушачах быў зачынены ў 1863-м, пасля здушэння паўстання Каліноўскага. Новы з’явіўся ў пачатку ХХ стагоддзя, калі імперская ўлада дазволіла каталікам зноў ставіць храмы.

Каталіцкая грамада тут сёння невялікая. Алтар касцёла ўпрыгожаны маем — маладымі траецкімі бярозкамі, што выклікае ва Уладзіміра Лобача ціхую ўсмешку.


***

Хрысціянства адаптавала многія паганскія традыцыі. Камяні-ахвярнікі рабіліся прошчамі, стоды замяняліся крыжамі, старыя багі — новымі святымі. Але і хрысціянства часам ішло на кампрамісы, асабліва праваслаўе: «У некаторых мясцінах сяляне маглі ўгаварыць якога талерантнага святара ды пакачаць яго ў жыце. Папы былі мажныя, сытыя — дакладная гарантыя ўрадлівасці», — расказвае Лобач.

Рака Ушача. 

Былі шведскія — сталі французскія

У дапісьменнай народнай культуры быў спосаб захоўваць інфармацыю пра незвычайныя падзеі, накшталт войнаў, хвароб-пошасцяў, прыходу заваёўнікаў. Каб запомніць татараў, шведаў ці французаў, трэба было звязаць іх з нейкім матэрыяльным аб’ектам паблізу. Звычайна магіламі чужынцаў называліся курганы, што спрадвеку былі каля вёскі. З часам з’яўлялася новая навала, памяць пра ранейшую адыходзіла, «шведскія магілы» ператвараліся ў «французскія»…

Маскоўскія нашэсці XVI і XVII стагоддзяў прынеслі Беларусі вялізныя страты і захавалі след на стагоддзі. Полацк пасля іх так і не ўзняўся ў былой сваёй велічы.

У Варонічах, на паўдарозе між Полацкам і Ушачамі, дрэмле памятка тых дзён. Тут у 1566-м, пасля захопу Полацка войскам цара Івана IV, полацкі гараднічы Фёдар Жук заклаў замак. Людзям, што сяліліся тут, была дадзеная воля на дванаццаць гадоў.

Вароніцкі замак стаў адным з фарпостаў ВКЛ, што бараніў віленскі напрамак. Ён высіўся над ракой Ушачай, на колішнім гарадзішчы днепра-дзвінскай культуры.

Загадкавыя былі тыя днепра-дзвінцы.

Часам гэты балцкі народ, які займаў паўночны ўсход Беларусі ад VIII cт. да н.э., атаясамліваюць з андрафагамі, якіх згадваў грэчаскі гісторык Герадот. Яны сяліліся на высокіх пагорках, займаліся прымітыўным земляробствам, гадавалі скаціну, але кармілі іх у асноўным лес і рака. Ніводнага пахавання днепра-дзвінскай культуры не было адшукана.

Андрафагі, дарэчы, па-нашаму — «людаеды».

Цягам IV—VII стагоддзяў нашай эры іх культура перарадзілася ў банцараўскую (паўплывалі прадстаўнікі культуры штрыхаванай керамікі з захаду і паўднёвай кіеўскай культуры, якія перасяляліся сюды, ратуючыся ад прыродных катаклізмаў, гунаў і готаў).

Большасць банцараўскіх гарадзішчаў была знішчана агнём у VII—VIII ст. — прыйшлі крывічы.

Задумляешся, колькі ж разоў за гісторыю мянялася антрапагеннае аблічча гэтай зямлі, лад і спосаб чалавечага жыцця на ёй.

Можна і не ўспамінаць даўнія плямёны: невідавочныя сляды пазаставаліся нават ад прышчэпаўскіх хутароў 1920-х, ад сядзібнай культуры ХІХ стагоддзя. Як у Жураўне з Праляскоўскай гарою, што за Ушачамі.

Тут толькі дубы нагадваюць пра колішні маёнтак. А яшчэ — ліпавая алея. На старых пнях часоў паноў Праляскоўскіх шуміць ужо трэцяе пакаленне дрэваў.

Лыжня з вараг у грэкі

Недаязджаючы да Полацка, звяртаем налева, каб пабачыць Дзісну.

Гэта мястэчка на Дзвіне з парай старых вуліц і напаўрэстаўраваным касцёлам некалі было заканадаўцам традыцый і стваральнікам іміджу беларускай «малочкі». У пачатку ХХ стагоддзя дзісенскае масла разыходзілася па ўсёй імперыі і экспартавалася нават у Англію на дзесяць тысяч рублёў золатам у год.

