«Тут небяспечна нават пад бокам паліцыі», — неапалітанскія нататкі Андрэя Дзмітранка
17.10.2017 / 16:35
Заплюшчы вочы, хадзем. Дарогі не трэба баяцца. Па прыступках брудных пад’ездаў, скрозь чысціню роднага гета мы вернемся на звілістыя сцежкі італьянскага лета. Толькі вочы не адкрывай. Тут нізіна, тут манатонна надзейна. Хадзем прэч. Усё адно кафеін гор буяніць у сэрцы. Не заснуць, каму на пласкагор’е бязлітасна сумна. Лепш я пакажу табе мора. Глядзі! Там унізе нехта раскінуў чырвонага ветразя крылы. Ты ж у небе, на серпантыне, дзе кожны крок, як пяць на раўніне. Хадзем. Там далей прыемная стома, і ўбачаць вочы, як месяц купаецца ў хвалях бяскрайняе ночы. Толькі не адкрывай. Мы згубімся ў часе, паміж Сарэнта і Амальфі будзем ставіць кропкі на мапе. Я пакажу табе горы! Там лімоны па скронях імкнуцца да неба і недзе там згубілася наша лета. Хадзем. У сне я ідэальны. Адкрый хутчэй вочы.
Кампанія
Кампанія. Рэгіён паўднёвай Італіі, адной сваёй назвай казаў: «Прыязджайце сюды добрым кагалам: не паасобку адважным рэйнджарам, што прагне выжыць у Іспанскім квартале Неапаля і не рамантычнаю параю — нацалуецеся яшчэ ў Фларэнцыі ці згубіцеся ў Рыме. Тут іншае месца, тут патрэбна кампанія, каб пазнаць усе адценні прыгажосці і бруду, збіць абутак аб горы і разам выйсці да мора. Тут горача ў цяні, а небяспечна нават пад бокам паліцыі — усё кампенсуе прыгажосць, смак і гісторыя, што хаваецца ў кожным другім камяні. Прайдзіце ўсё разам».
У добрай кампаніі з двух сямейных пар мы вандруем па каларытным поўдні Італіі.
Неапаль
Не слухайце нікога. Дакладнага адказу, ці варта наведваць Неапаль няма. Асноўная частка турыстаў выкарыстоўвае горад выключна ў якасці транзітнага пункту па дарозе да курортаў Амальфійскага ўзбярэжжа. Прыляцелі, не зазіраючы ў горад, селі ў таксі ці аўтобусы і да мора. Гэта пры тым, што Неапаль лічыцца сэрцам паўднёвай Італіі, а яго гістарычны цэнтр плошчай у 14 км2 прызнаны UNESCO Сусветветнай спадчынай чалавецтва. Тут ёсць, што паглядзець і чым уразіцца, толькі вось рэпутацыю Неапаль нажыў такую, што турысты яшчэ на стадыі падрыхтоўкі намагаюцца паменшыць час знаходжання ў горадзе. Яно і зразумела, ніякія культурныя і гістарычныя здабыткі чалавеку непатрэбныя, калі ён не адчувае сябе ў бяспецы. Тут можа быць самая найсмачнейшая піца ў свеце, але, калі смакавыя рэцэптары заблакаваны страхам, а позірк напоўнены асцярогай, адпачынкам тое не назавеш. Вобраз крымінальнага і да таго ж бруднага горада адштурхоўвае загадзя, па падліках за апошнія 10 гадоў турыстычны паток скараціўся амаль удвая. У гэтым сэнсе гарады, як і людзі — аднойчы сапсаваўшы рэпутацыю, каштуе неймаверных высілкаў вярнуць да сябе добрае стаўленне. Ужо няма тых гор смецця, што ў 2012 шакавалі ўвесь свет, але рэнамэ бруднага горада зафіксавалася ў галовах людзей і ад яго проста так не адмыцца. Прынамсі, на сённяшні дзень чысціня вуліц цэнтральнай часткі Неапаля параўнальна з тым жа Рымам, але ў адрозненні ад вечнага горада, у сталіцу Кампаніі вязуць не прадчуванне свята, а шматлікія засцярогі. Гэта моцна замінае сфарміраваць сваё ўласнае ўспрыманне пра горад. Ты, быццам, нясеш адмоўны досвед сваіх папярэднікаў, якіх абрабавалі, ашукалі ці яшчэ як пакрыўдзілі. Толькі ты гэта ты, чаму ўся тая навала мусіць здарыцца таксама з табою? Можа тыя, хто пацярпеў, не казалі шчырае «грацыэ», а на іх вуснах не гуляла ўсмешка. Не ведаю, але ўжо на другі дзень у Неапалі ўсё зусім не такое варожае, ты пачынаеш глядзець на горад другімі вачыма. Таму не варта прыязджаць у Неапаль на дзень, лепш сапраўды прыхапіць чамаданы і адразу ехаць у Амальфі. Дайце гораду і сабе час, каб вашыя рытмы супалі. Не спяшайцеся, побач з Везувіем усё летуценна і скончыцца можа імгненна. Перад вамі Новы Горад (так перакладаецца з грэцкай мовы Неапаль), якому прыкладна два з паловай тысячагоддзя. Па словах Гамера, горад узнік ад вялікай няспраўджанай страсці сірэны Партэнопы, якая кінулася ў мора з таго, што Адысей яе спевамі не спакусіўся. Не дзіўна, што Неапаль — гэта горад спеваў бельканта ды не заўсёды добрых спрасцей. У гэтым слабасць і адначасова яго асаблівасць: гуляць на кантрасце каралеўскіх палацаў і брудных, разам з тым чаруючых вузенькіх вуліц. Побач праносяцца «веспы», а ты быццам зайшоў у нашыя дзевяностыя і чакаць тут можа, чаго заўгодна. Толькі вось прыгожа і неяк усё без прыкрасаў: адна царква, дзве царквы, ты заходзіш у бар папіць кавы. Горад табе падабаецца. Толькі вы не слухайце нікога. Дакладнага адказу ці варта наведваць Неапаль няма.
Салодкае
— Прычына па якой вы вырашылі эміграваць?
— Віно.
— Што? Якое яшчэ віно?
— Чырвонае сухое ці белае таксама сухое.
— У вас што не прадаюць?
— Прадаюць.
— Тады што?
— Не разумеюць.
— Як не разумеюць? Гэта што чалавек, каб яго разумець?
— Не разумеюць, калі віно несалодкае.
— Дэсертнае?
— Любое.
— І гэта прычына, каб эміграваць?
— Так.
— Не разумею.
— Яны потым ідуць на выбары, а як могуць галасаваць людзі, што п’юць салодкае віно?
— Праходзьце. Рэкамендую Greco di Tufo DOCG 2010 года.
Піцца «Маргарыта». Пакрокавы рэцэпт
Каб прыгатаваць магчыма самую знакамітую піцу ў свеце, нам спатрэбіцца трошкі гісторыі і дакладнае выкананне інструкцыі.
Пачнем з гісторыі. Паводле легенды, першая піца «Маргарыта» была зроблена ў 1889 годзе падчас візіту каралевы Маргарыты ў Неапаль. Кухар траторыі «Brandi» Рафаэль Эспазіта разам з жонкай вырашылі ўразіць каралеву простай народнай ежай. Гісторыя магла б на гэтым і скончыцца, але неапалітанцы, як сказалі б сёння, зрабілі геніяльны маркетынгавы крок. З пячы выйшла піца колераў італьянскага сцягу: зялёны (базілік), белы (сыр мацарэла), чырвоны (тамат) сімвалізавалі еднасць краіны. Піца каралеве спадабалася, а што падабаецца яе вялікасці, тое падабаецца ўсім. Сцвярджаюць, што каралева Маргарыта нават дазволіла выкарыстоўваць сваё імя ў назве, але хутчэй за ўсё гэта здарылася сама сабой пасля шматлікіх: «Гэй, Рафаэль прыгатуй мне піцу як тады Маргарыце». Пры гэтым, як звалі жонку Эспазіта, легенда не ведае і тое самае крыўднае. Можа менавіта яе была ў тым вынаходніцтве вырашальная роля ці яна неяк натхніла мужа, а так уся слава дасталася Рафаэлю, а ёй безназоўнае «жонка».
