Чаму некаторыя насякомыя не баяцца «драпежнай расліны» —венерынай мухалоўкі?

Навукоўцы высветлілі, чаму адны насякомыя становяцца здабычай венерыных мухаловак, а іншыя застаюцца цэлымі пасля кантакту з драпежнымі раслінамі. 

12.02.2018 / 17:15

Усім добра знаёмая венерына мухалоўка — дзіўная платаядная расліна. Яна ловіць сваіх ахвяр з дапамогай спецыялізаванага лоўчага апарата: як толькі казурка садзіцца на расліну і двойчы датыкаецца тонкіх адчувальных валаскоў унутры, апарат захлопваецца, пасля чаго пачынаецца павольны працэс пераварвання здабычы.

Аднак навукоўцы высветлілі, што існуюць пэўныя насякомыя, якія не трапляюць у «пастку» мухалоўкі. У новым даследаванні, апублікаваным у The American Naturalist, навукоўцы распавядаюць, чаму насякомыя-апыляльнікі, якія дапамагаюць расліне размнажацца, застаюцца цэлымі пры кантакце з ёю. Даследчыкі задаліся пытаннем, як менавіта расліна адрознівае апыляльнікаў ад ежы, для чаго адлавілі больш за 600 насякомых.

Пасля гэтага навукоўцы вымералі ўтрыманне пылку на кожным насякомым і высветлілі, што найменш часта трапляюцца ў «пастку» мухалоўкі найбольш карысныя для яе насякомыя: стракачы і галіктыды (сямейства пчол). 

Стракач. Фота: wikipedia.org

Прадстаўнік сямейства галіктыдаў. Фота: wikipedia.org

Увесь сакрэт у тым, што кветкі расліны размяшчаюцца нашмат вышэй за «пасткі», таму насякомыя, якія лётаюць на вялікай вышыні, спакойна апыляюць іх, у той час як тыя, хто жыве на зямлі ці на малой вышыні, становяцца здабычай лоўчага апарата. 

Завязь кветкі. Бачна, што яна размяшчаецца высока над лоўчым апаратам расліны.

nn.by