Ці можна адбяліць зубы танна, што рабіць з «канаўкамі» ўздоўж дзяснаў, ці набываць пасту з фторам — папулярна тлумачыць стаматолаг

Мы далі магчымасць кожнаму праз каментары задаць любое пытанне, звязанае са здароўем поласці рота. Сёння на іх адказвае доктар-стаматолаг, кандыдат медыцынскіх навук, дырэктар клінікі «Інтэлектуальная стаматалогія» Марына Цімашэнка.

26.05.2018 / 19:56

У клініцы «Інтэлектуальная стаматалогія»

Зазначым, што падобныя і блізкія па тэматыцы пытанні мы аб’ядналі.

breakidz: У мяне павышаная адчувальнасць зубоў. На некаторых зубах нават ёсць «канаўкі» ўздоўж мяжы дзяснаў. Што з гэтым рабіць?

МЦ: Прычына — частае кіслае асяроддзе ў роце (фрэшы, сокі, садавіна і чыстка зубоў пасля гэтага, асабліва гарызантальныя рухі). Выйсце — запіваць сокі глытком вады ці прапалоскваць рот, не чысціць зубы адразу пасля прыняцця такіх прадуктаў, прыйсці да стаматолага і закрыць канаўкі, якія з'явіліся, адмысловым лакам або пломбай. Варта паспрабаваць пасты для адчувальных зубоў і ні ў якім разе не выкарыстоўваць пасты для адбельвання.

Вось: Калі зуб разбураны, але не баліць, ці варта яго выдаляць?

МЦ: Неабходна ацаніць ступень разбурэння і магчымасці палячыць ачаг інфекцыі ў косці, пасля гэтага прымаць рашэнне аб выдаленні. Існуюць спосабы захаваць праблемны зуб, хірургічным шляхам выдаліўшы праблемную зону, то бок высячы корань, які не паддаецца лячэнню. Такія аперацыі называюцца зубазахавальнымі, прымяняюцца неапраўдана рэдка. Мой клінічны досвед паказвае высокую эфектыўнасць пратэзавання такіх зубоў.

Аматар бландынак: Гадоў 30 таму быў шырокі анонс лазернай стаматалагічнай бормашыны: лячэнне зубоў без болю, без пахаў, без вібрацый. Аднак у Беларусі я так і не ўбачыў лазера ў кабінетах, у тым ліку і ў платных. Чаму так? Няўжо лазер аказаўся шкодным, ці ў нас стаматолагі проста не ўмеюць працаваць на такім абсталяванні?

МЦ: Лазер для прэпаравання (свідравання) зубоў не можа забяспечыць дастаткова вялікі аб'ём умяшання, удаецца працаваць толькі з маленькімі поласцямі. Лазер знайшоў прымяненне ў іншых галінах стаматалогіі: з яго дапамогай праводзяць дэзынфекцыю ў канале кораня зуба, працуюць са слізістай, ужываюць для лячэння захворванняў перыядонту і, вядома, актыўна адбельваюць зубы. Не апошняй з прычын рэдкага выкарыстання лазера з'яўляецца грашовае пытанне. Абсталяванне вельмі дарагое, гэта адбіваецца на цане паслугі, а фактычна якасна і бязбольна прэпараваць зуб можна пры дапамозе сучасных высакахуткасных стаматалагічных наканечнікаў з астуджэннем і падсветкай.

Валер: У мяне зламаныя два пярэднія зубы, і на іх стаяць пломбы. Яны трохі стачыліся з часам. Ці мае сэнс іх мяняць? Ці шкодныя для зубоў пломбы, якія стачыліся, але не цалкам?