Пяройдзем да прыгатавання. Нам спатрэбіцца:
- 250 грам пшанічнай мукі
- 100 мілілітраў вады
- 20 грам дрожджаў
- 2 таматы
- 200 грам мацарэлы
- базілік
- аліўкавы алей
- соль
- перац
1. Таматы і мацарэлу парэжце кольцамі і пакладзіце на талерку адзін праз аднаго: тамат, мацарэла, тамат і г.д.
2. Пасыпце лісцем базіліку.
3. Паліце аліўкавым алеем.
4. Дадайце соль, перац.
5. Адкрыйце бутэлечку сухога віна.
6. Пад хрумст свежага хлеба паспрабуйце салат, што ў вас атрымаўся.
7. Купіце квіток на самалёт у Італію, пажадана ў Неапаль.
8. Знайдзіце піцэрыю. Іх у Неапалі каля 40 000.
8. Мука і дрожджы, што засталіся, калі-небудзь спатрэбяцца.
Іншага рэцэпту няма. Сапраўдную піцу робяць у печы на дровах, дзе тэмпература дасягае 450 градусаў. Такое прыгатаванне ежы не адпавядае сучасным санітарным нормам і паўсюль забаронена. Толькі не ў Італіі, прасцей забараніць Везувій, чым пазбавіць італьянцаў піцы ды і навошта злаваць усе гэтыя мафіі і каморы. Ніякая іншая печ не дае такога смаку, гэта як гатаваць шашлык у духоўцы. Вы кажаце, што піца вашае жонкі таксама смачная? Тады зрабіце ўсё, каб імя гэтай святой жанчыны не згубілася ў гісторыі.
Усміхацца
Неапаль, навучы мяне ўсміхацца проста так усім тым людзям, што ідуць мне насустрач. Без прычыны, нагоды, загаду — усім незнаёмым, прыгожым, добрым і злосным. Калі снег, калі дождж, калі вецер грукоча, як выглядаць натуральна ў то імгненне, калі бачыш іншыя вочы? Я хачу навучыцца, мне не ўсё роўна, на тваіх вуліцах бедныя і багатыя мне ўсміхаліся аднолькава шчодра. Калі ж гэта вірус, як ім заразіцца? Навучы, я ім буду дзяліцца, эпідэмію сеяць, ламаць родныя муры: «Так было спрадвеку, нашыя продкі хадзілі панурымі». Зранку, увечары, нанач гледзячы, усміхацца, слыць правакатарам. Фарысеем, ханжою, хітруном, тарцюфам, іпокрытам, воўкам у авечым футры. Навучы, я не забуду, не злезе з загарам, разбэшчаны Неапаль, твой сонны Везувій.
Кароль
Неапаль — горад каралеўскі. Караля няма, а горад такі ёсць. З гатовым палацам на вуліцы Таледа, куды хоць сёння бяры да засяляйся. Нічога, што зараз там месціцца Мастацкі музей. Некалі каралі ўжываліся пад адным дахам з палотнамі Батычэлі, Борджыя, Гойі, не думаю, што зараз былі б супраць. Для манаршых асобаў ёсць у горадзе велічныя замкі, адзін з іх — Castel dell’Ovo (Замак Яйка) сваёй непрыступнасцю нагадвае замак Іф з Графа Монтэкрыста. Менавіта тут, у 6 стагоддзі да н.э., каланісты з Грэцыі заснавалі сваё першае паселішча ў Неапалі. Назвай у гонар яйка замак абавязаны рымскаму паэту Вергілію, аўтару славутай «Энеіды». Згодна з паданнем лёс Неапалю звязаны з асаблівым, чароўным яйкам, што надзейна схавана пад падмуркам фартыфікацыі. Пакуль яйка знаходзіцца ў цэласці, і замак, і ўвесь горад будуць у бяспецы. У гэты момант Кашчэй Несмяротны павінен быў бы адчуць сваю другаснасць. Калі і гэты замак не задаволіць манаршую асобу, ёсць урэшце Castel Nuovo (Новы замак), пабудаваны ў 13 ст., ён акрамя абарончай функцыі адпавядаў усім запатрабаванням для камфорнага пражывання. Адчуць усе выгоды замка змаглі не толькі каралі і іх світа, але яшчэ такія славутыя людзі Рэнесансу, як Петрарка, Джота, Бакачо. Хто ведае, можа менавіта тутэйшыя сірэны напелі эратычныя матывы аўтару «Дэкамерона», а Джота пад уражаннем неапалітанскай раніцы, знайшоў тут такое натхненне, што зрабіла яго творчасць сімвалам аднаўлення выяўленчага мастацтва. У караля нават ёсць сваё лецішча ў мястэчку Казерта, нічым не горшае за французскі Версаль. Толькі вось караля няма. Неапалітанцаў увесь час яго пазбаўляюць. Спачатку знік свой уласны, калі Неапалітанскае каралеўства ўвайшло ў склад аб’яднанай Італіі з каралём у Рыме, а потым, прыкладна праз стагоддзе ў 1946, і таго не стала. Большасць італьянцаў праз рэферэндум выказалася за скасаванне інстытуту манархіі, неапалітанцы прагнулі моцнай рукі, але апынуліся ў меншасці. Іх не засмуціла, што кароль супрацоўнічаў з Мусаліні, у той час як паўстанне ў Неапалі стала прыкладам мужнасці і адвагі ў барацьбе з фашызмам. Традыцыі манархіі ў Неапалі аддаюцца рэхам у гісторыі. Калі іншыя рэгіёны Італіі так і не здолелі выйсці за статус графстваў і герцагстваў, гісторыя Неапалітанскай кароны налічвае сем стагоддзяў. Толькі ў ёй не шмат адметных старонак. З большага гэта была васальная краіна пад кіраваннем тагачасных глабальных гульцоў кшталту Іспаніі і Францыі. Але ўсё адно дзяржаўны статус быў каралеўскі, чаго не змаглі дабіцца ні фінансава заможны Мілан, ні гандлёвая Венецыя, ні Фларэнцыя, што сваім Ренесансам спарадзіла тэктанічныя змены. Іншае пытанне, што атрымалі з таго неапалітанцы. Паўночныя рэгіёны прайшлі шляхам пазнання самакіравання, з’яўляліся парасткі першай еўрапейскай буржуазіі, грамадзяне ўтваралі прафесійныя гільдыі — усё гэта спрыяла развіццю як эканамічнаму так і грамадскай самасвядомасці. Неапалітанцы заставаліся патрыярхальнай нацыяй, дзе ўсё вырашалася наверсе. Калі ж караля не стала, неапалітанцы адчулі сябе бездапаможнымі, кінутымі. Вось і сучасны Неапаль нагадвае казку, дзе ўсе паснулі сярод сярэднявечнай прыгажосці і чакаюць цуду. Гораду патрэбны кароль ці проста герой, які моцнай рукою навеў бы парадак. Пераапрануўся бы прынц-каралевіч у жабрака, зайшоў бы ў Іспанскі квартал, паразмаўляў бы з простым народам і, глядзіш, абудзіў бы ўсіх пасля стагоддзя дрымоты. Без яго неяк не атрымліваецца: смецце не прыбіраецца, камора лютуе, футбалісты не здольныя ўзяць скудэта. Няма адчування, што тут ёсць гаспадар, а ёсць уражанне, што самі неапалітанцы вырашыць свае праблемы не ў стане. Цэнтральныя ўлады выдзяляюць сродкі, але яны кудысьці знікаюць, яшчэ 10 гадоў таму ў шмат якіх раёнах не было электрычнасці. Неапаль горад каралеўскі менавіта ў сваёй залежнасці і немагчымасці вырашаць свой лёс уласнаручна. Атрымліваецца замкнутае кола, з якога так проста не вырвацца. Гораду патрэбны кароль, і калі сярод сваіх не знайсці, яго можна пазычыць. На гэтую ролю як ніхто падыходзіць Арманда Дыега Марадона.
