Хто такія Шахраеў і Паўлючэнка, якія ўзначалілі Службу аховы прэзідэнта і Аператыўна-аналітычны цэнтр?

11.12.2017 / 16:06

Аляксандр Лукашэнка 11 снежня зрабіў кадравыя рашэнні ў сілавым блоку. Яшчэ 13 кастрычніка ён адхіліў ад пасады кіраўніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра Сяргея Шпегуна.

«Я хацеў бы пагаварыць і абмеркаваць у гэтым складзе праблемы асобных правапарушэнняў у нашай краіне. У тым ліку і на самым высокім узроўні, у тым ліку звязаных з карупцыйнымі праявамі», — так пачаў тую нараду Аляксандр Лукашэнка.

Андрэй Паўлючэнка.

Новым кіраўніком ААЦ стаў Андрэй Паўлючэнка, які да гэтага быў начальнікам службы аховы прэзідэнта. Праўда, на гэтай пасадзе Паўлючэнка не адпрацаваў нават года. Цікава, што біяграфіі Паўлючэнкі няма ў адкрытым доступе. Тады як звесткі пра ягонага папярэдніка — Віктара Шынкевіча — адразу былі надрукаваныя на афіцыйных сайтах.

Пра Паўлічэнку вядома толькі, што летась ён стаў слухачом факультэта падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання па спецыяльнасці «дзелавое адміністраванне».

Адметна, што адным з былых кіраўнікоў ААЦ быў Валерый Вакульчык, які цяпер узначальвае КДБ. У абавязкі ААЦ уваходзіць, у тым ліку, рэгуляванне інтэрнэту. Гэта самае закрытае сілавое ведамства ў краіне.

«Паўлючэнка — чалавек дасведчаны, якому характэрная высокая выканальнасць», — так характарызаваў свайго целаахоўніка Лукашэнка.

«Палкоўнік Паўлючэнка паспяхова працаваў на пасадзе начальніка Службы бяспекі прэзідэнта. Да яго няма ніякіх прэтэнзій. Але, улічваючы яго патэнцыял як аператыўнага работніка, як спецыяліста-аналітыка, прынята такое рашэнне», — сказаў дзяржсакратар Рады бяспекі Станіслаў Зась.

Усе кіраўнікі ААЦ

  1. Валерый Вакульчык (2008—2011)
  2. Сяргей Шпягун (24 кастрычніка 2011 — 13 кастрычніка 2017)
  3. Андрэй Паўлючэнка (11 снежня 2017 — да цяперашняга часу)

Службу аховы прэзідэнта цяпер будзе ўзначальваць Дзмітрый Шахраеў, які да гэтага часу быў намеснікам у Паўлючэнкі. Адметна, што менавіта Шахраеў быў выканаўцам абавязкаў кіраўніка ААЦ, калі Шпягун быў адпраўлены ў адстаўку.

Дзмітрый Шахраеў.

«Палкоўнік Шахраеў даў рады задачы, якая перад ім стаяла ў ААЦ, — ускалыхнуць калектыў, навесці парадак і наладзіць працу», — сказаў Зась.

У 2005 годзе Шахраеў атрымаў медаль «За бездакорную службу» ІІІ ступені. На той момант ён быў не палкоўнікам, а маёрам. Займаў пасаду старшага афіцэра першага аддзела асабістай аховы службы бяспекі прэзідэнта.

Чытайце таксама: Новы кіраўнік Службы бяспекі Лукашэнкі вучыўся ў ПТВ гандлю на прадаўца

Пасада кіраўніка службы бяспекі — адна з самых змяняльных у краіне. Шахраеў стаў ужо адзінаццатым галоўным целаахоўнікам Лукашэнкі за 23 гады знаходжання таго ва ўладзе. Найдаўжэй змог пратрымацца Андрэй Уцюрын — аж 7 гадоў.

Усе кіраўнікі службы бяспекі прэзідэнта

  1. Вячаслаў Каралёў (1994—1995)
  2. Юрый Бародзіч (1995—1998)
  3. Уладзімір Навумаў (1999—2000)
  4. Леанід Ерын (верасень — снежань 2000)
  5. Генадзь Нявыглас (2000—2001)
  6. Яўген Двярніцкі (2001—2003)
  7. Юрый Жадобін (2003—2007)
  8. Андрэй Уцюрын (2007—2014)
  9. Віктар Шынкевіч (20 кастрычніка 2014 — 21 снежня 2016)
  10. Андрэй Паўлючэнка (21 снежня 2016 — 11 снежня 2017)
  11. Дзмітрый Шахраеў (11 снежня 2017 — да цяперашняга часу)

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Зміцер Панкавец