«Гэта дарога вечная». У пошуках беларускіх брукаванак. Спецпраект НН
07.10.2017 / 13:16
Без дарогі не было б цывілізацыі. Гэта вядома з часоў Старажытнага Рыма. І рымскія дарогі дагэтуль паказваюць турыстам ад Брытаніі да Ізраіля. Па іх рухаліся войскі, гандляры, кур’еры з поштай і загадамі імператара. Яны былі артэрыямі, па якіх бегла кроў дзяржавы, яднаючы разрозненыя правінцыі ў адзіны арганізм.
Рымляне брукавалі дарогі камянямі. Былі брукаваныя тракты, хоць і пазнейшых часоў, і ў Беларусі. Яны яшчэ захаваліся шмат дзе на нашай зямлі.
Ідэя расказаць пра гэтую частку нашай гісторыі, паказаць, чым жывуць людзі на старых брукаванках і вакол іх, была ў нас даўно.
У 2011 годзе на заклік фатографа «НН» Сяргея Гудзіліна чытачы з усёй краіны дасылалі нам інфармацыю пра свае брукаванкі. Складалася база. Але ён мог бы і застацца ў катэгорыі прыгожых ідэй, калі б не Volkswagen у Беларусi, які прапанаваў нам навюткі Volkswagen Polo для падарожжа па старых брукаванках.
Вандроўку мы пачалі з Ракуцёўшчыны. У цэнтры — ясень, які расце тут з часоў Максіма Багдановіча.
У некалькіх публікацыях мы пакажам вам гэтыя старыя дарогі і месцы, якія маглі б стаць выдатнымі турыстычнымі маршрутамі. Паехалі!
* * *
Volkswagen Polo
Рухавік: бензінавы, 1,6.
Магутнасць, Квт/к.с.: 81/110
КПП: 5 Механічная
Асаблівасці камплектацыі: круіз-кантроль, парктронікі спераду і ззаду, аўтаматычнае ўключэнне святла фар, паўнапамерныя франтальныя падушкі бяспекі для кіроўцы і пярэдняга пасажыра, электракіраваныя і электраабагравальныя знешнія люстэркі задняга віду, электраабаграванае лабавое шкло, галагенавыя фары (з магчымасцю замовіць біксенонавыя фары і святлодыёдныя хадавыя агні для яшчэ лепшага асвятлення).
Стартавая цана — ад 20 500 рублёў, цана аўто, на якім мы едзем, — 29 080 рублёў.
* * *
Тут быў Багдановіч
Першая наша вандроўка — на паўночны захад ад Мінска, у азёрны край, на Мядзел і Вілейшчыну. І на шляху да першага яе пункта мы вырашылі праехаць праз Ракуцёўшчыну — фальварак, у якім правёў лета 1911-га Максім Багдановіч. Далятаем па маладзечанскай шашы да Краснага, каля царквы зварочваем направа пад гару.
* * *
Ракуцёўшчына
Вёска ў Маладзечанскім раёне. Тут быў фальварак шляхціца Лычкоўскага, у якога пражыў лета 1911 года Максім Багдановіч. Паэт вырас у сям’і беларусаў у Яраслаўлі, а кожны прыезд у Беларусь быў для яго нібы глытком паветра. Тут ён напісаў 17 вершаў — у тым ліку паэму «Вераніка», якую мы ведаем у геніяльнай версіі «Песняроў».
* * *
Ад часоў Багдановіча засталіся два клёны на пагорку і вялікі ясень у двары, якія радуюць яскравымі восеньскімі фарбамі.
Мала ў Беларусі месцаў, як Ракуцёўшчына, дзе можна пабачыць, як жыла дробная шляхта ў канцы ХІХ стагоддзя. Сядзібны дом, флігель для гасцей, пуня з рознымі гаспадарчымі машынамі… Будынкаў было больш — былі свіран, стайня, склеп, але ўсё гэта згарэла ў 2002-м.