Аргенцінскі футбаліст — прамое ўвасабленне горада ў чалавеку. Правільная стрыманая Барселона, куды 22-х гадовы Дыега пераехаў гуляць з Аргенціны, не магла стаць яго месцам. Ён там нагадваў сарві-галаву ў адведкага арыстакратычнай сям’і. Марадона быў іншым: экспрэсіўны, не стрыманы ў сваіх пачуццях, пры ўсёй сваёй футбольнай магіі, здавалася, каталонцам ён быў не вельмі патрэбны — чарговая зорка, заўтра знойдзецца іншая. Марадоне хацелася адчуваць сябе каралём, якога будуць насіць на руках і ўспрымаць месіяй. Барселона яго адпускае: шэраг траўм футбаліста і рэкордная па тых часах сума трансферу ў 7,6 млн робяць магчымым пераезд аргенцінца ў Італію. Так Марадона знаходзіць свой клуб і горад. Аргенцінцу італьянскага паходжання, адным з яго продкаў быў Марка Пола, Марадоне Неапаль зразумелы і блізкі. Сумесь бедных і багатых кварталаў нагадваюць родны Буэнас-Айрэс, а апантанасць мясцовых фанатаў акрыляюць на перамогі. Марадона прыносіць гораду футбольную славу: «Напалі» выйграе 2 скудэта запар — гэта першыя чэмпіёнскія тытулы за ўсю гісторыю. У вырашальныя матчы ў Неапаль з’язджаюцца заўзятары са ўсяго поўдня Італіі, народ прагне скончыць гегемонію паўночных каманд. Па яго ж успамінах, у той момант ён быў больш шчаслівым, чым, калі 2 гады раней, заваяваў з Аргенцінай Кубак Свету. Паміж чэмпіёнскімі тытуламі была яшчэ перамога ў Кубку УЕФА. Горад атрымлівае караля, зусім няпростага, ён плоць ад плоці сваіх падданых. Аргенцінца падазраюць у сувязі з мафіяй, абвінавачваюць у спажыванні наркотыкаў, ловяць на допінгу. Марадона зусім не ідэальны, як не ідэальны Неапаль, але яны жывыя, авантурныя, сапраўдныя. Апошняе і прывяло караля на эшафот. У гульні зборных Італіі і Аргенціны на Кубку Свету ў Італіі, па законах драматургіі матч адбыўся ў Неапалі, менавіта Марадона паставіў пераможную кропку ў пасляматчавых пенальці. Аргенціна прайшла ў фінал, а Італія пайшла вайной на свайго куміра. Яму не маглі дараваць, як заўзятары з поўначы, так і свае родныя неапалітанскія, якія яшчэ ўчора насілі яго на руках. Урэшце Марадона з’ехаў спачатку ў Аргенціну, потым спрабаваў гуляць у Іспаніі, апошнім шанцам быў Кубак Свету 1994 года, што скончыўся для Марадоны дыскваліфікацыяй за допінг. Неапаль застаўся без караля: той закінуў футбол, лячыўся ад нарказалежнасці ў Фідэля Кастра на Кубе і адбіваўся ад неаплачаных падаткаў у Італіі. Толькі час усё загойвае, Марадоне даўно ўсё даравалі — кепскае забываецца, слава ніколі.
Словы «герой», «легенда», ды і само параўнанне футбаліста з каралём не аўтарская гульня ў словы, а рэчаіснасць, з якой суткаешся ў Неапалі. Няпроста так кардынал Вайела ў серыяле «Малады Папа» ходзіць у майцы «Напалі». Гэта недзе на ўзроўні рэлігіі і самаіндэфікацыі, магчымасці праявіць сябе, адчуць сваю вартасць, асабліва калі ў іншых сферах не надта атрымліваецца. Нам цяжка ўявіць, як гэта візіт футбаліста можа паралізаваць горад. Але ў Неапалі ты гэта бачыш на ўласныя вочы. Усе размовы ў тэлевізары і на вуліцы — пра аргенцінца, цэнтр перакрыты паліцыяй, людзі займаюць чэргі, каб трапіць на сустрэчу. Бярэ за жывое, калі бачыш немаўляці, якое, здаецца, толькі ўчора пачало размаўляць, апантана крычыць «Ма-ла-до-на», а дарослыя навокал радасна танчаць. Экспрэсіўнасць неапалітанцаў хочацца сабраць у ахапак, пакласці ў чамадан і дома раздаваць замест сувеніраў. Толькі гэта немагчыма, хіба што паспрабаваць данесці праз слова.
Позна ноччу на плошчы Плэбішчыта, на месцы, куды калісьці да народу выходзілі каралі, тысячы людзей віталі чалавека, які прынёс славу і надзею. Кароль вярнуўся.
Каларыт
Калі цябе назвалі канём адзін раз — адкажы тым жа. Калі цябе назвалі канём другі раз — бі, бо слова не дапамагае. Ну а калі цябе назвалі канём у трэці раз, то ідзі ў краму і купляй сядло. (м.ф. «Шчаслівая лічба Слевіна»)
«Гэта вам не Афрыка, сіньёр Андрэа! Гэта Неапаль, Еўропа. Разумееце? Еўропа!» — пераходзіць на крык таксіст Серджыо. Даводзіць, што «Неапаль — не Афрыка», неапалітанцы вымушаны ўвесь час. Калі футбольны клуб «Напалі» прыязджае на поўнач краіны, тамтэйшыя заўзятары вывешваюць банер «Вітаем вас у Італіі» і гэта зварот не да легіянераў неапалітанскага клубу, а здзек са сваіх суайчыннікаў з поўдня. У адказ неапалітанцы галосяць, што менавіта яны і ёсць сапраўдныя італьянцы, бо Італія — гэта найперш тэмперамент, а не рацыянальная стрыманасць поўначы, што не рызота, а піца — сімвал краіны, а яна, як і 80% артыстычнага свету краіны, паходзяць з Неапалю. Толькі абараняцца ўсё адно прыходзіцца поўдню, ён нібыта бядняк перад заможным сваяком вымушаны ўвесь час выкручвацца і ісці на розныя хітрыкі. Правілы і нормы звычайныя для паўночнай Італіі, чым далей на поўдзень ад Рыма кудысьці знікаюць з хуткасцю, як тае ў спёку марозіва. У Неапалі мы спынялі таксі непасрэдна на вуліцы, што немагчыма і нават караецца штрафам у тым жа Мілане. На поўначы ўзаемадзеянне турыста з мясцовым насельніцтвам зведзена да мінімуму і абумоўлена ўплывам суседняга нямецкага парадку да такой ступені, што наяўнасць саміх італьянцаў можа не адчувацца. Поўдзень іншы. Там ты частка гульні, непасрэдны ўдзельнік, герой кінастужкі «Мільён у шлюбным кошыку», дзе сіньёр з вышэйшых колаў Леаніда Папагата ладзіць чарговую авантуру. У рэстаранах табе будуць спрабаваць налічыць 2 разы чаявыя, а, калі папросіш растлумачыць, распавядуць, што другі рахунак быў за абрус. Таксіст віртуозна пачне дабаўляць да загадзя дамоўленай лічбы па аднаму еўра за кожную адзінку багажу. Яму будзе мала і ён замахнецца накінуць яшчэ і за кожнага пасажыра ў салоне. Толькі ты ведаеш гульню і кошты збіваеш. Таксіст стане крычаць, што мы ў Неапалі, а гэта Еўропа, не Афрыка і тут так нельга. Дзядуля Фрэйд усміхнецца — навошта таксіст сам Афрыку ўзгадаў? Толькі мяне пераконваць не трэба, я ведаю, што гэта Італія. Авантурная, гучная, палкая. Я можа менавіта за тым і прыехаў. Мора? Горы? Піца? Тут неарэалізм ужывую, як у кіно гэтым астапам бэндэрам сімпатызуеш. Меў рацыю Максім Горкі, вялікі прыхільнік Неапальшчыны, мясцовы авантурызм дае незразумелае пачуцце здзіўлення і шчасця. Сто гадоў таму фурман, высадзіўшы яго каля дома, забіраў банкноту ў дзесяць лір і скакаў назад, не выдаўшы сем лір рэшты. «Не мы такія, жыццё такое». Сярэдні заробок на поўначы — 2000 еўра супраць паўднёвых 700. Трэба варушыцца, з усмешкай на вуснах, жэстамі рук узмацняючы сэнс сваёй фразы. Нічога, што іх клічуць «terroni» (калгаснікамі), затое на поўдні моцныя сем’і і ім нічога не страшна. Урэшце пакінем італьянцам самім высвятляць, хто з іх любімае дзіцё ў сям’і. Як па мне, што поўнач, што поўдзень цікавыя аднолькава і па вялікім рахунку гэтая рознасць прыдае яшчэ больш каларыту краіне.
