Спецыя-лекар, альбо Крыху сонейка на ваш стол
Наша чытачка Наталля Ружыцкая раней ужо дзялілася кававым лайфхакам нашых продкаў ды распавядала, навошта трэба класці ў закаткі пялёсткі аксамітак. Цяпер яна згадвае пра незвычайныя ўласцівасці прыправы куркума.
10.10.2017 / 06:34
Фота Наталлі Ружыцкай.
Далёка не кожная гаспадыня выкарыстоўвае ў гатаванні ежы куркуму, якая, тым не менш, заслугоўвае таго, каб заняць пачэснае месца на палічцы с прыправамі.
«Візітоўка» гэтай спецыі — насычаны жоўты колер, які тлумачыцца ўтрыманнем у карэнішчах і сцёблах куркумы вялікай колькасці жоўтага фарбавальніку куркуміну. Аднак колер ды экзатычны, з далікатнай гарчынкай смак — гэта не ўсё, чым можа пахваліцца куркума.
Вучоныя высветлілі, што яна з’яўляецца прыродным імунамадулятарам, або, калі гаварыць простымі словамі, дапамагае захоўваць імунітэт у належным стане. Даследаванні паказалі і тое, што біялагічна актыўны кампанент куркумін не толькі змяншае запаленчыя працэсы ў арганізме чалавека, але і спрыяе нармалізацыі ўзроўню цукру ў крыві, валодае антыканцэрагеннымі ўласцівасцямі.
Жыхары Паўднёва-Усходняй Азіі, а таксама Індыі, якая з’яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў куркумы, спрадвеку выкарыстоўвалі гэтую культуру для лячэння хвароб страўніка, захворванняў верхніх дыхальных шляхоў.
Раствор куркумы выкарыстоўвалі для паласкання ротавай поласці, каб пазбавіцца ад запалення дзяснаў.
Фота Наталлі Ружыцкай.
Гістарычныя дадзеныя сведчаць пра тое, што «азіятка» куркума была даволі вядомай і на тэрыторыі ВКЛ. Дарэчы, гэтая спецыя з’яўляецца адным з інгрэдыентаў знакамітага напою «Крупнік», які вельмі шанавала тагачасная шляхта. Уяўляе ён сабой нешта накшталт лікёру на мёдзе, зёлках і розных спецыях.
Менавіта куркума ў спалучэнні з іншымі расліннымі кампанентамі надавала «Крупніку» ўнікальны залацісты колер і дадавала непаўторную нотку ў яго цёплы зёлкавы пах.
Але ж вернемся ў нашы часы і адзначым, што хаця ніводная з раслін не можа быць панацэяй ад раку ці іншай хваробы, многія з іх, у тым ліку куркума, здольныя дапамагчы чалавеку захаваць здароўе. А таму не палянуйцеся набыць у краме пакецік гэтай спецыі.
Ужываць куркуму можна не толькі для прыгатавання мясных страў. Добра дадаць яе і ў цеста для блінцоў, і ў суп, і ў ваду, дзе варыцца бульба, з якой вы надумалі зрабіць пюрэ. Вядома ж, дадаваць куркуму трэба зусім у невялікай, на кончыку ляза нажа, колькасці, бо тут, як у медыцыне, — важна не нашкодзіць. Тады смак у стравы будзе прыемным, без лішняй гарчынкі, а колер таго ж супу ці пюрэ набудзе цудоўнае сонечнае адценне.