Грузія запатэнтавала «чачу», «чурчхэлу», «хачапуры» — і 27 іншых нацыянальных прадуктаў
24.12.2017 / 19:55
Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці Грузіі («Сакпатэнці») запатэнтаваў таварныя знакі 30 найменняў нацыянальных прадуктаў, паведамляе interfax.ua са спасылкай на кіраўніка цэнтра Іраклія Гваладзе.
«У прыватнасці, запатэнтаваныя «чача» (вінаградная гарэлка), «хачапуры» (аладка з сырам), «чурчхела» (слодыч з нанізаных на нітку арэхаў у згушчаным вінаградным соку), «сулугуні» (пластовы сыр) і іншыя, усяго 30 прадуктаў», — сказаў ён.
Кіраўнік «Сакпатэнці» адзначыў, што ў апошні час яго ведамства сутыкнулася з праблемай прысвойвання грузінскіх нацыянальных брэндаў у краінах Усходняй Еўропы і асабліва ў Расіі, дзе было некалькі спробаў, напрыклад, зарэгістраваць «хачапуры» і «сулугуні».
«Гэта стварае нам сур'ёзныя праблемы пры рэгістрацыі прадукту, вырабленага непасрэдна ў Грузіі», — заявіў Гваладзе.
Паводле яго слоў, рэгістрацыя нацыянальных брэндаў працягнецца і ў будучыні. «У першую чаргу, мы зарэгістравалі назвы прадуктаў, але ў будучыні запланавана рэгістрацыя і іншых вядомых грузінскіх брэндаў», — заявіў кіраўнік «Сакпатэнці».
У жніўні Грузія вярнула сабе гандлёвы знак папулярнага віна «Хванчкара», які ў 2005 годзе быў прысвоены патэнтным бюро ЗША кампаніі Dozortsev&Sons, а таксама прадухіліла яе прэтэнзію на таварны знак яшчэ аднаго грузінскага віна — «Кіндзмараулі», атрымаўшы тым самым магчымасць экспартаваць віны гэтых марак на амерыканскі рынак.