Аднойчы Неапаль прачнуўся і знайшоў дарожныя знакі ў незвычайным выглядзе. Мастак Clet палічыў вуліцу найлепшым месцам для творчасці, так і жывуць.
Беларуская дыяспара ў Неапалі
Так бывае: мы прыязджаем у іншую краіну і бачым рускія крамы, украінскія, а беларускія - ніколі. Тое ж самае з дыяспарай: людзі нібыта знікаюць, расчыняюць сябе ў іншым соцыюме. Гэта - правіла, але ёсць выключэнне: калі людзі не шукаюць «адгаворкі», а займаюцца справай, пазіцыянуючы сябе беларусамі. Знаёмцеся - Таццяна Пумпулева, гамяльчанка, што стварыла ў Італіі самае моцнае згуртаванне беларусаў «Bellarus». Арганізацыя дапамагае суайчыннікам уладкавацца ў Італіі, праводзіць культурныя мерапрыемствы, ладзіць выставы беларускіх тавараў. З «Bellarus» лічыцца Міністэрства замежных спраў Беларусі, а дзейнасць Таццяны была адзначана шматлікімі ўзнагародамі. Таму беларуская дыаспара ёсць, калі яна сама таго хоча. Убачыць Неапаль Мне родны дзядзька аднойчы cказаў: «Ты за год, відаць, не стамляешся і таму не едзеш адпачываць на пляжы, а ўсё брындаеш недзе». Стамляюся, дзядзечка, вельмі, але больш я стамляюся грэць пуза на сонцы, калі побач столькі мясцінаў, пра якія чытаў у дзяцінстве. Тут Геракл у перапынках здзяйснення 12 подзвігаў заснаваў горад Пампеі. За Везувіем знаходзіцца лес, дзе партызаніў Спартак. Гэта ж я, калісьці малым, узброіўшыся драўляным мячом і з хеўрай алавянных салдацікаў, яму дапамог у перамогах. Мне ўсё закапаць у пясок, стаць на шлях «all inclusive»? Можа наступны раз я так і зраблю, а пакуль у маім турпакеце: месца, дзе спаць, кава эспрэса і неакрэсленае жаданне чагосьці. Вы толькі не думайце, галадаць мы не будзем, тым-сім пераб’емся. У атэлі «шведскі стол» і еш колькі хочаш? Толькі нам столькі не трэба. Я вам скажу па сакрэту, бес абжэрства жыве пры гатэлях. Ён сам мне прызнаўся, што прыдумаў падносы для ежы, каб спакушаць галодныя вушы: «З’еш давай, усё ж аплачана, калі яшчэ будзе такое». Толькі мы гэтае ведаем і вы не кажыце нікому, што ў невялічкай траторыі на Паланэта дона Лучыя пачала гатаваць мінестроні. Мы пойдзем туды, менавіта там харчуецца сам бес абжэрства, толькі яму шмат не трэба. Ён катом прыходзіць на кухню па мацарэлу, што зранку прывёз дон Сімоне — лепшы сябра мужа доны Лучыі, які на хвілінку сыйшоў з палатна Караваджа, каб пачаставаць нас хатнім віном лепшым за К’янці.
Дзядзька, сімвал Неапаля — вастраносы паяц Пульчанэла. Гэты персанаж італьянскай камедыі носіць чорную маску і вечна кудысьці спяшаецца. Яму не шанцуе, ён трапляе ў смешныя сітуацыі, але ў яго добрым і шчырым нораве неапалітанцы бачаць адлюстраванне сябе. Толькі вось якія насамрэч мясцовыя людзі? Адпачынак па пуцёўцы не дае такіх ведаў, турыст знаходзіцца ва ўтульнай прасторы спакою і кансумацыі, з якой выйсці бывае проста лянотна. Іншая справа — зняць апартаменты ў доме з унутраным дворыкам, дзе гоман суседзяў бясконцы і тоне ў глыбіні ночы, а зранку паспаць не дасць канарэйка, што замест пеўня будзіць усё наваколле. Вы разам з тубыльцамі купляеце хлеб, п’еце каву, размаўляеце, слова за словам уступаеце ў стасункі. Часам гэта можа ўразіць больш за любую архітэктуру і краявіды. Як некалі нашых знаёмых, што замовілі вялікую партыю віна (не адзін дзесятак бутэлек), а пры аплаце высветлілася, што на банкаўскай карце стаіць абмежаванне па суме транзакцый ў дзень. Яны былі ў шоку — італьянцы аддалі ўсё віно пад «чэснае слова». Досвед вядзення бізнесу ў Беларусі галасіў параненым зверам — як такое магчыма? Як і не зразумець усю шматзначнаць выразу «Убачыць Неапаль і памерці», пакуль не сустрэнеш поўнач у раёне Скампія.
Мы стаялі такія прыгожыя, а паўз нас на задніх колах гойсалі матацыклісты — позірк імглісты, усмешка драпежнікаў — гатовыя дэкарацыі «Шалёнага Макса». Мы бачылі паліцэйскіх, але іх выгляд больш палохаў чым супакойваў — ахоўнікі правапарадку былі на бэтэрах і з імі аўчаркі. Раніцой мы знайшлі горад прыгожым, зараз гэтая прыгажосць, як агонь, была небяспечна.
— Што вы тут робіце? — мясцовыя хлопцы здзіўляліся.
— Тут не забавы! — супакойвалі, хіба што не бралі за руку.
— Донт уоры, хадземце са мною.
Мы ішлі кіламетрамі начных сутарэнняў на вуліцу, дзе нам выклікалі таксі. Скампія — раён, дзе ўлада не можа даць рады. Беспрацоўе, наркотыкі, крывавыя войны груповак каморы — так выглядае адзін з самых небяспечных куткоў Еўропы. Трывожна, каб не мясцовыя, што робяць усё, каб нас адсюль выцягнуць. Мы тыя недарэкі, што выбеглі на футбольнае поле, чым спынілі гульню. Не кожная таксоўка гатова прыехаць у Скампію, мы чакалі гадзіну, нам увесь час дапамагалі. Магчыма таму, што гэта «не наша вайна» і мы тут выпадкова.
«Vedi Napoli e poi muori». Няма гораду вартага смерці, а ёсць прыгажосць схаваная ў людзях. Бывае, каб тое ўбачыць, трэба зазірнуць у самае пекла.
Спалохаліся, дзядзька? Я ўсё гэта прыдумаў. Донт уоры, далей крочым разам.
10 фактаў пра «Камору»
1. «Камора» — найбуйнейшая крымінальная групоўка Еўропы. Denominazioni di origine Campagna.
2. Гісторыя «Каморы» бярэ свой пачатак з неапалітанскіх засценкаў часоў дамінавання іспанскіх Бурбонаў (ХVIII ст.). Супадзенне з беларускім словам «камора» (халоднае цьмянае памяшканне) выглядае выпадковым. Не думаю.
3. «Камора» не мае цэнтральнага кіраўніцтва, па сутнасці гэта «парасонавы» брэнд пад якім каардынуюць дзейнасць сотні неапалітанскіх кланаў. У параўнанні з сіцыліянскай «Коза Нострай» і яе пірамідальнай іерархіяй з Донам на вяршыні, структура неапалітанскай «Каморы» больш трывалая. Знішчэнне аднаго клана не паралізуе дзейнасць сістэмы, а лёгка запаўняецца новымі ўдзельнікамі. Падобная мадэль выкарыстоўваецца тэрарыстычнымі арганізацыямі ЭТА і ІРА.
4. У «Каморы» роднасныя сувязі не гуляюць істотнай ролі. Дзейнічае прынцып «business, just a business».
5. Галівудскія фільмы «Хросны бацька», «Аднойчы ў Амерыцы» сфарміравалі эстэтыку «Каморы». Менавіта пад уплывам кіно сіцыліянскі тэрмін «мафія» распаўсюдзіўся на ўсё этнічныя злачынныя групоўкі.
6. У адрозненні ад іншых мафіёзных груповак, «Камора» намагаецца пазбягаць палітыкі, засяродзіўшыся на крымінале.
7. Класічныя крыніцы даходу — наркотыкі, будоўля і смецце. На апошнім пачалі зарабляюць з 30-х гадоў, звозячы да сябе розны бруд з усёй Італіі. Не стрымлівае нават тое, што частка смецця таксічнае, верагодна таму што жыццё мафіёзі недоўгае, а грошы вялікія. З глабалізацыяй «Камора» пашырыла дзейнасць за кошт турыстычнага сектару і свету высокай моды. Паводле інфармацыі СМІ неапалітанскія кланы кантралююць больш за 6% валавога прадукту Еўрапейскага саюза.
8. Капітал толькі аднаго з кланаў можа складаць дзясяткі мільярдаў еўра, падлічыць грошы ўсёй арганізацыі не ўяўляецца магчымым.
9. Пра «Камору» ніхто не адважваецца казаць услых. Купляючы яблык у краме, усведамляеш, што пэўны санцім ідзе на рахунак арганізацыі.
10. «Gomorra» — магчыма лепшы фільм пра «Камору». Раберта Савіяна, па кнізе якога напісаны сцэнар, кожныя 3 дні мяняе месца жыхарства.
Пабрацімы
Мінск і Неапаль — гарады-пабрацімы. Я гэта вырашыў сённяшнім ранкам — паміж першай і другой кавай, вы тады спалі. Неапаль? Мінск на яго ж зусім непадобны! Па-першае, добра мець брата на моры. Па-другое, сілай магніту цягне да супрацьлеглага, а больш палярных гарадоў чым Мінск і Неапаль цяжка знайсці. Вось глядзіце:
1. Мінск — горад гарызантальны. 7 пагоркаў, на якіх ён быў заснаваны, даўно ўжо стапталіся і трэба яшчэ пашукаць тое месца, адкуль будзе бачны горад, што раскінуўся на прасторы, як рака падчас павадку. Малады і бадзёры, яго не стрымліваюць ніякія горы ні мора, можа рушыць у любым накірунку: захоча ў бок Брэсту, а можа на Гомель — усё роўна.
Мінск гарызантальны ў сваёй перспектыве, ён падобны на кніжны кірмаш, дзе кнігі-дамы на шырачэзных сталах нібы па раёнах. У цэнтры — творы пра подзвіг народу ў вайну, марксавы «Капітал», зборнікі вершаў беларускіх паэтаў. Далей раўнамерна: нон-фікшн, дэкаданс, сучасная проза. Каля выхаду з кірмашу моцна накурана, там тамы пра тое, як зрабіць трактар і МАЗ — стэнды з тэхнічнай літаратурай. Паўсюль чысціня, выданні стаяць у адзін пласт, нават тая піраміда кніг, што ля Нямігі кімсьці была абы-як накідана, з часам будзе ў парадак прыведзена. У горадзе, дзе флагманам ёсць фабрыка «Гарызонт», нічога не мусіць ламаць перспектыву.
Мінск — горад прыгожы, шырокі душой і плошчай, толькі мінчукам не стае вышыні. Інакш адкуль у тапаніміцы беларускай сталіцы з’явіліся Залатая і Каменная горка? Вы там былі, ад вышыні ў вас кружылася галава? Яна проста ў нашых спрадвечных жаданнях і на старонках фантастычнага раману Марціновіча «Мова».
Таму нам патрэбен Неапаль. Ён вертыкальны, гэта такая этажэрка, якую заціснулі паміж гарамі і морам. Першымі яе пачалі скалачваць старажытныя грэкі, давяршылі майстры барока. На ніжняй паліцы стаяць з трэмарам кнігі: там цесна і бегаюць мышы — у Неапалі ёсць катакомбы. Гэткі горад пад горадам: дзе пакутавалі першыя хрысціяне, а зараз можна ўбачыць грабніцы, галоўнае не заблукаць, бо можна не выйсці. Палічкай вышэй — горад сучасны, мільённы, з большага бедны, занядбана прыгожы. Багацеі на ўсё гэта глядзяць з вышыні гары раёна Вамера, калі едуць у кабінках фунікулёра.
2. Чысціня. У Мінску чыста на вуліцах і брудна ў пад’ездах. Адныя гэта тлумачыць нацыянальным характарам, другія рыпяць — усё паказуха і бляск вуліц дасягнуты пад прымусам. Маўляў, там дзе няма кантролю, як тых жа камер назірання, там выламаныя паштовыя скрыні, спаленыя кнопкі ў ліфтах і паперы валяюцца на падлозе.
У Неапалі ўсё наадварот. Пад’езды і двары ўспрымаюцца ўласным домам, вуліца — не, гэта дзяржаўнае, не маё і дэмакратыя ніяк не можа прымусіць змяніць гэтае стаўленне. Чым не нагода Мінску і Неапалю абмяняцца досведам: мы паказваем, як шанаваць вуліцу, неапалітанцы — пад’езды. Сцвярджаюць, што смецце там кантралюе мафія, вось і паглядзім, што мацней іх камора з баевікамі ці наша наменклатура з людзьмі ў аранжавых камізэльках. Стаўлю на нашых, а калі што, прымем патрэбны дэкрэт і будзе парадак.
3. Бяспека. Мінскам пужаць можна хіба што фашыстаў, іх маленькі мозг мусіць заўсёды памятаць пра падпольшчыкаў і партызанаў. Для добрых людзей наш горад ветлівы, мірны. Канешне, без цыгарэткі ў цёмных закутках беларускай сталіцы можна знайсці і прыгоды — госці курыце! Ешце, піце, трацьце валюту, у Мінску бяспечна.
Неапаль. Вось дзе трэба быць асцярожным, кажуць, хто заязджае ў шлеме ў Лацінскі квартал, рызыкуе адтуль не вярнуцца. Яго не могуць ідэнтыфікаваць і таму ён уяўляе пагрозу, бо твар хавае звычайна паліцыя падчас аблавы — недарэку могуць застрэліць. Колькі я не прасіў знаёмых італьянцаў паказаць нам гэты раён, яны ўсё адмаўляліся. Бо не да жартаў, там ландшафт некаторых дарог мафія змяняе пад сябе, каб прасцей сыходзіць ад паліцыі. Затое нам паказалі людзей, што ад імя каморы займаюцца паркоўкай у горадзе. Неафіцыйна, быццам добраахвотна. У Неапалі небяспечна, калі матацыкл стаіць з гірляндай ланцугоў і замкоў, а «паркоўшчыку» не заплаціў. Зачыненая машына сведчыць аб тым, што там нешта ёсць, чым можна было б пажывіцца.
