Мутная гісторыя. Ці прыязджаў прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан у Беларусь? Разбіраемся
07.06.2018 / 12:27
У Брэсце 6 чэрвеня адбыўся таварыскім матч паміж нацыянальнымі камандамі Беларусі і Венгрыі. Па звестках сайта pressball.by, у Беларусь на гульню прыляцеў прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан.
Віктар Орбан. Фота «Голас Амерыкі».
Афіцыйна пра гэты візіт нідзе не паведамлялася. Орбан не пісаў пра паездку ў сваіх сацыяльных сетках, няма ніводнага фотаздымка кіраўніка Венгрыі ў Беларусі. Не чуваць было, каб Орбан сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнка ці з кімсьці з іншых высокапастаўленых чыноўнікаў.
У пасольстве Венгрыі ў Беларусі нам сказалі: «Ні абвергнуць, ні пацвердзіць гэтую інфармацыю мы не можам». Слова ў слова такі самы каментар даў выканаўца абавязкаў прэс-сакратара МЗС Андрэй Шупляк.
У Венгрыі ёсць ганаровае консульства ў Брэсце. У гэтым горадзе і адбывалася гульня. Нам удалося звязацца з Уладзімірам Куляшовым, які з’яўляецца памочнікам консула і адначасова намеснікам дырэктара па агульных пытаннях «Санта-Брэмар».
«Пасол Вілмаш Сіклавары прысутнічаў. Орбана чакалі, але яго не было. Прынамсі пасол быў адзін, я з ім гутарыў. Быў таксама гандлёвы прадстаўнік. У любым выпадку ў нас няма пацверджання, што прэм’ер-міністр Венгрыі быў на гульні», — сказаў спадар Куляшоў.
Адзіны, хто пацвярджае візіт Віктара Орбана на гульню ў Брэст, — прадстаўнік Беларускай федэрацыі футбола Дзмітрый Герчыкаў. «Так, Орбан быў на матчы, гэта вядомы факт і гэта дакладна», — сказаў Герчыкаў.
Сама гульня скончылася з лікам 1:1, але беларусы мелі істотную перавагу.
Віктар Орбан — адзін з самых харызматычных кіраўнікоў сённяшняй Еўропы. У Венгрыі ён карыстаецца вялікай падтрымкай, часам яго абвінавачваюць у аўтарытарных замашках.