У крывіцкія ж часы Дзісна была адным з кантрольна-прапускных пунктаў на шляху да Полацка. Калі казаць глабальней, на шляху з вараг у грэкі.

Шлях быў адной з галоўных еўрапейскіх гандлёвых магістраляў ранняга сярэднявечча з усімі прыкметамі інфраструктуры вялікага бізнэс-трафіку: складамі, факторыямі, транспартам, наёмнай аховай, шукальнікамі здабычы… Крывічы-палачане, што селі на Дзвіне, кантралявалі свой адрэзак гэтага шляху.

Золата плыло, полацкі князь рабіўся багатым і магутным.

Недалёка ад упадзення Дзісенкі Дзвіна падзеленая надвое вялікім доўгім востравам. На ім і стаяла крэпасць палачан.

Дзвіна тут плыткая і парожыстая. З вады тырчаць валуны. Няўжо ў крывіцкія часы яна была глыбейшай настолькі, што дазваляла прайсці вялікім гружаным чаўнам і дракарам з дружынамі, ды яшчэ супраць плыні? Ёсць імавернасць, што шлях з вараг у грэкі тут быў… санным і функцыянаваў выключна ўзімку.

Купцы па лёдзе даходзілі да Полацка ці ўвогуле да вярхоўяў Дняпра, наймалі караблі і плылі ў далёкі Канстанцінопаль.

Навошта грошы вікінгу

Багацце Полацка стала яго крыжам.

Магдэбургскі горад, дзе археолагі знаходзяць ювелірныя майстэрні адну пры адной, дзе шараговыя купцы выпраўлялі дзяцей вучыцца ў Кракаў і Падую (успомнім Францыска С.) — меў у XVI стагоддзі адно драўляныя ўмацаванні. Чаму? Мо таму, што ўсе грошы круціліся ў бізнэсе, не было і думкі, што ёсць вораг, ад якога нельга будзе адкупіцца звыш меры накладных выдаткаў і запланаваных рызык…

Пра тое, што палачане і госці сталіцы былі ад ранняга сярэднявечча багатыя на грошы, сведчаць і скарбы, шчодра пазакопваныя ў наваколлі. Колькі іх яшчэ не знойдзена!

У вікінгаў, якія ігралі тут першыя ролі, увогуле было спецыфічнае стаўленне да багацця. Мала хто прыхоўваў яго, каб адкапаць пры жыцці і карыстацца. Дый пры тагачасным узроўні вытворчасці, што на тое золата можна было купіць? Хіба наняць дружыну галаварэзаў і здабыць яшчэ больш золата…

Нарабаваныя і заробленыя цяжкай працай кантрактніка манеты ды ўпрыгожванні ішлі ў зямлю як своеасаблівы дэпазіт перад багамі.

Чым больш каштоўнасцяў схаваеш, тым большая будзе табе ўдача. Апроч таго, скандынавы верылі, што закапанае ў розных месцах золата прыдасца на тым свеце, у Вальгале. У магілу каштоўнасцяў зазвычай не клалі, каб рабаўнікі не трывожылі.

Полацкія скарбы

І тыя варажскія ды крывіцкія скарбы выходзяць наверх у нечаканых месцах. Неяк тэхнічка на полацкім стадыёне «Спартак» раўняла футбольны газон і знайшла дзіўныя прадметы, старыя з выгляду. Яны валяліся ў бытоўцы, пакуль хтосьці не параіў аднесці ў музей. Там за галаву схапіліся: залатыя ўпрыгожанні Х стагоддзя!

Стадыён «Спартак» сёння.

І самы вялікі ўвогуле скарб у Беларусі знайшоўся пад Полацкам, каля вёскі Казьянкі — сем з паловай тысяч арабскіх дырхемаў, дваццаць кілаграмаў срэбра, загорнутых у бяросту.

Арабскія дырхемы ў раннім сярэднявеччы былі ва Усходняй Еўропе нечым накшталт даляраў. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што казьянкаўскі скарб — гэта казна Полацкага княства, выкрадзеная і прыхаваная невядомымі рабаўнікамі.

Галандскі талер XVIІ стагоддзя, знойдзены ў полацкай зямлі. Полацк меў гандлёвыя сувязі з усёй Еўропай.

Полацк яшчэ раскопваць і раскопваць. Таямніцы нашай першай сталіцы ляжаць на двухметровай глыбіні ў дварах панэльных пяціпавярховікаў, у гародчыках прыватнага сектара, пад пліткай і асфальтам цэнтральных вуліц.

Мы не ведаем нават, дзе пахаваны Усяслаў Чарадзей, яго бацька Брачыслаў Ізяслававіч, іншыя слаўныя князі полацкай дынастыі.