МЦ: Звычайна ў падобнай сітуацыі пацыентаў турбуе пытанне эстэтыкі. Аднак, акрамя прыгажосці, у такой сітуацыі можа пацярпець і функцыя адкусвання: зубы горш змыкаюцца, пачынаецца сустрэчнае перасоўванне процілеглых зубоў, змяняецца характар змыкання сківіц. Вядома, арганізм кампенсуе гэта, і пацыент прывыкае да зменаў у прыкусе. Такая сітуацыя можа адбівацца на ніжнясківічным суставе, можа з'явіцца зрушэнне ніжняй сківіцы, шчаўчок пры адкрыванні рота. Варта, на мой погляд, ацаніць сур'ёзнасць канкрэтнай сітуацыі і прыняць рашэнне аб замене пломбаў.

Valle: Мне 37 гадоў. Стаматолаг сказаў, што ў мяне ёсць малочны зуб. Ці можа такое быць і што з ім у такім выпадку рабіць?

МЦ: Так, такое здараецца, і нярэдка. Як правіла, малочныя зубы не выпадаюць, калі ў сківіцы няма закладкі пастаяннага зуба, альбо зародак зуба дыстапіраваны (знаходзіцца ў іншым участку сківіцы). Пры гэтым не адбываецца рассмоктвання каранёў малочнага зуба і ён не выпадае. Сам факт наяўнасці малочнага зуба ў пастаянным прыкусе лячэння не патрабуе, аднак, калі ўзнікаюць эстэтычныя пажаданні, магчымыя розныя спосабы выпраўлення: ад карэкцыі пры дапамозе фотапалімерных вініраў да хірургічнага ўмяшання і артадантычнага выцяжэння непрарэзанага зуба.

Васіль Астрэйка: Як праверыць, ці сапраўды трэба мяняць пломбу, як кажа доктар? Помніцца журналісцкі матэрыял, дзе сем розных стаматолагаў рэкамендавалі лячыць розную колькасць зубоў.

МЦ: Самастойна пацыент не зможа ацаніць цалкам якасць пломбы, паколькі бачыць не ўсю яе паверхню. Самому складана ацаніць і наяўнасць краявых шчылін, дэфектаў, якасць аклюзіённых кантактаў.

Аднак будзе карысна ведаць шэраг параметраў, якім павінны адпавядаць пломбы, і мець магчымасць задаць адпаведныя пытанні доктару.

Добрая пломба павінна цалкам аднаўляць форму і колер зуба, не мець паверхневых дэфектаў і прафарбоўвання па краях прылягання да тканак зуба. Краёвыя дэфекты — галоўная прыкмета негерметычнасці пломбы, гэта значыць, што карыесагенныя мікробы могуць пракрадацца па краёвай шчыліне і далей незаўважна разбураць зуб. Неадпаведнасць анатамічнай форме — галоўны вінаваты захрасання ежы паміж зубамі, а значыць — развіцця карыесу ў вобласці кантактаў суседніх зубоў і запалення дзясны. Калі такія дэфекты выяўляюцца, пломба лічыцца нядобрай, і лекар мае права рэкамендаваць яе замену. Пераканаўчым доказам замены пломбы павінен стаць факт захрасання ежы, абрыву зубной ніткі, з'яўленне непрыемнага паху.

Што тычыцца адрозненняў у дыягностыцы карыесу рознымі дактарамі, то карыёзны працэс — гэта паступовая дэмінералізація эмалі і дэнціну, фактычна — растварэнне мінеральнай асновы зуба, якое мае шэраг стадый. Асноўны метад дыягностыкі карыесу — візуальны агляд, пры якім лекар абапіраецца на ўласны клінічны досвед і робіць уласны клінічны прагноз для спрэчнага зуба. Аднак існуюць і дадатковыя метады дыягностыкі (прыкусная рэнтгенаграфія, люмінесцэнцыя і лазерная флюарэсцэнцыя), якія дазваляюць дакладней ацэньваць стан зуба ў спрэчных выпадках.

Задача лекара пры дыягностыцы — вызначыць ступень паражэння ў гэты момант і спрагназаваць развіццё працэсу для канкрэтнага пацыента ў залежнасці ад узроўню гігіены і колькасці ўжо лечаных зубоў. На падставе гэтых дадзеных пацыент сам мае права пагадзіцца ці адмовіцца ад лячэння. А наогул, мы гаворым пра давер да лекара. Нават у стагоддзе «лічбы» поспех лячэння па-ранейшаму шмат у чым залежыць ад даверу пацыента. Выберыце доктара, якому давяраеце, і дазвольце яму паклапаціцца пра ваша здароўе.