Помняць Максіма Багдановіча і два клёны насупраць фальварка.
У Ракуцёўшчыне адна супрацоўніца, яна зробіць вам грунтоўную экскурсію. Яна ездзіць сюды на працу з Маладзечна, электрычкай, і ад станцыі Уша ідзе 25—30 хвілін. Гэй, мінчукі, вы ўсё яшчэ наракаеце на даезд да працы?
Трэнд гэтай восені — грыбы. Паркуючыся ўзбоч ракуцёўскай сцежкі, заўважаем у акенцы парктроніка сімпатычны падасінавік. Можа быць, ён вырас таму, што Максім пашкадаваў хараство ягонага прапрадзеда?
Французскі брук
Пасля невялікага квэсту па блытаных ракуцёўскіх вуліцах выязджаем на Чысць. Наш кірунак — вёска Седзіца ў ваколіцах Вілейскага вадасховішча. І тут нашага Пола, як мы ахрысцілі спрытны вішнёвы Volkswagen, чакае першае выпрабаванне — выбітая вільготная гравейка праз лясны і балотны заказнік. Пол добра слухаецца руля і тармазоў на непрадказальнай дарозе (дзіва што — тармазы дыскавыя на ўсіх чатырох колах), падвеска маўчыць на выбоінах, якія не ўдалося абмінуць. Так даязджаем да Седзіцы. А там — асфальт…
Але сівы дзядзька махае рукой у бок цэнтра вёскі: едзьце, там засталося бруку метраў пяцьсот. Нібы спецыяльна для нас пакінулі.
Сучасны вясковы трэнд — ровары з пластыкавымі скрынкамі на багажніку.
Забрукаваная вуліца глядзіцца арыстакратычна: акуратныя хаты, дубовыя прысады, дробны брук. Volkswagen ідзе па ім з ціхім буркатаннем падвескі.
Вібрацыя не перадаецца на стырно, чаго я пабойваўся. Дзе-нідзе ўзбоч вуліцы — чорныя пні ад дрэваў у некалькі абхватаў, якія нарадзіліся, жылі і памерлі абапал брукаванкі.
Гэтую беларускую пастараль сваім выглядам дапаўняла і адзіная сялянка, сустрэтая на вуліцы: «выходны» плашч, прычоска, падфарбаваныя вусны. Едзе на пошту. «Як такія маладыя, то і я з вамі пастаю», — гулліва сказала яна, злазячы з ровара. Паміж скаргамі на тое, што ў Седзіцы цяпер мінскіх дачнікаў болей, чым сваіх дзяцей, яна агучыла і першую версію таго, хто гэтую дарогу клаў: «Французы. Была вайна, яны былі тут». Так і ўяўляецца, як бравыя напалеонаўскія жаўнеры пад спевы «Марсельезы» брукуюць дарогу ў Седзіцы.
Якіх толькі версій мы не пачулі ў падарожжы! Дзесьці дарогу «брукаваў» рускі генерал, дзесьці — асабіста яго вялікасць цар Мікалай ІІ, дзесьці — шведы.
На самай справе большасць вілейска-мядзельскіх брукаванак з’явілася ў 1921—1939 гадах. Кожны гаспадар збіраў на сваім полі камяні, бо меў абавязак выбрукаваць участак дарогі насупраць уласнага двара.
Вязынскія знакамітасці
Пасігналіўшы на развітанне спадарыні на ровары, кіруемся ў мястэчка Вязынь. Мястэчка старое, налічвае пяць стагоддзяў гісторыі. Сярод асфальтаваных вуліц ацалела адна забрукаваная, якая вядзе да праваслаўнай царквы. Каля яe, ціха фуркнуўшы, спыняецца наш Пол. Па сярэдзіне шырокай брукаванкі ідзе нават «раздзяляльная паласа», зробленая з большых камянёў.
