Гісторык Андрэй Чарнякевіч напісаў гісторыю БНР па-руску
15.03.2018 / 12:14
Кніга «БНР. Триумф побежденных» выйдзе ў канцы сакавіка ў выдавецтве «Янушкевіч». У ёй будзе 304 старонкі і 16 старонак з ілюстрацыямі.
«Гэта адказ на прапаганду з боку некаторых СМІ і «экспертаў», якія імкнуцца навязаць меркаванне пра БНР як пра нязначны факт нашай гісторыі.
Андрэй Чарнякевіч у сваёй кнізе аргументавана разбівае падобныя меркаванні, — тлумачыць выдавец Андрэй Янушкевіч. — А рускамоўная гісторыя БНР — гэта свайго роду «экспартны варыянт».
Мы запусцілі кароткачасовую краўдфандынгавую кампанію на платформе Ulej з адзінай мэтай — каб мець магчымасць адправіць бясплатныя асобнікі кнігі ў бібліятэкі (пачынаючы ад раённых і гарадскіх) і гуманітарныя ВНУ краіны.
Лічым, што гэта рэальна пашырыць колькасць чытачоў і дапаможа людзям больш даведацца пра гісторыю першай беларускай нацыянальнай дзяржавы», — адзначае Янушкевіч.
Андрэй Чарнякевіч. Фота Волі Афіцэравай.
Андрэй Чарнякевіч — кандыдат гістарычных навук. Выкладаў у Гродзенскім універсітэце. Зараз працуе ў Цэнтры беларускіх даследаванняў пры Варшаўскім універсітэце. Тэмы навуковых інтарэсаў — беларускі нацыянальны рух, польска-савецкая вайна, гісторыя Гродна.