Дырэктар «Інтэлектуальнай стаматалогіі» Марына Цімашэнка

Мікола: Ці шкодзіць эмалі зуба ультрагукавое выдаленне камянёў. Ці ёсць якія-небудзь парады па харчаванні для ўмацавання эмалі?

МЦ: На эмаль сфармаваных і прарэзаных зубоў аказваюць уплыў толькі фактары, якія дзейнічаюць з боку паражніны рота. Пранікненне кальцыю ў тканку зуба са з'едзенага дарослым тварагу ў літаратуры не апісана. А вось негатыўных уплываў на эмаль з боку прадуктаў хоць адбаўляй: гэта лёгказасваяльныя вугляводы, прыліплыя да паверхні зуба, газаваныя салодкія напоі, якія раствараюць эмаль, і, вядома, фарбавальнікі, асабліва тытунёвы дым і вейпінг. Ультрагукавая апрацоўка праводзіцца для выдалення зубнога каменю і бяспечная для эмалі, безумоўна, пры правільным ужыванні.

Беларус: Яшчэ падчас школьных гадоў сын адбіў сабе кавалак пярэдняга зуба. З цягам часу траўмаваны зуб пацямнеў. Цяпер сыну 21 год. Што рабіць, каб пазбавіцца ад такой непрывабнасці? Якая найбольш сучасная і надзейная методыка нарошчвання адколатага жывога зуба даступная сёння ў Беларусі?

МЦ: На жаль, калі зуб пацямнеў, то казаць пра жывы зуб ужо не выпадае. Безумоўна, спатрэбіцца рэнтген, і добра было б правесці электраадонтадыягностыку для вызначэння жыццяздольнасці зуба. Ёсць некалькі спосабаў аднаўлення. Першы, самы хуткі і цалкам эстэтычны, — гэта пломбы з сучаснага фотапалімеру, магчыма, з папярэднім унутрыканальным адбельваннем зуба. Але гэты метад можа падысці, калі захаваўся вялікі аб'ём сценак зуба, яны без расколін і не занадта вытанчыліся. Калі пашкоджанні сценак значна большыя, то аптымальным будзе выраб керамічнага вініра. Гэта больш дарагая працэдура, праводзіцца яна ў некалькі наведванняў, але дазваляе дасягнуць вельмі высокай эстэтыкі надоўга. Дарэчы, керамічны вінір можа быць выраблены і на жывы зуб з невялікімі пашкоджаннямі.

Андрушка: Ці можна рэальна адбяліць зубы надоўга за не вельмі вялікія грошы?

МЦ: Хоць адбельванне зубоў — гэта не лячэбная, а касметычная працэдура, усё ж такі, па маім глыбокім перакананні, неабходна папярэдне атрымаць кансультацыю доктара. Вы ж збіраецеся аказаць хімічнае ўздзеянне, часам разам з фізічным, на жывы чалавечы орган — зуб.

Безумоўна, найбольшага эфекту ўдаецца дамагчыся прафесійным адбельваннем у крэсле стаматолага (фота або лазерным), далей ідуць працэдуры адбельвання ў касметычных салонах, але ў такім выпадку вамі займаецца не лекар і нават не медыцынская сястра, а персанал салона прыгажосці, пры гэтым кошт такіх працэдур ненашмат таннейшы за офіснае стаматалагічнае адбельванне. Існуюць таксама працэдуры хатняга адбельвання: ад індывідуальных кап з адмысловымі сродкамі да паст з эфектам адбельвання, алоўкаў, палосак і г.д. За эфектыўнасць гэтых працэдур ніхто не адказвае, але і кошт іх невялікі.

Як доўга захаваецца эфект адбельвання, залежыць і ад метаду адбельвання, і ад догляду ўжо адбеленых зубоў.

