У Расіі на Масленіцу спалілі макет касцёла і назвалі гэта «палымнеючай готыкай» ФОТЫ

як па-вашаму, гэта карэктна?

18.02.2018 / 15:25

vk.com/nikolalenivets

У арт-парку калужскай вёскі Нікола-Ленівец з нагоды Масленіцы пабудавалі з дошак і хмызу макет 30-метровага каталіцкага храма і спалілі яго. Аўтар праекта Мікалай Паліскі назваў усё гэта «Палымнеючай готыкай». Фатаграфіі спалення разышліся ў сацсетках і выклікалі бурнае абмеркаванне.

Артыст Максім Галкін напісаў пра гэта цэлы пост.

«Масленіца, як я разумею, спрадвечна паганскае свята, якое знайшло сваё месца ў хрысціянскай праваслаўнай традыцыі. У нашым грамадстве апошнім часам вельмі абвострана абараняюць пачуцці вернікаў. Паважаныя падпісчыкі, можа, вы мне растлумачыце, я не разумею, навошта ў народна-праваслаўнае свята спальваць не традыцыйнае бяскрыўднае пудзіла, а велізарны трыццаціметровы касцёл? Выглядае жудасна. Але, быць можа, я не ў курсе і ў каталіцкай Еўропе цяпер паўсюль паляць саламяныя саборы на плошчах?» — адзначыў артыст.

«Я ўпэўнены, што ніхто ў каталіцкай Еўропе не адрэагуе на гэта, палічыўшы проста перформансам, але ўявіце люстраную сітуацыю, калі б арт-аб'ект у выглядзе праваслаўнага храма спалілі дзе-небудзь пад Берлінам ці Парыжам, які б гвалт падняўся на ўсіх нашых каналах?

У гэтым я бачу як у крывым люстры перакос нашага грамадства — людзі краіны, у якой прыняты вельмі спрэчны закон аб абароне веры, глядзяць пад паганскі бубен на пылаючы храм рэлігіі, якая знаходзіцца ў меншасці ў Расіі, а значыць нецікавай ўладзе з пункту гледжання галасоў, а значыць безабароннай», — заключае Максім Галкін.

Арцём Геадакян / ТАСС / Scanpix / LETA

Арцём Геадакян / ТАСС / Scanpix / LETA

Яўгенія Наважэніна / Sputnik / Scanpix / LETA

Максім Шэметаў / Reuters / Scanpix / LETA