Мінск — горад адкрыты і мірны. Заснеце на Зыбіцкай, раніцой прачніцеся ў Шабанах, будзеце ўпэненыя, з вам нічога не здарыцца.
4. Мора.
5. Лёгкасць. Яе не хапае ў Мінску. Сінонім ёй — прастата. Рэстаран ці кафе не можа проста так узяць і адкрыцца, абавязкова павінна быць нейкая канцэпцыя і неверагоднай складанасці дызайн інтэр’еру. Трацяцца шалённыя сродкі, а праз некалькі месяцаў месца тое знікае, бо ўвесь імпэт сыйшоў на ідэю-канцэпт, а на цікавую кухню і персанал ні сіл, ні магчымасцяў не засталося. Няма атмасферы, як няўтульна зімою ў прыгожым доме, дзе няма ацяплення. Дзе яна ёсць, туды госці цягнуцца самі, бо паста карбанара без вяршкоў, а афіцыянт — сапраўдны артыст размоўнага жанру. У Мінску ці багата ці бедна — мільянеры і студэнты мусяць ісці ў адныя і тыя ж установы, бо сярэдзіны няма, а па-беднаму — то за мяжой маргінальнасці.
Звычайна рэстаран у Неапалі — гэта танна, шумна, белыя сцены, некалі старых фотаздымкаў, а віно падаецца ў стаканчыку з пластыка. Толькі, калі гэта робяць з усмешкай, а абслугоўванне ператвараюць у шоў, тыя дробязі зусім неістотныя. Галоўнае, няма напышчанай складанасці мінскіх траторый, што, як мамзэлі расфарбаваліся, але самі па сабе нецікавыя.
Лёгкасці! Бо вясна і лета кароткія, а боты зімовыя цяжкія. Хочацца, каб каньяк налівалі адразу ў келіх, а не праз вымяральную колбу. Неапаль разбэшчвае і пасля яго так і цягне парушаць нашу правільнасць. Хоць трошкі, дазволіць сабе самую маласць (не слухайце гэтую параду, дзеці!) — узяць і перайсці пустую вуліцу ў непаложаным месцы. Лёгка так, як пабрацімы з далёкага партовага горада.
Капры
Табе холадна? Давай я раскажу табе гісторыю поўную сонца. Яркага, шчодрага. Яго там столькі, што ім можна бясконца сілкаваць турбіны тваіх самалётаў. Гэта адбылося ў Кампаніі. Малады шведскі доктар Аксэль Мунтэ пакінуў радзіму: там холадна, там люты дождж круглы год лупіць у спіну. Ён прагнуў сонца, ён рушыў у Неапаль, а потым праз мора на выспу, туды, дзе пальмы, дзе зямля вырываецца айсбергам у неба, пад назваю Капры. Аксэль прыехаў турыстам і застаўся амаль назаўсёды. На самым высокім капрыйскім пагорку ён, не быўшы архітэктарам, дом будаваў прыгожы. Светлы, тварам да сонца, птушкі па дарозе ў вырай абіралі яго, яго горы. Ён лекаваў тубыльцаў за так, за бясплатна: за мора, за неба — абы на птушак не ладзілі палявання. Птушак усё адно забівалі. Аксэль выкупіў цалкам пагорак, каб яны маглі прылятаць, сярод іх мог бы быць Джонатан Лівінгстан — чайка.
Прозвішча Мунтэ падобна лацінскаму «горы». Аксэль быў вольны ў справах і мроях, ён лекаваў, праводзіў раскопкі — статуі, посуд, калоны рымскай эпохі. Яму снілася выспа з егіпецкім сфінксам, ён кідаў усё, ён плыў за ім, ён знаходзіў. Шчаслівае жыццё ў сваім доме — бліжэй за ўсё да сонца знаходзяцца горы. Ён глядзеў на сонца нястомна, згубіў зрок, але быў непакорны, як Ікар: палячы крылы, матыльком аб лямпачку біўся.
Ужо старыком Аксэль Мунтэ вярнуўся ў Швецыю, быў доктарам караля, меў пенсію. Мы таксама знойдзем дарогу да дому — залётныя птушкі ў пошуках сонечных промняў. Нагуляемся. Сцішымся. Спешымся.
Неапалітанскі заліў ноччу цёплы. Там дом ёсць адзін з гісторыяй светлай.
Напалітана
Напалітана Неапаль — сталіца паўднёвай Італіі, нефармальная, як нефармальная яе мова — напалітана. На ёй размаўляюць амаль 8 мільёнаў жыхароў Кампаніі, Апуліі, Калабрыі і паўднёвага Лацыё, каранямі яна чапляецца за старажытную грэцкую і латынь, пры ўсім гэтым статус мае нявызначаны. Мова ці дыялект італьянскай? Адказ хутчэй палітычны, бо што такое ёсць італьянская мова? Гэта фларэнційскі варыянт геніяльнага Дантэ, на «Боскай камедыі» якога аб’ядноўвалі нацыю з рэгіёнаў, што стагоддзямі жылі асобна. Ёсць меркаванне, што распаўсюду італьянскай спрыялі трансляцыі футбольных матчаў па радыё. Зараз яе ведаюць усе, але Неапаль і мову дзядоў сваіх не забыў. Напалітана не ўбачыш на шыльдах ці ў назвах станцыі метро — усё будзе па-італьянску, затое на напалітане размаўляе вуліца. Яна маць-абаронца ад генуэзца-міланца і зброя супраць іншаземнага валацугі.
— Гэй, Марый, перадай Джузэпэ, што тут недарэка ідзе, не зняўшы Карцье.
Паўночныя італьянцы яе не разумеюць, не кажучы ўжо пра чужаземцаў. Мне здавалася, я чуў іспанскія словы — нібыта боты салдатаў Бурбонаў, грукаталі па брукаванцы белькантам. Неапалітана яно мілагучнае, веданне слоў яму непатрэбнае, большасць італьянскіх опер напісана на ёй. Трэба слухаць.
Дзіўна, але як дакладна мова паказвае сутнасць народу. Нібыта адлюстраванне ў вадзе, якую толькі дасталі з калодзежу. Адзін яе любіць, шануе, выносіць на шчыт свайго існавання і незалежнасці абвяшчэння. Другому, вось яна мова — пі, расці моцным дубам, раскідаючы жалуды, дзе толькі можаш. Не хоча.
Вада ж бяжыць, цурчыць, не любіць быць затхлай, нясмачнай. Тая ж Кампанія — бедная, сонцам кантрастная, калі вывучаць яе мову, я адшукаў бы попел Везувія і шчокі былі б мае брудныя, а белазубая пыса павадыра чырванаскурых не збаялася б чорта. Сядзеў бы і баламуціў ваду: тут я ёсць, тут няма, мова я ці дыялект? Вочы такія сумленыя, а ў іх Пульчанэла жанглюе ракушкамі мора.
9 фактаў і 1 ўражанне ад Пампеі
1. Пампеі — уплывовы і заможны горад Старажытнага Рыма быў знішчаны ў 79 н.э. ў выніку вывяржэння Везувія.
2. На пачатку тысячагоддзя вулкан лічыўся неактыўным, яго абуджэнне было нечаканым.
3. Трагедыя доўжылася некалькі дзён. 18 тысяч жыхароў здолелі ўратавацца, 2 тысячы збіраліся «пераседзець».
4. Насуперак масаваму ўяўленню Пампеі не былі залітыя лавай. Спачатку быў землятрус, а потым гарачы попел, што падаў некалькі дзён, выпаліў усё жывое і слоем у некалькі метраў закансерваваў горад на тысячагоддзі.
5. Да 17 стагоддзя знішчэнне Пампеі лічылася старажытным мітам, пакуль археолаг Дамініка Фантана не выявіў частку гарадской сцяны.
6. Да сённяшняга дня дня траціна старажытнага гораду знаходзіцца пад зямлёй.
7. Акрамя Пампеі пацярпелі яшчэ Геркуланум і Стабію, што таксама адкрытыя для наведвання.
