Куды падзець яблыкі, альбо Яблычны кекс з сырам
Ледзь не кожную восень перад многімі беларусамі — асабліва тымі, у каго ёсць дача ці дом у вёсцы — паўстае сакральнае пытанне: Куды Падзець Яблыкі? Сёлета, магчыма, гэтая праблема тычыцца хутчэй грыбоў. Але для тых, каму ўжо надакучыла традыцыйная шарлотка, а яблыкі ўсё не заканчваюцца, у мяне ёсць выдатны варыянт.
12.10.2024 / 08:27
Гэты кекс, можна сказаць, не «з яблыкамі», а «з яблыкаў», бо цеста ў ім — абсалютны мінімум. Затое шмат карысных і смачных дадаткаў накшталт арэхаў і разынак, а таксама неспадзяванка — праслойка з сыру, якая дадасць пікантнасці і незвычайнасці.
Вам спатрэбіцца:
- 300 г яблыкаў (лепш кіслыя)
- 50 г цукру
- 75 г мукі
- 1/2 ч.л. разрыхляльніку
- дробка солі
- 25 г пасечаных арэхаў (фундуку)
- 50 г разынак
- 60 мл алею без паху
- 1 яйка
- 150 г цвёрдага сыру (любога, накшталт «Сметанковага»)
Як гатаваць:
1. Яблыкі пачысціць і парэзаць тонкімі лустачкамі.
2. Змяшаць муку, цукар, разрыхляльнік, соль, разынкі і арэхі. Дадаць яблыкі, перамяшаць.
3. Узбіць яйка з алеем і дадаць у яблычна-мучную сумесь.
4. Выкласці ў форму палову цеста, зверху выкласці буйна нацерты сыр, затым пакласці рэшту цеста.
5. Выпякаць на 170ᵒС каля 1,5 гадзіны.
Чытайце таксама: