Навукоўцы знайшлі ў кішачніку фермент, які ўплывае на працягласць жыцця, і здолелі падоўжыць жыццё мух

Навукоўцы з Вялікабрытаніі і Нідэрландаў змаглі павялічыць працягласць жыцця мух і чарвякоў дзякуючы абмежаванню актыўнасці фермента, які знаходзіцца ў кішачніку ўсіх жывых істотаў, у тым ліку людзей, піша Eurekalert!.

30.11.2017 / 17:33

Зніжэнне актыўнасці фермента Pol III у кішачніку мух і чарвякоў было дастатковым для падаўжэння іх жыцця. Таксама мухі жылі даўжэй, калі яго дзеянне прыгняталі толькі ў ствалавых клетках іх кішачнікаў.

Фермент РНК-палімераза-III (Pol III) неабходны для паскарэння бялковага сінтэзу і росту клетак. Аднак, як адзначае выданне, ягоная роля ў старэнні не была вядомая да гэтага часу.

Згодна з вынікамі працы даследчыкаў, здольнасць выжывання клетак дрожджаў, а таксама працягласць жыцця мух і чарвякоў павялічылася ў сярэднім на 10 адсоткаў пры невялікім зніжэнні актыўнасці Pol III ў дарослым арганізме.

Для правядзення аналізаў выкарыстоўваліся дрожджы, мухі і чарвякі, бо ўсе гэтыя арганізмы моцна адрозніваюцца адно ад аднаго, але ўсе маюць Pol III.

Цяпер навукоўцы плануюць паглыбіць веды аб ферменце, каб зразумець яго функцыю ў дарослым арганізме і праліць святло на тое, як зніжэнне яго актыўнасці можа падоўжыць жыццё.

nn.by