Да вязынскай царквы вядзе брукаваная дарога.
На месцы царквы некалі стаяў касцёл, аднак пасля паўстання Каліноўскага яго разабралі і паставілі праваслаўны храм. Пра касцёл нагадваюць старыя каталіцкія могілкі і вуліца каля іх, якая па-мясцоваму называецца «Клебанея» — яўна ад слова «плябань».
Старыя каталіцкія могілкі. Апошнія пахаванні датуюцца 1960-мі.
Ёсць у Вязыні і адносна новая (1908 года) неагатычная каталіцкая капліца, але архітэктурна ў мястэчку ўражвае іншае — маштабныя руіны савецкага спіртзавода.
Вязынскі спіртзавод працаваў ад 1856 г. - ён адзін з найстарэйшых у краіне.
Мясцовыя прыгадваюць яго з цеплынёй.
«Мы туды і мыцца хадзілі, і па брагу, — расказала нам Ніна, тутэйшая. — Вельмі шмат цукру было, мы на ім выжывалі. Кралі там усё…
У мяне там бацька рабіў, я яму абеды насіла, дык памятаю добра: такая рашотка там была, за ёй слоік літровы на дроце, ну і з рашоткі — кап-кап-кап.
Паелі мужыкі, за дрот падцягнулі той слоік… Ну а там жа сырэц (пяршак, акавіта — НН) — і п’юць. І ніхто не паміраў. Бацька, вунь, 82 гады пражыў, усё жыццё там прарабіўшы…»
* * *
Вілейскае вадасховішча
Найбуйнейшы ў Беларусі вадаём, частка Мінска-Вілейскай воднай сістэмы. Мае плошчу 73,6 кв.км, змяшчае 260 млн кубаметраў вады. Будавалі яго аж сем гадоў — з 1968 да 1975.
* * *
Каля Вязыні пачынаецца Вілейскае вадасховішча, месцы тут маляўнічыя, дачныя, прыцягальныя для багемы.
На іншым беразе шырокай тут Віліі — у вёсцы Кучкі — лецішча беларускай тэледзівы Святланы Бароўскай.
«Бывае, прыязджаюць сюды, такія феерверкі робяць!» — дзеляцца ўражаннямі вязынцы.
Маляўнічыя мясціны прыцягальныя для мінскай багемы.
У катэджах тых яны бывалі, дапамагаючы аднаму бацюшку свяціць хаты па Калядах. Цяпер бацюшка ляжыць з інсультам. Дарэчы, як сцвярджае вясковая плётка, сэрца старога не вытрымала сустрэчы з інспектарамі Рыбнагляду, якія злавілі яго з сеткай. Але цяжка сказаць, ці было так насамрэч.
Клебанея, Рыбчанская…
Цікава таксама, што языкі вязынцаў не прамаўляюць афіцыйныя назвы вуліц. Побач з прапісанымі на шыльдах, бытуюць ранейшыя. «Гэта вуліца Клебанея, бо некалі плябань стаяла ў пачатку, — расказалі нам азы мясцовай тапаграфіі, хаця плябані ўжо два стагоддзі няма. — Там вуліца Астроўскіх, дзе напісана «Кастрычніцкая», бо там Астроўскія жывуць. А там — Рыбчанская».
Рыбчанскай вуліцу называюць, бо там жывуць перасяленцы з Рыбчына — вёскі, якую знеслі, калі будавалі Вілейскае вадасховішча.
Нам расказвалі вусцішныя гісторыі пра тое, як пераносілі ў Вязынь рыбчанскія могілкі, заліваючы іх бетонам. Вузенькая вулічка Астроўскіх, якая ідзе ўздоўж ракі, таксама, дарэчы, забрукаваная.
* * *
Плябань
Плябань, або плябанія — так называлі дом святара, які звычайна стаяў блізка храма.
* * *
На выездзе з мястэчка нам сустрэлася вязынская «дама з сабачкам» — немаладая жанчына з сімпатычным дварняком на вяроўцы.