На полацкім замчышчы спакойна летнім вечарам. Схлынулі турыстычныя групы. Цяністыя старыя таполі цягнуцца каранямі ў Рагвалодаў час. Дзвіна з Палатою бясконца выносяць з мулам аскепкі керамікі, дрэва, цэглы, чорныя косткі.

Суток Дзвіны і Палаты.

На кручы над імі — Сафія, наша Палярная зорка. Нібыта і не самая яркая, і не ў цэнтры неба, але вакол яе круцяцца ўсе сузор'і беларускай гісторыі.

Побач на пляцоўцы стаіць выцягнуты з Дзвіны Барысаў камень — валун, шанаваны мясцовым людам задоўга да таго, як адзін з Усяслававых сыноў у ХІІ стагоддзі выбіў на ім крыж з малітоўным зваротам. Побач шпацыруюць два камерсанты, старэйшы ў летнім пінжаку і белых туфлях вядзе па мабільным звычайныя бізнэсовыя размовы пра куплю-продаж. Не перапыняючы гутаркі, яны падыходзяць да каменя і тройчы абыходзяць яго, кранаючыся рукой. Ішоў 1030 год хрысціянства…


***

Сафійскі сабор

у Полацку быў збудаваны ў ХІ ст., у часы Усяслава Чарадзея. Узвядзеннем Сафіі князь падкрэсліваў незалежнасць і роўнасць з Ноўгарадам ды Кіевам, у якіх таксама былі Сафіі. У часе Паўночнай вайны храм быў узарваны, адноўлены ў барокавым стылі. Але ніжні ярус сцен захаваўся ад ХІ стагоддзя.

Грамы

У каларытным полацкім перадмесці Грамы разглядаем ліштвы са змяістым узорам.

На ўскрайку Грамоў — Валовая азярына.


***

Азярына

Так на беларускай Поўначы называюць невялікае круглае возера. А возера, у сваю чаргу, называюць азяром.

Валовай азярына завецца не ў гонар буйной рагатай жывёлы, а, магчыма, ад таго ж кораня, што і імя «Вялес», лічыць Уладзімір Лобач. Тут, паводле Яна Баршчэўскага, у дахрысціянскія часы было капішча Перуна (у назве Грамы лёгка заўважаецца яго след) і чамусьці Бабы Ягі. Спыняліся тут і яе паслядоўнікі: напрыклад, каля Валовай азярыны стаяў маскоўскі цар Іван Жахлівы, штурмуючы Полацк.

Заняўшы горад, паводле мясцовай легенды, цар загадаў патапіць у азярыне полацкіх яўрэяў і манахаў-бернардынаў.

«Тут сталі ў 12-м сцяной…»

«…каб не прайшоў на поўнач Удзіно», — пісаў малады Уладзімір Караткевіч. З Полацка мы выязджаем у бок Расонаў, міма Гамзялёва з катэджамі, кортамі і гольфавымі палямі супрацоўнікаў «Нафтана».

У 1812-м уся тэрыторыя між Полацкам, Чашнікамі, Расонамі была полем вялізнай сечы паміж напалеонаўскімі корпусамі Удзіно і Макдональда ды рускім корпусам Вітгенштэйна. З абодвух бакоў у супрацьстаянні ўдзельнічала 45 тысяч чалавек. Больш як чатырнаццаць тысяч засталося ў полацкай зямлі.

Напалеон даручыў Удзіно стратэгічную задачу: узяць Санкт-Пецярбург, сталіцу Расійскай імперыі. Цікавы быў бы для Беларусі паварот, каб гэта ўдалося. Французскі імператар абяцаў, напрыклад, у выпадку перамогі аднавіць Вялікае Княства Літоўскае.

Але пад Клясціцамі французы былі разбітыя.

Напярэдадні ў сутычцы каля ракі Дрысы загінуў адзін з герояў 1812-га, расійскі генерал-маёр Якаў Кульнёў, камандзір Гродзенскага гусарскага палка.

Паводле афіцыйнай версіі, яму непрыяцельскім ядром адарвала ногі, альтэрнатыўная версія амаль чапаеўская. Нібыта Кульнёў неабачліва размясціўся з атрадам недалёка ад непрыяцеля. Французы напалі ўначы, нецвярозы Кульнёў спрабаваў арганізаваць прарыў і атрымаў смяротную рану ў шыю…

У вобразе героя савецкіх анекдотаў паручніка Ржэўскага было штосьці і ад Кульнёва — гусара, халасцяка, ваякі і дзівака.