У нашай клініцы гэтае пытанне мы вырашаем спалучэннем метадаў офіснага адбельвання і хатнімі працэдурамі для падтрымання эфекту.

НВ: Пасля праблем з сэрцам захісталіся і выпалі зубы. Ці можна выдаліць тыя шэсць зубоў, што засталіся, за адно наведванне доктара?

МЦ: Такое пытанне, безумоўна, будзе вырашаць хірург. Вядома, рашэнне можа залежаць ад вашага агульнага стану здароўя, але ў цэлым гэта магчыма. На мой погляд, лепш звярнуцца па дапамогу ў хірургічны стацыянар: у Мінску гэта 11-я гарадская клінічная бальніца, аддзяленне сківічна-тварнай хірургіі. Ваш стаматолаг можа напісаць для вас накіраванне.

Андрэй: Якія каронкі цяпер лепш ставіць на верхнія жавальныя зубы?

МЦ: Вядома, канкрэтная клінічная сітуацыя можа паўплываць на выбар віда канструкцыі. Усе сучасныя каронкі шчыльна прылягаюць да куксы зуба без утварэння зазораў. А вось эстэтыка ў іх розная: цэльнакерамічныя, безумоўна, наперадзе, вельмі высокай эстэтыкі можна дамагчыся з металакерамічнымі, а адліваныя металічныя каронкі — гэта серабрысты колер паліраванага металу. Цэнавыя катэгорыі размяркоўваюцца так: у топе — цэльнакерамічныя, разумныя суадносіны кошту-якасці — гэта металакераміка, эканамічны варыянт — суцэльналітыя металічныя.

Пратэзаванне: Ці ёсць іншыя магчымасці пратэзавання, акрамя імплантацыі?

МЦ: Вядома, аднавіць зуб можна цэлым шэрагам спосабаў, акрамя выдалення і імплантацыі. Па-першае, калі корань зуба захаваны і добра загоены, то можна вырабіць штыфт з апорай на корань і надзець штучную каронку. У зубах з некалькімі каранямі магчыма таксама выдаліць той з каранёў, які не паддаецца пералечванню, і зрабіць апорай пакінуты «добры» корань. З уласнага досведу скажу, што гэтыя аперацыі па захоўванні зуба і пратэзаванне на такіх апераваных зубах дае эфектыўныя вынікі ў 91% выпадкаў.

У сітуацыі, калі адзін зуб адсутнічае, таксама існуе маса варыянтаў: ад адгезіўных пратэзаў, пры якіх ствараюць адсутны зуб з кампазіту і фіксуюць да суседніх шкловалакном. Такія канструкцыі захоўваюцца ад 5 і больш гадоў, яны ствараюцца за адно наведванне, лёгка паддаюцца рамонту. Акрамя таго, магчыма вырабіць мост з апорай не толькі на цэлы суседні зуб, але і на больш захаваныя тканкі суседняга зуба ўкладкі. Нарэшце, існуюць здымныя пратэзы невялікай працягласці, на адзін-два адсутныя зубы, якія не патрабуюць «абточвання» суседніх зубоў.

Юрась: Адны навукоўцы кажуць, што фтор проста неабходны для здаровых зубоў і што трэба піць фтарыраваную ваду. Іншыя лічаць, што ён шкодны для арганізма чалавека і трэба выкарыстоўваць зубныя пасты без фтору. Дык дзе праўда?

МЦ: Фтор, як любы мікраэлемент, неабходны нашаму арганізму для цэлага шэрагу біяхімічных працэсаў, а таксама для фарміравання карыесрэзістэнтнасці эмалі. Зубы фарміруюцца ўнутрычэраўна і ў першыя 6 гадоў жыцця. У гэты перыяд у фтору, які паступае з вадой, ежай і паветрам, ёсць шанец убудавацца ў эмаль і ўмацаваць яе. Далей фтор можа ўздзейнічаць на эмаль толькі ў момант чысткі зуба або нанясення спецыяльных прэпаратаў стаматолагам, пакуль сліна не змые яго. Гэта значыць, фтор працуе толькі ў паверхневым пласце і можа павярнуць назад пачатае разбурэнне зуба.

