Беларуская навука імкліва дэградуе — што гэта значыць для нашай будучыні?
вы згодныя?
Піша заснавальнік Цэнтра новых ідэй Рыгор Астапеня.
13.03.2018 / 10:31
фота з Вікіпедыі.
Боль — гэта сінонім беларускай інавацыйнасці. Беларусь рэгіструе ў 10 разоў менш патэнтаў, чым Польшча (якая далёка не наватар), а колькасць людзей, якія займаюцца даследаваннямі, за апошнія 10 гадоў скарацілася на 20% (да 26 тысяч). Добра, што хоць вайсковыя ды ІТ-кампаніі даюць падставы для гонару, маўляў, мы ўсё яшчэ вырабляем новыя прадукты. Але гэта не назаўсёды, бо іх поспех трымаецца на беларускай фундаментальнай навуцы, якая імкліва дэградуе.
Больш за 20 гадоў таму ў Лонданскай школе эканомікі выйшла даследаванне, якое даказвае банальную рэч: чым больш рэгіструецца патэнтаў і выдаткоўваецца на навуковыя даследаванні, тым вышэйшы эканамічны рост. Лібертарыянцы ў такія моманты могуць з гонарам сказаць, што вялікі кавалак навуковых выдаткаў прыпадае на прыватныя фірмы.
Але лібертарыянцы вам могуць не сказаць, што насамрэч поспех прыватных фірм часта трымаецца на дзяржаве. Прыватны сектар дынамічны і смелы, але ён проста не ў стане (беларускі прыватны сектар дык дакладна) укладаць грошы ў доўгатэрміновыя праекты. Такія рэчы, як інтэрнэт, GPS ці тачскрын, узніклі дзякуючы перадусім дзяржаўным інвестыцыям, а не прыватным. Еўрапейскі Саюз не проста так улівае €80 мільярдаў у праграму падтрымкі навукі «Гарызонт-2020» у 2014—2020 гадах (з якіх і Беларусі дастанецца некалькі мільёнаў).
Як прыклад, беларускі ІТ-поспех не быў бы магчымым без моцнай школы БДУІРа. Але БДУІР ужо не той, ды і ўся краіна не тая. Беларусь не толькі няздольная да стварэння дастатковай колькасці тэхналогій, але нам усё цяжэй пераймаць тэхналогіі і навучацца ім. У Слуцку толькі нядаўна ўзнік нямецкі завод, персанал для якога даводзіцца вучыць у Германіі. Ідэя, каб разам рыхтаваць працаўнікоў завода, прывяла ў нікуды.
У Слуцкім раёне, які афіцыйна прызнаецца праблемным у плане працаўладкавання, немагчыма навучыць адпаведныя кадры для нямецкага прадпрыемства, якое дакладна будзе плаціць прыстойныя грошы.
У навучанні ў Германіі некалькіх людзей няма нічога страшнага, але вера, што ўсе інвестары будуць вазіць працаўнікоў да сябе, усё ж даволі «ружовая». Прасцей не лезці ў такія краіны, бо ў прынцыпе ёсць два тыпы дзяржаў: якія сябруюць з тэхналогіямі і на гэтым зарабляюць, і тыя, што варагуюць і на гэтым губляюць. Мы сябруем усё менш.
Тры прычыны нашай адсталасці
Па-першае, канечне, беднасць. Беларускі прыватны сектар і дзяржава сукупна трацяць толькі 0,5% ВУП на навуковыя даследаванні, што мала нават паводле заніжаных стандартаў нашага рэгіёна.
У мінулым годзе супрацоўнік Акадэміі навук апублікаваў свой разліковы ліст, паводле якога малады адмысловец у каменным веку за месяц зарабіў 244 рублі. Канечне, у больш камерцыялізаваных сферах у сталым узросце можна зарабляць больш, але гэта ўсё адно дробязь за навуковую працу. Выраз кіраўніка Акадэміі навук «беларуская навука — гэта не зараблянне грошай» можна вышыць залатымі літарамі на сцягу яго ўстановы.
Таму ледзь не самае радаснае, што бывае ў беларускай навуковай кар’еры, — гэта з’ездзіць у краіны ЕС па праграме MOST.
Праблема не толькі ў тым, што беларуская навука бедная. Калі раптам даць Акадэміі навук у два ці тры разы болей сродкаў, то гэта не значыць, што якасць яе працы павялічыцца ў два ці тры разы. Павінна змяніцца не толькі сума фінансавання навукі, але і сістэма размеркавання сродкаў.
Гэта звязана з другім нашым «смяротным грахом» — слабым менеджментам, якому цяжка даецца знаходзіць грошы на навуку і даследаванні.
Канечне, ёсць патрыятычныя людзі сярод беларускіх навукоўцаў, але без ілюзій: калі беларускі навукоўца мае вялікі талент, то ён паедзе туды, дзе будзе зарабляць у дзясяткі разоў болей. Тое самае датычыць менеджменту, які часта проста сімулюе вынікі.
Спадарожнік «Белка» ці стварэнне суперкамп’ютара, чым так ганарацца ўлады Беларусі, наагул незаўважаныя падзеі ў свеце. Бо іншыя краіны таго даўно дабіліся. Гэта як мінімум сведчыць, што беларускія навукоўцы не ўмеюць прасоўваць свае вынаходніцтвы, а як максімум — што гэтыя здабыткі наогул нікому не патрэбныя.
Па-трэцяе, наша навука закрытая. Многія беларускія навукоўцы не валодаюць англійскай мовай. Навуковая супольнасць мае вельмі мала кантактаў з Захадам, а калі і кантактуе з некім, то пераважна з расійскімі навукоўцамі, якія, можа, лепш сябе пачуваюць, але ад нас далёка не адышлі.
Нашыя адмыслоўцы амаль не пішуць для найлепшых навуковых часопісаў і не бачацца з людзьмі, якія і ствараюць сённяшнюю навуку.
Хоць супраца з замежнымі кампаніямі існуе, але пакуль мы ад падобных партнёрстваў не так шмат выйграем.
Аляксандр Вайтовіч, былы кіраўнік НАН, часта прыводзіць прыклад паўднёвых карэйцаў, якія на пачатку 1990-х не мелі тэхналогій з вадкімі крышталямі, але прыехалі ў Беларусь, фінансавалі ў нас лабараторыі, перанялі нашыя веды і пачалі выкарыстоўваць гэта ў вытворчасці ноўтбукаў ці тэлевізараў. Цяпер гэта мы павінны вучыцца ў паўднёвых карэйцаў, але ў нас жа няма сродкаў, каб фінансаваць там лабараторыі.
Паводле гамбургскага рахунку, калі Беларусь не вырашыць гэтыя праблемы, то ў нашай інавацыйнасці няма будучыні. Мы будзем усяго толькі купляць чужыя тэхналогіі і прасіць замежных «дзядзькаў і цётачак» навучыць імі карыстацца.