Алімпіяда ў Пхёнчхане абышлася ў 4 разы танней за Гульні ў Сочы
Агульны бюджэт Алімпійскіх гульняў у паўднёвакарэйскім Пхёнчхане склаў 12,5 млрд даляраў. Такім чынам, сумніўны рэкорд, усталяваны на Алімпіядзе ў Сочы з бюджэтам у 51 млрд даляраў, не пабіты.
26.02.2018 / 10:43
Расходы на зімовыя Алімпійскія і Паралімпійскія гульні ў Сочы ў 2014 годзе прыкладна ў чатыры разы перавысілі выдаткі на Алімпіяду-2018 у Пхёнчхане. Пра гэта сведчыць справаздача арганізатарскага камітэта Алімпіяды ў Паўднёвай Карэі, апублікаваная ў пятніцу, 23 лютага, паведамляе выданне dw.com.
Згодна з дакументам, які знаходзіцца ў распараджэнні інфармагенцтва SID, агульны бюджэт Гульняў-2018 склаў 12,5 млрд даляраў (10,1 мільярда еўра). Для параўнання, бюджэт Алімпіяды ў Сочы быў роўны 51 млрд даляраў (41,4 мільярда еўра).
На арганізацыю саміх Гульняў у Пхёнчхане было выдаткавана 2,4 млрд долараў (1,9 мільярда еўра). Астатнія сродкі пайшлі на інфраструктурныя праекты, звязаныя з Алімпіядай. Самым затратным з іх стала будаўніцтва высакахуткаснай чыгуначнай магістралі з Сеула ў Пхёнчхан, размешчаны за 170 км ад сталіцы. На гэты праект сышло 3,4 млрд даляраў (2,7 млрд еўра).