Камандзір Унутраных войскаў Караеў: Расказваем салдатам пра сталіцы ВКЛ, даводзім да ладу веды па гісторыі Беларусі

20.01.2018 / 13:00

«Наша Ніва» падчас прамой тэлефоннай лініі задала пытанне намесніку міністра ўнутраных спраў, камандуючаму ўнутранымі войскамі Юрыю Караеву. 

«Як ва Унутраных войсках наладжана сістэма патрыятычнага выхавання салдат і якая роля адводзіцца беларускай мове?» — спыталіся мы.

Юрый Хаджымуратавіч Караеў — камандуючы Унутранымі войскамі.

«Ідэалагічная работа працінае ўсе сферы жыцця жаўнераў, пачынаючы ад паходу у сталовую і да заняткаў па баявой падрыхтоўцы: скажам, што калі ён страляе з аўтамата ці адпрацоўвае прыёмы рукапашнага бою, то ён гэта робіць каб абараніць Радзіму, незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнаcць, а не каб навучыцца страляць і біцца дзеля забавы — пра гэта гаворыцца і наўпрост, і ўскосна», — патлумачыў Караеў.

Па яго словах, для тых, хто служыць ва ўнутраных войсках, ёсць спецыяльны прадмет — ідэалагічная падрыхтоўка. «Даводзім да ладу ўсе веды па гісторыі і геаграфіі Беларусі: вобласці, гарады, сталіцы ВКЛ — у якія часы дзе што было. Калі школа дапусціла прабелы ў вывучэнні гісторыі, то мы іх выпраўляем. Бо без ведання гісторыі сваёй краіны ідэалогіі і патрыятызму быць не можа, уласна», — запэўнівае ён.

«Таксама у бібліятэках падборка літаратуры па-беларуску: і вершы, і проза, але мы не навязваем, на якой мове чытаць і што, — працягвае Караеў. — Мы тлумачым, што ўсё, чым займаемся, мае на мэце абарону канстытуцыйнага ладу, выхаванне патрыятызму і любові да нашай зямлі, маці, Радзімы. Заўжды тлумачым, што мы — гэта абарона грамадзян, а не карны меч рэвалюцыі, як гэта раней пра органы ВЧК-НКВД казалі».

Арцём Гарбацэвіч