Нямецкі Knauf выкупіў палову «Белгіпса»

18.12.2017 / 14:27

Нямецкі канцэрн «Кнауф» узгадніў умовы па набыцці 50% долі ў статутным капітале расійскай «Карпарацыі «Волма», якой належыць «Белгіпс». Пра гэта паведамілі ўдзельнікі ўгоды сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінску, піша Tut.by

«Кнауф», які даўно праяўляў цікавасць да набыцця «Белгіпса», мае намер нарасціць прысутнасць у Беларусі, Украіне і краінах Балтыі. «Лакалізацыя вытворчасці будаўнічай прадукцыі ў Беларусі дазволіць задавальняць попыт спажыўцоў Беларусі і бліжэйшых дзяржаў будаўнічымі матэрыяламі высокай якасці. Мы разглядаем беларускі рынак будматэрыялаў як перспектыўны і гатовы ўкладаць інвестыцыі для яго развіцця», — паведаміў кіраўнік групы Кнауф СНД Яніс Краўліс.

«У сувязі з набыццём долі ў Карпарацыі «Волма» група Кнауф прыняла на сябе палову абавязацельстваў па інвеставанні сродкаў у Белгіпс», - заявілі на прэс-канферэнцыі.

«Важныя інвестыцыі, падатковыя паступленні і заработная плата, якая на Белгіпсе за год вырасла да 1270 рублёў», — заявіў міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны.

Агульны аб'ём інвестыцый у праект складзе 70 млн еўра, паведаміў кіраўнік партнёр групы Кнауф Манфрэд Грундке. Ён спадзяецца насыціць прадукцыяй беларускі рынак і ажыццяўляць пастаўкі на іншыя рынкі, бо магутнасці новага завода перавышаюць патрэбнасць рынку Беларусі па гіпсакардоне ў 3 разы. Зрэшты, Грундке разлічвае, што рынак Беларусі будзе расці. Паводле яго слоў, гаспадар Кнауф жадае стаць самым буйным падаткаплацельшчыкам у краіне прысутнасці. «У такім выпадку ён можа і сам зарабіць, і плаціць высокі заробак», — удакладніў кіраўнік партнёр.

Новы завод «Белгіпс», што будуецца ў Гатава, плануецца адкрыць у канцы 2018 года.