Віцэ-прэм'ер Балгарыі: І патрыярх Кірыл, гэты агент КГБ «Міхайлаў», мае нахабства вучыць нас «ісціне»?
09.03.2018 / 00:14
Візіт патрыярха Маскоўскага ў Балгарыю скончыўся скандалам.
Патрыярх Кірыл меў неасцярожнасць у прысутнасці прэзідэнта Балгарыі выказаць прэтэнзіі балгарам. Ён некалькі хвілін гаварыў пра сваё расчараванне тым, як у Балгарыі інтэрпрэтуецца вызваленне ад туркаў. Патрыярх сцвярджаў, што балгары прымяншаюць ролю Расеі ў гэтых падзеях.
Гэта выклікала рэакцыю балгарскіх уладаў. Віцэ-прэм'ер урада Балгарыі Валерый Сімяонаў заявіў:
«Гэты чалавек не спусціўся з нябёсаў, не выйшаў з раю і не з'яўляецца пасланнікам Ісуса Хрыста. Ён вядомы як тытунёвы мітрапаліт Расіі. З 1996 года ён завёз на 14 мільярдаў даляраў безакцызных цыгарэт. На 14 мільярдаў даляраў гэты хітрун завёз безакцызных цыгарэт і на 4 мільярды даляраў — віна для патрэб царквы. І ў яго хапае нахабства перад прэзідэнтам гаварыць пра «ісціну»? У яго ёсць прыватны самалёт. У яго гадзіннік каштуе 30 тысяч. Хто ён? Гэта не праваслаўны духоўны, гэта агент Міхайлаў — даказаны агент савецкага КГБ. І другаразрадны агент савецкага КДБ прыедзе і будзе мне расказваць, што ісціна, а што не ісціна? Так не атрымаецца», — сказаў Сімяонаў у прайм-тайм балгарскага тэлебачання.
Патрыярха Кірыла, у прыватнасці, абурыла, што балгары ў спісе нацый, якім падзякавалі за вызваленне, нароўні з расейцамі назвалі і народы былой Расійскай імперыі — беларусаў, палякаў, фінаў, літоўцаў, бо байцы гэтых нацыянальнасцей удзельнічалі ў вайне з туркамі. «Мяне вельмі засмучала, што ў афіцыйнай рыторыцы прадстаўнікоў дзяржавы нароўні з Расіяй ролю вызваліцеляў граюць, аказваецца, Польшча, Літва і Фінляндыя. Калі я пацікавіўся, адкуль гэтая дзіўная гісторыясофія, то зразумеў: лейб-гвардыі Фінляндскі полк расійскай арміі браў удзел у вызваленчай барацьбе. Але гэта быў расійскі полк, раскватараваны ў Фінляндыі, сапраўды гэтак жа як і палкі расійскай арміі знаходзіліся і ў Польшчы!» — прачытаў натацыю кіраўнік РПЦ.