«Дзеці пераймалі мяне, абзывалі, калі хадзіла ля школы. Дык дырэктару паскардзілася: дзе дысцыпліна? Але што яна там зробіць… Таму завяла сабаку, і цяпер тыя гадасці не абзываюцца, кажуць толькі, што Дама з сабачкам, а ён ахоўнік мне цяпер. Ашыйніка чаму няма? Крадуць! Ён толькі з дзецьмі ахоўнік, а ў краму пойдзеш: возьмуць, адчэпяць — і ўсё. Адзін раз і ланцужок забралі, а яго пусцілі».
Філістовіцкія мясціны
Далей мы кіруемся на Паняцічы. Дарога туды запамінаецца: на поўнай хуткасці даводзіцца зрабіць віраж, каб аб'ехаць вавёрку. А яна сабе трушчыць шышку проста на дарозе і не збіраецца адцягвацца на розную дробязь.
Грыбы ў Паняцічах ёсць.
Яшчэ за сялом наганяем мясцовага дзядзьку з поліэтыленавай торбай грыбоў. На пытанне пра сёлетнія грыбныя ўраджаі выказваецца мацерна і махае ў бок адзінай забрукаванай (і адзінай у прынцыпе) вуліцы. Адметна, што другі сустрэты тутака ж сказаў, што ў лесе «грыбоооў — хоць нагамі падбівай».
Добра мець бліскучы вішнёвы Volkswagen: спыняешся ў цэнтры бязлюднай, здавалася б, вёскі — і вакол усе збіраюцца. Падышлі дзве тутэйшыя жанчыны і пенсійнага веку мужчына — не мясцовы, купіў хату за пяць тысяч даляраў ды цяпер абжывае.
Самая пашыраная свойская жывёла ў Паняцічах.
Якія ў Паняцічах славутасці? Ды, апроч брукаванкі, толькі адна: жанчына пад 90 гадоў, якая трымае карову, што не доіцца па старасці. Але гаспадыня шкадуе здаць сяброўку на мяса. Яна аддае добрую долю пенсіі мясцовым выпівохам, каб касілі ды сушылі сена той карове на зіму.
«А ў нас тут у лесе атрад быў! — раптам з прыхаваным гонарам выгукае старэйшая з нашых суразмоўцаў. — І кніга пра іх ёсць — «Па воўчых сцежках»!»
Землякі яшчэ помняць Янку Філістовіча — антысавецкага партызана адсюль родам, які пасля вайны трапіў на Захад, а ў 1951-м быў амерыканцамі закінуты з парашутам у БССР.
«Я малая была, — прыгадала жанчына. — А той Філістовіч з нашай вёскі быў, але хаты іхняй больш няма. Дык памятаю, у лес нельга было хадзіць, як іх лавілі. Там міліцыі поўна было, НКВД. Каторы быў Ян, ён арганізоўваў усіх — яго гэта лавілі. Ён быў зайшоўшы да аднакласніка, а там аблава. Ён толькі лямпачку паспеў разбіць, але не ўцёк. Іх пасля прывезлі да канторы, пабітых усіх… А так… Шкоды яны людзям не чынілі. Ён казаў, што камуністаў не любіў, ненавідзеў іх проста… што і цэрквы забаранілі, і ўсё гэта… Яго на хутары людзі апранулі нават, далі яму адзежу замяніцца. Таму я не скажу, што да Філістовіча тут непрыязнь нейкая была».
Спадарыня Марыя памятае, як НКВД лавіла атрад Філістовіча.
Успомніўшы пра старыя крыўды паміж камуністамі і іх праціўнікамі, жанчына не забыла і пра свае.