8. Вобраз Пампеі — папулярная тэма ў кіно, але творцы ўвесь час ствараюць сваю праўду, далёкую ад сапраўдных падзеяў.
9. У Пампеі можна трапіць на цягніку ці аўтобусе.
10. Адчуванне ад наведвання Пампеі, як ад візіту ў канцлагер. Архітэктура, побыт і месцы кшталту публічных дамоў канешне ўражваюць, але разуменне, што тут былі выпалены тысячы людзей, дамінуе над гістарычнасцю месца.
Сарэнта
Колькі выла за ранак сірэн тут,
Колькі новых сцягоў прыплыло.
Ад Неапаля да Сарэнта
Мора шоўкам блакітным лягло.
Пімен Панчанка «Патрыятычная песня»
Звычайна, калі размова заходзіць пра Сарэнта, прыгадваецца Максім Горкі. Галоўны пісьменнік краіны Саветаў правеў там доўгія 9 гадоў у невыносных пакутах. Вымушаны пастаянна мець перад вачыма гэты Везувій, гэтае мора, гэтыя ярка жоўтыя цытрусы, харчавацца рыбай і марскімі пачварамі, а з віна спажываць сухое ды нейкае кіслае. І яшчэ чайка гэтая лётае туды-сюды, сюды-туды. Прадвесніку рэвалюцыі лёсам было наканавана жыць у Сарэнта, контуры паўвыспы нагадваюць галаву нейкай птушкі — гэта мусіць быць буравеснік. Несалодка было Горкаму. Настолькі, што ён урэшце забыўся на разыходжанні з рэжамам бальшавікоў, што некалі выштурхнулі яго ў эміграцыю. Горкі, ён жа Пешкаў, вяртаўся ў СССР і рабіў тое зусім не пехам. Камуністычныя дзеячы жыць любілі на шырокую нагу: курорты толькі лепшыя, гарады не абы што, а Лондан, Жэнева. Аўтар раману «Маці» ехаў першым класам на цягніку праз вёску маіх дзядоў — Асіпаўшчыну. Паэт Уладзіслаў Нядзведскі пісаў:
Калі ж семафоры
Мільгнулі зялёныя,
Ступіў на платформу
У Стоўбцах з вагона ён
Сядзеў у буфеце,
Піў чай тою раніцай.
Шапталіся недзе:
— З Сарэнта вяртаецца.
Мы ехалі ў адваротным накірунку: Стоўбцы — Асіпаўшчына — Варшава — Неапаль — Сарэнта. З Неапалю на цягніку заязджаеш за гадзіну, праз Геркуланум, Пампеі. Я люблю, калі беларусы вандруюць, нішто не замінае любіць радзіму і захапляцца чужымі краямі. Іван Мележ пра Сарэнта пісаў: «Хараство гэтых берагоў і дарогі выклікала паэтычныя водгукі, мусіць, у самых халодных, чэрствых з нас. Памяць надоўга зберажэ сонечную яснасць, што панавала над зялёнай зямлёю і сінім морам, надаючы ўсяму светлыя, радасныя адценні.» Людзі на балоце мусяць мець перспектыву і забірацца пры жаданні ў гору.
Сарэнта — сусветна знакаміты курорт, дзе мора блізка і адначасова далёка. Вось яно, дакраніся рукою, але асцярожна — абрыў, калі ты не чайка, трэба доўга спускацца з гары. Пляжы ёсць, але іх там мала, Сарэнта улюбённае месца Гётэ, Стэндаля, Расіні, Каруза, Дыкенса, Ніцшэ — заўсёды натхняла. Яшчэ з часоў імператара Рыма Тыберыя горад лічыўся выдатным месцам для адпачынку.
Тут бачна мора — ультрамарын бясконцавай плыні. Як яно дыша — хваляй аб скалы. Як яно шэпча — прыгажосць некранутая турыстычным заплывам. Без парасонаў, лежакоў, кукурузы. Тут мора нібыта карціна, замест рамы — лімоны і апельсіны. Не кранаць. Вецер насычаны морам — ім дыхаць, ім жыць потым доўгія паўночныя зімы.
Сарэнта вабіла з антычных часоў, спытайце аб тым маракоў, што разбілі свае караблі пад спевы сірэнаў. Гэтыя галасістыя шэльмы менавіта адсюль, а ўжо потым разышліся па свеце.
— Сірэны яшчэ засталіся, іх можна пабачыць? — пытаюся я ў Умберта, гаспадара апартаментаў, дзе мы спыніліся.
— Канешне, вось жа яны, — паказвае на нашых дзяўчынак. Смяецца.
Не злуйце сваіх жонак, прынамсі, у Сарэнта. Наш сябра Дзіма, з якім мы вандруем, узяў на пракат матацыкл і паехаў з жонкай Ілонаю катацца ў горы. Там яны пасварыліся, жонка спешылася і далей ён паехаў адзін. Не злуйце сваіх жонак! Што за песні пела Ілона, але карабель-матацыкл яе мужа разбіўся аб гору. Жывы і падрапаны, Дзіма на ўласным досведзе пераканаўся ў правасці слоў сарэнційца Умбарта па прозьвішчы Персіка.
Персіка, а як яшчэ могуць клікаць людзей, што жывуць у квітнеючым садзе? Чыпаліна Радары з сіньёрам Памідорам, дзяўчынка Сунічка і прынц Лімон тут былі б да месца. У сіньёра Персіка ёсць кум Гарбуз, прафесар Груша цудоўна грае на скрыпцы, а верхаводзяць усім, як у казцы, графіні Вішні.
У цытрынавым гаі чэрствыя душы размакалі пад напой гэтай зямлі — ліманчэла.
O, sole mio
Самы просты спосаб адчуць Сарэнта — паслухаць «O, sole mio». Гімн прыгажосці быў напісаны менавіта ў Сарэнта і да таго ж на неапалітанскай мове.
Амальфі
Грузіны любяць расказваць прытчу, што, калі Бог размяркоўваў паміж народамі землі, яны, грузіны, спазніліся, бо былі занятыя застоллем з нагоды стварэння свету. Здавалася, ужо ўсё, нічога не засталося, але прастата і непасрэднасць кранула Уладара Сусветаў і грузіны атрымалі землі, якія Ён пакідаў сабе. Калі гэтаму верыць, ёсць адчуванне, што спазніліся не толькі гулякі-каўказцы. Следам, відаць, прыйшлі амальфітанцы: мокрыя і загарэлыя, скачучы з нагі на нагу:
— Мы не чулі, як усіх збіраюць. Мы купаліся пад ласкавымі промнямі твайго сонца, Творца. І вось апошні, самы апошні лапік зямлі, што пакідаў Ён сабе. Як не аддаць яго людзям, што ўмеюць бачыць радасць жыцця? Разважлівыя і чопарныя тыя, што з ночы займалі чаргу, атрымалі свае Тэмзы і Рэйны, а гэтыя стаяць, усміхаюцца, вытрасаюць ваду з вушэй. Амальфітанцам дасталося мора, зямлі там — два крокі, а прыгажосці — сусвет. Жоўты, чырвоны, зялёны, блакітны, як колеры крэйдаў на асфальце — дамы ў Амальфі размаляваны рукой дзіцяці, якое яшчэ не зведала шэрасці і жорсткасці жыцця дарослых, а поўніцца шчасцем і яркімі мроямі.
Амальфі ўвесь час жыло морам. Зараз гэта частка Італіі, а з IX па XIII стагоддзе ўзбярэжжа ўтварала Амальфійскую рэспубліку, што аспрэчвала з Генуяй і Пізай званне галоўнай марской дзяржавы Заходняга Міжземнамор'я. Менавіта амальфітанцы заклалі асновы марскога права, гэта ім належыць вынаходніцва магнітнага компасу. Зямлі не было, у іх было мора, дзе яны ваявалі, лавілі рыбу, былі звязуючым звяном у гандлі Захаду і Усходу. Жыццё было абумоўлена морам, нават лімоны, што зараз так прыгожа аплятаюць горы, з’явіліся дзеля забеспячэння маракоў вітамінам Ц, такога неабходнага ў змаганні з цынгой.
