На аднаго з самых уплывовых будаўнікоў Беларусі Патрончыка завялі крымінальную справу
29.12.2017 / 12:30
Пракуратура Магілёўскай вобласці распачала крымінальную справу ў дачыненні да дырэктара круглянскай ПМК № 266 Мікалая Патрончыка. Яго напярэдадні затрымалі сілавікі.
Як паведамляе прэс-служба УСК па Магілёўскай вобласці, Патрончык абвінавачваецца ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненым у асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 210 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Ён па хадайніцтве следства змешчаны пад варту.
«Падчас ўстанаўлення абставінаў супрацьпраўных дзеянняў ідзе збор неабходных матэрыялаў, якія складаюць аснову доказнай базы, у тым ліку адбіраецца дакументацыя. Акрамя таго, прымаюцца меры па кампенсацыі нанесенай прадпрыемству шкоды», — паведамляе прэс-служба УСК.
Заслужаны будаўнік Беларусі Мікалай Патрончык узначальваў адно з самых паспяховых прадпрыемстваў у Магілёўскай вобласці — дзяржаўную арганізацыю «Круглянская перасоўная механізаваная калона № 266» (ПМК), дзе працуе больш за тысячу чалавек.
ПМК пабудавала розныя аб'екты ў Беларусі: ад жылля да вытворчых памяшканняў. Арганізацыя аказвае не толькі будаўнічыя паслугі. Гэта найбуйнейшы ў раёне ўласнік нерухомасці: яму належаць некалькі гандлёвых і забаўляльных цэнтраў, гасцініца, рэстаран, крамы, а таксама пчальнік, кандытарская вытворчасць, цэхі па вытворчасці сталяркі, металаканструкцый, швейнай прадукцыі і мясапрадуктаў.
Акрамя таго, прадпрыемства цалкам адбудавала малую радзіму Аляксандра Лукашэнкі — вёску Александрыя і Лядовы палац у Шклове. У тым ліку ПМК зрабіла рэзідэнцыю прэзідэнта «Александрыя-2».