На месцы яго гібелі (цела перапахавалі ў маёнтку сваякоў у Латвіі) ад царскіх часоў стаіць помнік-кенатаф.

Дарога да яго ідзе праз свежыя лесапасадкі. Зямля тут як пабітая воспай: уся ў малых ямках. І часцей за зайца ці касулю спаткаеш чалавека з металашукальнікам. Гузікі, кукарды, спражкі, кулі — усё гэта ляжыць проста пад мохам і магнітам вабіць калекцыянераў, хоць такія росшукі і забароненыя.

Высокі бераг Дрысы. За ім — месца бітвы рускіх з французамі.

Бліжняя вёска нават перайменаваная ў гонар Кульнёва. А раней дачнае Кульнева звалася Царквішчам.

Кульнева. Перасоўная пасека.

Лазня ў Кульневе. Наяўнасць лазні ў дварышчы — пазнака арэалу рассялення крывічоў.

Згодна з легендай, на мясцовай гары, што на сутоку рэк Дрысы і Нішчы, праваліліся пад зямлю аж сем цэркваў.

Нішчу спрабуюць загарадзіць бабры.

Месца дазваляе: гара доўгая і цягнецца грэбенем уздоўж рэчышча за сотню метраў. Гэта ледавіковы оз.


***

Озы

Доўгія стромыя ўзгоркі, характэрныя для паўночнай Беларусі. Утварыліся падчас таяння апошняга ледавіка, каля 14 тысяч год таму з галькі, гравію і пяску, што нанеслі талыя воды, прабіваючы тунэлі ў нетрах ледавіка.

У дагістарычныя часы на гары жылі ўжо знаёмыя нам днепра-дзвінцы. А ў XVI стагоддзі каля яе ўзножжа разыграліся трагічныя падзеі.

Тут стаяла маскоўская крэпасць Сокал, у якой замацаваўся элітны атрад «дзяцей баярскіх», які спяшаўся на дапамогу сваім у абложаны Стэфанам Баторыем Полацк, але не паспеў. Маскавітаў выбівалі наёмныя нямецкія ландскнехты і польскія атрады. Ім удалося запаліць драўляныя сцены распаленымі ядрамі.

Калі маскавіты адчынілі вароты, ратуючыся ад пажару, у Сокал уварваліся 500 ландскнехтаў. Нечакана вароты за імі зачыніліся як пастка і пачалася разня.

Пакуль таварышы здолелі выламаць браму, усе немцы пагінулі. Помста была жахлівай: палонных не бралі, забілі нават ваяводу Барыса Шэіна, за якога можна было атрымаць добры выкуп.

Камандзір ландскнехтаў, суровы нямецкі палкоўнік Вейхер згадваў пасля, што нідзе болей не бачыў такой колькасці трупаў.

Забітых маскоўцаў пахавалі каля ўзножжа гары-царквішча. Ландскнехтаў — наверсе.

Грэбень ледавіковага оза, зарослы лістаўным лесам.

Нядаўна тут працавалі археолагі: на свежай зямлі пад нагамі — абломак выбеленай часам губчатай костачкі.

На месцы самой крэпасці роўнае поле, трава ў калена. Узімку яшчэ бачныя круглыя ўзвышэнні там, дзе стаялі вежы. А вакол — лістаўны лес: дзіва для хвойна-яловай Паўночнай Беларусі.

Скрозь растуць ліпы і дубы, прычым многім не адна сотня гадоў. Мы знаходзім волата з расколатай і выпаленай сярэдзінай, у якую можа зайсці як у пакой дарослы чалавек. 

Дзіва — гэты дуб, які калі не маскоўцаў, дык французаў дакладна помніць, жыве і зелянее. У выпаленай сярэдзіне будуюць сваю Беларусь лясныя мурашкі.

Пад самымі Клясціцамі, што далей на поўнач па расонскай дарозе, ляжыць возера Велье з тым самым вялесавым коранем у назве. Тут, згодна з легендай, на вадзе з'яўляюцца сляды Божай Маці.

Валатоўкі.


***

Волат

Гэтае слова прыдумаў гісторык, палітык, адзін з выдаўцоў «Нашай Нівы» пачатку ХХ стагоддзя Вацлаў Ластоўскі. Прычым слова «валатоўкі» — было, а «волат» — не. Але яно так удала прыжылося, што ў акадэмічна выдаваных народных казках асілкаў, багатыроў і веліканаў спрэс пазамянялі на волатаў.

