Роўна 100 гадоў таму была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка
9 сакавіка 1918 года ў Менску была прынята Другая Устаўная грамата. Праз два тыдні, 25 сакавіка, была абвешчана незалежнасць БНР.
09.03.2018 / 07:56
Чальцы Народнага Сакратарыята. Сядзяць: Алесь Бурбіс, Янка Серада, Язэп Варонка (старшыня НС), Васіль Захарка; стаяць — Аркадзь Смоліч, Пётр Крачэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц.
Роўна 100 гадоў таму, 9 сакавіка 1918 года, у акупаваным кайзераўскімі войскамі Менску была абвешчана Другая Устаўная грамата.
За тыдзень да гэтага паміж немцамі і бальшавікамі быў заключаны Брэсцкі мір. За немцамі заставалася паўночна-заходняя частка Беларусі, а бальшавікі мусілі атрымаць цэнтральную і ўсходнюю Беларусь. Апроч таго, немцы паабяцалі бальшавікам не прызнаваць ніякіх дзяржаў на акупаваных тэрыторыях, якія пасля 3 сакавіка 1918 г. абвясцілі пра сваю незалежнасць. Народны Сакратарыят і Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з'езда нямецкія ўлады, што сядзелі ў Мінску, таксама не прызнавалі.
У гэтых умовах беларускія дзеячы пайшлі на абвяшчэнне Другой Устаўной Граматы. Першая грамата была апублікавана 21 лютага
Тэкст Другой граматы складаўся з васьмі пунктаў. У межах рассялення беларускага народа сімвалічна абвяшчалася Беларуская Народная Рэспубліка. Часова заканадаўчую ўладу ў БНР брала на сябе Рада І Усебеларускага З'езда.
Абвяшчаліся правы і вольнасці грамадзянаў і народаў Беларусі: свабода слова‚ друку‚ сходаў. Была скасаваная прыватная ўласнасць на зямлю, устаноўлена працягласць рабочага дня 8 гадзінаў, абвяшчалася роўнасць усіх моваў і права ўсіх народаў на аўтаномію.
18 сакавіка Рада Усебеларускага з’езда была перайменаваная ў Раду БНР, 23 сакавіка ў яе склад была ўключана Віленская Беларуская Рада, а 25 сакавіка (гэта быў панядзелак) была прынята Трэцяя Устаўная грамата, якой абвяшчалася незалежнасць БНР.
Сяргей Шупа ў сваёй кнізе «Падарожжа ў БНР» зазначае, што пры наборы Другой Устаўной Граматы ў друкарні Грынблата ўзнікла нечаканая праблема — у наборнай касе скончылася літара «а».
«Друкарня, разлічаная на расейскамоўны друк, не мела дастатковага запасу гэтай самай частай літары беларускіх тэкстаў. Вырашаць гэтую праблему давялося спешным парадкам. Відаць, магчымасцяў папоўніць касу не было, таму друкары, пачынаючы ад 7-га пункта Граматы, пачалі замест малой «а» ўстаўляць вялікую «А», а каб яна надта не вытыркалася, дабіралі словы крыху большым кеглем. Але ўрэшце не хапіла і вялікіх «А», і таму апошні фрагмэнт тэксту Граматы (ад «Абвяшчаючы усе гэтыя правы…») набіраўся істотна большым кеглем. На «ў» і «ё» друкары трох Устаўных Граматаў ужо проста махнулі рукой».