У Беларусі канцэнтрацыя фтору ў вадзе — яго галоўнай крыніцы — у 10 разоў ніжэйшая за норму. Мы хранічна недаатрымліваем фтор, як і ёд. Таму цяжарным жанчынам і дзецям да шасці гадоў неабходна паступленне фтору ўнутр. Астатнім — хоць бы звонку, з пасты.

Часта мы купляем соль, абагачаную ёдам, а яшчэ 5 гадоў таму Мазырскі камбінат выпускаў і фтараваную соль, пакуль працавала Нацыянальная праграма прафілактыкі карыесу і хвароб перыядонту.

Што тычыцца таксічнага ўздзеяння фтору, то яшчэ Парацэльс казаў, што ўсё ёсць атрута і ўсё ёсць лекі, справа толькі ў дозе. Так, існуе стан залішняга назапашвання фтору ў тканках зуба, але такія паражэнні апісаны ў мясцовасцях з залішнім утрыманнем фтору ў вадзе. Беларусі гэта не пагражае.

Выснова: прадукты «фтор-free» — не для беларускіх зубоў.

Света: Чаму часта (раз на 2—3 месяцы) з'яўляецца стаматыт? Як яго лячыць? Як зрабіць, каб ён не так часта з'яўляўся?

МЦ: Прычынамі могуць быць стан слізістай страўніка (г.зв. хранічны рэцыдыўны афтозны стаматыт), а таксама часта рэцыдыўны герпес, не абавязкова на вуснах. У любым выпадку пры з'яўленні паражэнняў на слізістай трэба ўжываць антысептык ад хлоргексідыну, септамірыну да звычайных рамонкаў. На ранкі наносіць салкасерыл (дэнтальную адгезіўную пасту) — будзе хутка зажываць. Але высветліць прычыну ўсё ж такі трэба!

Света: На языку ўвесь час з'яўляецца белы налёт з непрыемным пахам, і калі яго не чысціць шчоткай кожны дзень, то яго становіцца ўсё больш. Ці гэта кандыдоз?

МЦ: Выключыць кандыдоз нельга. Магчыма, спатрэбіцца аналіз на грыбок роду Кандыда, які праводзіць парадантолаг.

Дарэчы, калі абодва сімптомы — стаматыт і налёт — назіраюцца ў аднаго чалавека, то трэба абследаваць страўнік.

«Інтэлектуальная стаматалогія»

32: Ці можна адбяліць мёртвы зуб, што пачарнеў? Як?

МЦ: Так, можна. Стаматолаг можа правесці ўнутрыканальнае адбельванне пасля кантрольнай рэнтгенаграмы і, магчыма, пералечвання канала.

hata23: Пасля выдалення нерва ў шостым зубе знізу і пламбавання трох каналаў зуб, амаль праз год, працягвае ўмерана пабольваць пры націску на яго. Пломба, мяркуючы па здымках, нармальная, кісты няма. Стаматолаг разводзіць рукамі. Якія могуць быць прычыны і што рабіць?

МЦ: Зрабіць КТ (камп'ютарную рэнтгенаграфію) зуба. Магчыма наяўнасць дадатковага чацвёртага канала, а таксама доктар убачыць больш выразную карціну ў касцяной тканцы вакол зуба. У клініцы, дзе будуць рабіць КТ, можна атрымаць падрабязнае рэнтгеналагічнае апісанне праблемнага зуба.

Міміно: Лепш да апошняга лячыць хворы зуб або ставіць пратэз? Ёсць меркаванне, што стаматолагі самі сабе пратэзы не ставяць. Гэта праўда?

МЦ: Ставяць! Для ўсяго ёсць паказанні. Велізарныя бясформенныя пломбы не прыносяць здароўя не толькі гэтаму зубу, але і суседзям па баках і зверху. А якасная каронка не разбурыць зуб.