«Мы тут старыя, вы напішыце, як нас дураць. Як балон газу вязуць — то ў лесе стануць, адпампуюць частку, і без пломбы прывозяць! Я ўжо навучаная, а неяк да дзеда зайшла суседскага — аднаго вока ў яго няма, другое зусім трохі бачыць. Ну і яму такі ж самы балон ставяць. А я ўступілася, кажу: вы яму дайце з пломбай! Дык яны цяпер помсцяць, напісалі ў сваіх паперах, што ў мяне пліты няма дома, і я цяпер не магу балона выпісаць», — пажалілася старая жанчына.
Яна баптыстка. «Я люблю маліцца. А царква доўга была зачынена, дык, як баптысты прыехалі, пайшла да іх». Праваслаўная царква і баптысцкі малельны дом (звычайная хата, абкладзеная сілікатнай цэглай) у Паняцічах стаяць побач, у цэнтры вёскі.
Пасля паспрабаваў скардзіцца дарожнік, але сустрэў нечаканы адпор аднавясковак:
— Ці зменіцца што пасля вашага візіту? Вось каб асфальт нам паклалі, — сказаў ён.
— Няблага нам і брук! Я маладой паштальёнкай ездзіла, і цяпер праеду, калі закіну нагу.
— І як па ім ехаць?
— Нармальна!
— Ты горшых не бачыў яшчэ, — падключылася другая.
— І дзе горшыя?
— А там, дзе машынамі ўсё павыбівана.
— Дык падсыпаць не трэба будзе… — не здаваўся былы дарожнік.
— Дык і гэты падсыпаць не трэба! Гэта дарога вечная! І вада не стаіць, і дзірак няма.
Кацярынінскі шлях
У Вілейку мы трапляем пад вечар у пятніцу. І не знаходзім, дзе ў цэнтры згаладаламу падарожніку пад'есці. Сталоўкі зачыненыя, кавярні на спецабслугоўваннях, у бары прапануюць сухарыкі. З роспачы едзем на запраўку і наядаемся распушчальных супоў.
Сонца хіліцца на захад, а мы пад’язджаем да вёскі Касута, дзе, як інфармавалі нас чытачы, таксама ёсць брукаванка. У Касуце, дарэчы, нарадзіўся гетман Піліп Орлік, аўтар першай украінскай канстытуцыі.
* * *
Піліп Орлік — гетман Войска Запарожскага, складальнік яго «Канстытуцыі правоў і вольнасцяў». Яго сын асеў у Францыі, меў графскі тытул. Ёсць версія, што славуты аэрапорт Арлі называецца так, бо быў збудаваны на землях Орлікаў.
* * *
Касута сустракае нас гладзенькім асфальтам. Аказваецца, брукаванку мы праехалі. Тутэйшы чалавек падказвае, што побач з Касутай ляжыць кавалак Кацярынінскага шляху — старога гасцінца. Паваротка на яго пазначаная гіганцкай таполяй — такое вялізнае дрэва рэдка ўбачыш. Яго галіны маглі б быць стваламі самастойных дрэваў, а ўверсе між іх расце невялікая арабінка. Задумляемся, ці магла таполя памятаць тую расійскую царыцу, што, згодна з легендай, ехала тут з Пецярбурга ва Украіну, аглядаць новадалучаныя землі.
* * *
Кацярына ІІ
расійская імператрыца (1762—1796). Пры ёй адбыліся падзелы Рэчы Паспалітай, у выніку якіх беларускія землі былі далучаныя да Расійскай Імперыі.
* * *
Паваротка на Кацярынінскі шлях пазначана гіганцкай таполяй.
Цяпер па Кацярынінскім шляху можна праехаць хіба роварам за грыбамі. Брукаванка месцамі прабіваецца з-пад апалага лісця і дзірвана. Шлях, падказалі нам у Касуце, сыходзіць проста ў Вілейскае вадасховішча. Ад такога прыгожага кадра мы не маглі адмовіцца, і доўга дабіраліся да берага праз поплаў, які сочыцца крыніцамі. Але брукаванка надзейна пахаваная пад чорным глеем ад разліваў вадасховішча.