Сёння Амальфі — месца дарагога турызму. Яно падобна золату, якога мала, а больш не будзе. Як алхімікі не змаглі штучна стварыць золата, так і Амальфійскае узбярэжжа непаўторна у сваёй прыгажосці. Нібы залатое калье ўздоўж мора, Пазітана, Амальфі, Майоры, Міноры, Равела — гарады-дыяменты атачаюць яго краявід, а ўсіх жадаючых прыняць не могуць. Бо не пабудаваць вялікіх гатэляў, не завесці самалётамі тысячы турыстаў, другая Барселона ці Турэччына немагчымыя з-за адсутнасці вольнай зямлі. Некаторыя арабскія краіны спрабуюць ствараць у сябе сімулякры падобна Венецыі, але хіба перадасі атмасферу, пахі і нават страхі арыгіналу. Немагчыма, бо іншае сонца, іншыя людзі, урэшце паветра. Калі заязджаеш на Амальфітанскае ўзбярэжжа, першыя паўгадзіны баішся, бо ўвесь час натуральна вісіш над абрывам, потым цікавасць перамагае і ты нібыта ў палёце глядзіш на жыцце прыгожымі фота-імгненнямі — фатаграфуеш. Потым і мы звыкліся хадзіць па серпантынах, вышыня не пужала, а адчуванне часу і прасторы сталі іншымі. 30 кіламетраў мы ехалі дзве з паловай гадзіны без корак, дзень пачынаўся не па гадзінніку, а тады калі сонца выглядала з-за гор, аглушаючы спёкай.
Амальфі мала, а жадаючых шмат і гэта непазбежна ўзносіць кошты. За некалькі месяцаў да сезону самыя танныя варыянты на дзве персоны пачынаюцца ад 150 еўра і гэта пачатак, больш-менш прымальныя ўмовы дасягаюць некалькіх соцень. Дорага? Безумоўна, але выхад ёсць і мы яго ведаем. Сярод скалаў, дзе раней вырошчвалі лімоны, два маладых хлопцы разбілі намётавыя кемпінгі. Без wi-fi, каб адпачывалі ад інтэрнэту, затое з электрычнасцю і душам ля самага мора, а кошт — 75 еўра.
Побач з намі плавала трохпалубная яхта «Samar» кувейцкага мільярдэра Кутайба Алгханіма. У горадзе можна было сустрэць Брэда Піта. Толькі навошта? Днём мы купаліся, ноччу пілі віно і лепшыя закаты былі толькі ў нас — на першым схіле ля мора.
Салерна
Чарговы горад, чарговае захапленне, як там прыгожа? Не. Салерна — то музыка. Малых і вялікіх пляцовак, дзе дзяўчынкі гуляюць у забытыя беларускамі скокі «у рызіначку». Па костачку, па шчыкалатку, гумка паступова ўздымаецца, мая Сашка не тут, яна ў дзяцінстве, у Гомлі, дзе дрэвы высокія. Кажуць, Італія вяртае страчаную асалоду жыцця. Каму як пашанцуе. Смакі, водары, слых. Мой маленькі прынц, мядзведзь мядзведзем, танчыць пад скрыпку горада vecchio. Прачнуўся. Пад струнны аркестр і яго папуры, пад дзённую спёку, што б’е па струнах танінам маладога віна. Таннага. Трэба спяшацца. Piano-павольна. Пакуль вакацыі ёсць, пакуль мора гартае хвалі, як маладая дзяўчына старонкі любімай паэзіі. Пяшчотная. Ноч дрыжыць бітам. Рэп-фестываль. Суседняя плошча ў рытме і дыме. Марыі, Хуаны. Лета вось-вось хутка alles, мы крочым туды, дзе пары танцуюць эстраднае. Спадніцы ў палёце, кавалеры галантныя — Салерна прыгожае ў танцы. Лёгкае, ненапружнае, а мне бы ўсё толькі спяшацца, сюды трэба вярнуцца. Ноччу, за дзень да таго, як прачнецца Везувій.
Везувій
Рызыкну выказаць думку, што Стваральнік намі ганарыцца. Так, недаскалыя, жывем адным днём, але развіццё чалавецтва не можа не радаваць, нават калі яно нас і пагубіць. Мы дзеці, што вечна круцяцца пад нагамі, мы віснем на шыі, просім літасці-дапамогі, але нам цікавы здзяйсненні і таму нам даруецца. Не сядзіцца, не атрымліваецца, але мы спрабуем, злуемся — гэта мусіць смешна, але як не любіць чалавецтва, што выйшла ў космас, што мае паэтаў, кампазітараў і мастакоў. Мы можам усё: нам скарылася глыбіня акіянаў, а хімікі вось-вось сінтэзуюць формулу шчасця, толькі чалавек перад Ім застаўся малым, бездапаможным у адзіноце, як кіно ўраджэнца Неапалю Сарэнціна, як настрой сведкі абуджэння Везувія.
«У Італіі прачнуўся Везувій. Вулкан выкінуў у неба слуп дыму і распаленага попелу. Лес на схілах вулкана ахапілі пажары. У Неапалі ідзе маштабная эвакуацыя» — паведамлялі агенцтва навінаў, пра нас клапаціліся ў фэйсбуках і тэлеграмах, а мы не ведалі, не чыталі, мы паснедалі круасанамі і вярталіся ў Неапаль, адкуль мелі вылет назаўтра.
Святы Януарый — заступнік Неапалю, ён сваймі малітвамі спыніў звяржэння вулкану ў далёкім IV стагоддзі. Як часта бывае, святы быў забіты за веру і зараз у кафедральным саборы знаходзяцца яго моцы і рэліквіі — гэта два сасуды з крывёю святога. Лічыцца, што яе сабрала набожная хрысціянка пасля яго пакарання смерцю. Сотні паломнікаў прыязджаюць у Неапаль, каб стаць сведкамі цуду, як засохлая кроў зноў становіцца вадкай. Гэта знак таго, што святы ўсё яшчэ любіць горад. У гады, калі цуду не было, адбываліся землятрусы і эпідэміі, пачыналіся войны. Цуд чакаюць тройчы на год, у 2017 аднойчы яго не было.
Нам заставаўся дзень, Помпеі ўжо перасталі быць проста музеем, Мы вярталіся ў Неапаль, нібыта ў карціну Брюлова «Апошні дзень Пампеі». Тады ў сівым 79-м годзе нашай эры жыццё працягвалася, нягледзячы на пачатак звяржэння.
У Неапалі нічога не казала пра паніку, толькі пяць раёнаў горада былі эвакуяваныя, толькі палова неба было чорнага колеру дыму. Людзі жылі звычайным жыццём: дамы хадзілі па крамах, дзеці ганялі ў футбол, як раней усе елі піцу, гулялі. Заўтра мы ўляцім, неяк можа працягнем, а як быць тром мільёнам, што жывуць па-суседстве з вулканам? Такую колькасць народу не эвакуюеш адразу, не абароніш ніякім плотам-экранам. Гэта з людзьмі нават самымі дурнымі неяк можна дамовіцца, вулкан не паслухае, хіба што маліцца як Януарый. І не вядома ж, калі ён абрушыцца, гэта як прадчуванне магчымай вайны без абвешчанай даты — небяспека вісіць у паветры, а параходаў у эміграцыю больш не прадбачыцца. Горад звыкся з пагрозай, мы Яго дзеці з лёгкасцю адыходзім: дзень баішся, два, гэта як з серпантынамі, гэта як жыць побач з Чарнобылем, вечна не будзеш баяцца. «Carpe diem*» — як-нідзе актуальна ў Неапалі, бо інакш не вытрымае ніякая псіхіка, а так ты дыхаеш штодня поўным цікавым жыццём.
*Carpe Diem (латынь) — Жыві сёння