Паляк: Ці можна прыбраць з зубоў налёт, які з'яўляецца пасля курэння?

МЦ: Рабіце прафесійную гігіену з парашкаструйнай апрацоўкай 2 разы на год.

Alisa: У мяне два імпланты. Ці трэба купляць ірыгатар, каб добра чысціць зубы? Можа, дастаткова звычайнай шчоткі?

МЦ: Імпланты вельмі адчувальныя да любога запалення вакол іх, таму гігіена павінна быць амаль ідэальнай. Ірыгатар — не панацэя і шчотку не заменіць, але дае дадатковае ачышчэнне ў недаступных месцах, антысептычную апрацоўку і масаж.

«Інтэлектуальная стаматалогія»

Бульбаш: У сына (6 гадоў) часта з’яўляюцца флюсы. Наш стаматолаг сказаў, што нiчога тут не зробiш — трэба перарасцi. Цi праўда гэта, i як засцерагчыся ад рэцыдываў?

МЦ: Так, у малочных зубах праяўляецца хранічны пераядантыт. Гэта яго абвастрэнне: гной назапашваецца вакол кораня, потым прарываецца праз дзясну. Пад гэтым коранем знаходзіцца зародак пастаяннага зуба. Трэба рабіць здымак, глядзець на ступень разбурэння і, магчыма, прымаць рашэнне аб выдаленні. Калі так здарыцца, на месцы выдаленага зуба неабходна паставіць адмысловую распорку, каб захаваць месца і не выклікаць змяшчэння зубоў. Гэта называецца спэйс-кантроль, і дапаможа з ім артадонт.

Галіна: Мой сын з асаблівасцямі разумовага развіцця, яму 25 гадоў. У яго вельмі крываточаць дзясны. Ён не жуе, на зубах часта накопліваецца налёт. У крэсла да стаматолага ён не сядзе, не захоча. Як мне быць? Як яму палячыць зубы ці хаця б аглядзець для пачатку?

МЦ: Чысціць зубы, як бы там ні было. Паспрабуйце іонную шчотку, у нас такія ёсць. Можа дапамагчы ірыгатар. Вядома, патрэбны агляд стаматолага, магчыма, лячэнне пад наркозам. Крывацечнасць дзяснаў могуць выклікаць лекавыя прэпараты, якія прымае ваш сын.

Кантрабандыстка: Колькі часу павінна стаяць якасна зробленая пломба?

МЦ: 5—7 гадоў. За гэты час яна можа мяняць свой знешні выгляд: фарбуецца, сціраецца — гэта старэнне матэрыялу ў поласці рота пад уздзеяннем сліны і жавання.

Пчолка: Ці ёсць спосабы адцягнуць наступленне апошніх стадый парадантозу пры гіпертонусе сківіц, што абумоўлена няправільным прыкусам? Калі ласка, адкажыце на маё пытанне, сітуацыя вострая. Брэкеты ставіць позна.

МЦ: Артадантычнае лячэнне не мае ўзроставых абмежаванняў, а вось няправільны прыкус — гэта не прычына парадонтозу, а фактар рызыкі. Таму лячэнне парадонтозу, а дакладней стабілізацыя працэсу і прыпыненне яго прагрэсавання, — гэта галоўная задача. Дамагчыся поспеху ўдаецца рэгулярным парадантальным лячэннем (раз на 4—6 месяцаў праводзіць прафгігіену і закрыты кюрэтаж, магчыма — шыніраванне і медыкаментозную тэрапію). Гэта захворванне не безнадзейнае, пры рэгулярнай тэрапіі амаль заўсёды ўдаецца дасягнуць стабілізацыі, сітуацыю можа пагаршаць толькі наяўнасць дыябету.