Нешчарда — азяро сярдзітае

Чым бліжэй да Расонаў, тым гусцей абступаюць дарогу сасоннік і кустаўё. За Расонамі гэта суцэльная сцяна. «У лесе як у Маскве — семдзесят дарог, і ўсе я знаю. А ў горадзе блукаю», — казаў адзін стары з гэтых мясцінаў.

Пры ўсіх навалах, акупацыях і вызваленнях лес быў прытулкам для мясцовых людзей, у ім можна было перачакаць ліхую пару, захаваўшы родных і маёмасць.

От няма нідзе помніка беларускаму лесу.

Будзеце ў Расонах — паглядзіце неагатычную сядзібу пана Глазкі.

Пры беразе вялікага возера Нешчарда ляжаць Мурагі, вёска, у якой нарадзіўся Ян Баршчэўскі, аўтар «Шляхціца Завальні». Яго асобу нельга абысці, калі гаворыш пра Полаччыну, яе мінулае.

Дзякуючы гэтаму равесніку Адама Міцкевіча і Тараса Шаўчэнкі захаваліся ў памяці многія народныя легенды, згадкі пра крывіцкую яшчэ старажытнасць. І з Міцкевічам, і з Шаўчэнкам ён, дарэчы, сябраваў. І Міцкевіч, нібыта, нават правіў некаторыя вершы Яна…

У Мурагах застаўся апошні прыродны жыхар — 78-гадовая Антонаўна. Пра Баршчэўскага яна, вядомая рэч, ад старэйшых нічога не чула. «Ён жа жыў дзвесце гадоў назад!» — рэзонна заўважае Антонаўна.

Звесткі пра славутых землякоў даходзяць да вяскоўцаў рэхам, ад гарадскіх людзей, якія едуць сюды пакланіцца.

Тым больш на ўездзе ў вёску, на ўзгорку, стаіць памятны камень з партрэтам Баршчэўскага.

На тым месцы раней была царква, у якой служыў бацька Яна, уніяцкі святар. Але дзе стаяў сам фальварак Мурагі, прататып сядзібы старога Завальні?

Можа, на роўнай каровінай пашы, высака ўзнятай над заходнім берагам Нешчарды?

Мясцовыя краты выгортваюць там падазрона чорную зямлю. Дый ліхтар у акне адсюль добра быў бы відаць падарожным, што ў зімовую ноч ехалі санямі па лёдзе замерзлага возера…

«Нешчарда — азяро сярдзітае, раней людзі кожны год тапіліся», — кажа Антонаўна, нібыта перасцерагаючы ад купання.

Перавоз

Апошні пункт нашага падарожжа праз крывіцкую зямлю — вёска Перавоз з гарой Рагвалода і Рагнеды. Зусім было б сімвалічна, каб Рагвалод і Рагнеда бывалі там. Але ўсё выдае на тое, што гэтую назву прыдумаў рамантык у ХІХ стагоддзі. Старажылы ж называюць тое ўзвышша Царкавішчам.

Перавоз стаіць на самым ускрайку Беларусі. Далей сканчаецца дарога і да Расіі можна пешкі дайсці.

У Перавоз трэба ехаць праз пляжна-адпачынковае ўзбярэжжа возера Валоба і чысты сасоннік з крывіцкімі курганамі.

Ёсць высокія, добра заўважныя ў роўных шэрагах лесапасадак, ёсць доўгія, у якіх ляжыць некалькі пакаленняў крывічоў. Некаторыя папсаваныя ямамі капальнікаў.

Капальніцтва гэта народнае існуе столькі, колькі жыве побач з курганамі чалавек. У асноўным церпяць вялікія валатоўкі.

Бо вясковыя «археолагі» разважалі так: чым большы курган, тым багацейшы там нябожчык ляжыць, тым болей шанцаў адкапаць золата.

Тым часам велічыня кургана — паказчык не багацця, а старажытнасці. Вялікія курганы ранейшыя, бо людзі жылі большымі сем’ямі-калектывамі, болей было працоўных рук, калі даходзіла справа да насыпання курганоў.

А знойдзеш у ім той самы гаршчэчак з прахам…

У Перавозе трывалы драўляны мост з бярвеннямі-быкамі, каб лёд ламаць. Такіх мастоў нямнога засталося.

Руху няма: можна стаяць, любуючыся нязменным з крывіцкіх часоў возерам Дрысай і Рагнедзінай гарою, што мысам уразаецца ў яе. Для пейзажу, як для космасу, часу не існуе. Як не існуе яго для кургана, каменя, крыніцы. Праз іх можна перагукацца з крывічамі скрозь тысячагоддзі.

ТАА «Аўтацэнтр «Атлант-М Баравая» УНП 691786523

Андрэй Скурко, фота Сяргея Гудзіліна