Марыйка: Мне 32 гады. На апошнім аглядзе ў стаматолага выявілася, што ў мяне зламаны корань зуба. Зуб нежывы, нерв быў выдалены гадоў 5 таму, каналы добрыя. Але лекар заўважыла, што над зубам на дзясне ёсць невялікі нарыў. Здымак паказаў, што корань зламаны ўпоперак. Як мне растлумачылі, гэта і з’яўляецца прычынай дыскамфорту, а таксама бугарочку на дзясне, бо гэта — запаленне. Пломбу мне зрабілі, але сказалі, што адзінае выйсце — выдаленне зуба. Ставіць імплант вельмі страшна, але чытала, што калі ў такіх выпадках нічога не рабіць, то можа падгніць сківічная костка, і тады нават пратэз не паставіш. А бугарочак гэты ў мяне даволі даўно, больш за год. Дайце, калі ласка, параду: ці выдаляць зуб? Ці трэба зрабіць яшчэ якія абследаванні, каб быць упэўненай, што пратэз можна ставіць?

МЦ: Справа ў тым, што ў зубоў з некалькімі каранямі звычайна складаецца сітуацыя, пры якой толькі адзін з каранёў не паддаецца пералечванню, астатнія пры гэтым у добрым стане. Тады паўстае пытанне аб выдаленні ўсяго зуба. У такой сітуацыі можа дапамагчы зубазахавальная аперацыя, пры якой праводзяць выдаленне толькі праблемнага кораня або яго часткі, а астатняя частка зуба стане апорай для каронкі. Пракансультуйцеся менавіта на прадмет такога частковага захавання зуба. Магчыма, вам давядзецца пачуць, што такое ўмяшанне ненадзейнае і каронка стаяць не будзе, аднак мой досвед такіх аперацый і пратэзаванне на такіх зубах паказвае эфектыўнасць ў 91% выпадкаў. Не спяшайся з выдаленнем.

Туся: Шмат гадоў пакутую на парадантоз, страціла шмат зубоў. На кансультацыі прапанавалі імплантаваць зубы. Ці не адаб'юцца наступствы парадантозу на далейшым выкарыстанні імплантаў?

МЦ: Лічыцца, што пасля выдалення зубоў з захворваннямі парадонту запаленчы працэс у сківіцы спыняецца і імплантацыі нічога не пагражае. Асабліва варта адзначыць, што наяўнасць агульных захворванняў, такіх як дыябет, можа быць рызыкай для прыжыўлення імплантаў. Думаю, калі хірургі ўпэўненыя ў прагнозе, то варта ім паверыць.

smbd: Ці варта чысціць зубы кожны раз пасля прыёму ежы? Калі так, то ці карыстацца пры гэтым зубной ніткай?

Марына Цімашэнка: Чысціць зубы дастаткова два разы на дзень — пасля сняданку і перад сном. Выкарыстоўваць зубную нітку неабходна як мінімум адзін раз на дзень. Выкарыстоўваць яе часцей мэтазгодна тым, у каго ёсць шмат пломбаў ці каронак, паколькі гэтыя ўчасткі, як правіла, з'яўляюцца месцамі большага назапашвання налёту і рэшткаў ежы.

Мiкалаус: Ці чакаюцца новыя прарыўныя тэхналогіі ў стаматалогіі ў найбліжэйшы час? Як хутка тэхналогіі будуць развітыя да такой ступені, што замест сучасных пратэзаў будуць вырошчваць сапраўдны карэнны зуб?

МЦ: Лічбавыя тэхналогіі стварэння формы і 3D-друк ужо ўпэўнена выкарыстоўваюцца ў стаматалогіі, а таксама матэрыялы, якія развіваюцца ў бок максімальнай біясумяшчальнасці. Немалаважным пытаннем укаранення прарыўных тэхналогій з'яўляецца досыць высокі кошт такога абсталявання і, як вынік, высокі кошт паслугі. А вось наконт вырошчвання карэнных зубоў пакуль у інстытуце цыталогіі і генетыкі НАН Беларусі маўчаць, хоць асобныя культуры тканак ужо вырошчваць могуць. Зуб — вельмі складана арганізаваная шматслаёвая структура. Будзем чакаць!

УНП ‎192253037 ТАА «Інтэлектуальная стаматалогія»

Ілья Параскевіч