Цяпер па Кацярынінскім шляху можна праехаць хіба роварам за грыбамі.
З Касуты брукаванка ідзе на Крывое Сяло. Яно, дарэчы, называецца так не ад чыёйсьці крывізны, а ад племені крывічоў. І яно выяўна розніцца ад раней спатыканых намі дачна-пенсійных вёсак. Тут ёсць моладзь, дзеці, гаспадаркі. Маладая мама весела гоніць карову з пашы.
Курганы не раскопваць
Змяркаецца. І наш нямецкі калега Паўль сам уключае галагенавыя фары, якія стаяць у рэжыме «Аўта». Ужо ў прыцемку трапляем у вёску Кастыкі. Па досыць працяглым кастыцкім бруку даязджаем да царквы. Калі б вакол яе была скошаная трава, быў бы проста краявід з англійскіх серыялаў, кшталту «Айца Браўна»: невялікі храм і цвінтар з шэрымі плітамі старых надмагілляў.
Парктронік дазваляе бачыць нават невялікія аб'екты.
З брамкі выходзіць жанчына, якая нібы выйшла са старонак Конан Дойла, якая строга на нас глядзіць і папярэджвае пра адказнасць за раскопванне старых курганоў, якія тут жа, за царквой.
Царкве ў Кастыках хутка 300 гадоў. У савецкі час яна была зачыненая, мясцовы люд разабраў па хатах абразы і хаваў да 1990-х, калі царкву зноў адчынілі.
* * *
Функцыя аўтаматычнага ўключэння фар
з дапамогай датчыка святла фары самі загараюцца з надыходам змяркання.
* * *
«Да 1937 года ў нас настаяцелі мяняліся вельмі часта і прыход упаў маральна, — пісаў у 1938 пра Кастыкі заходнебеларускі часопіс «Хрысціянская думка». — У 1937 годзе прыехаў у наш прыход а. А. Коўш. Ад першага дня яго прыезду мы пачулі ў ім блізкага да нас духам настаяцеля. Мы чуем на кожнай Службе Божай навуку ў роднай беларускай мове. Настрой маральны і духоўны падняўся. Калі раней славілася вёска п'янствам і разбоем, дык сёння год, як пра гэта ніхто не чуе». Цытата змешчаная на інфармацыйным стэндзе каля храма. Такія стэнды — адзнака Вілейскага раёна. Добрая ініцыятыва.
* * *
Царква ў Кастыках
Храм у імя Сарака Севастыйскіх мучанікаў быў пабудаваны ў 1756 годзе. Помнік драўлянага народнага дойлідства з элементамі класіцызму.
* * *
Прыгожая і суседняя вёска Кумельшчына. Яе брукаваная вуліца ляжыць абок верасовай пусткі на беразе Вяллі.
Гарадзішча
Пераночыўшы ў Крывічах, наступнай раніцай мы працягваем наша падарожжа ўжо Мядзельшчынай. І першы пункт — вёска Гарадзішча. Яна стаіць на схіле, уласна, гарадзішча — высокай гары, на якой з незапамятных часоў жылі людзі. А 8-й раніцы вёска яшчэ спіць. Толькі рэдкія чародкі курэй корпаюцца пад кустамі. Людзі пастарэлі, згарнуліся гаспадаркі — і змяніўся распарадак вясковага дня: раней галодныя каровы ды свінні не далі б заляжацца ў ложку так доўга.
* * *
Брукаўшчыкі
Брук у Беларусі клалі да 70-х гадоў. У пасляваенныя гады дужыя мужчыны маглі зарабіць «на брукоўцы» добрыя грошы. Але старшыням калгасаў адыход дужых мужыкоў на заробкі быў нявыгадны. Іх прыцяснялі: абразалі соткі, не давалі сена — рабілі ўсё, каб вярнуць працоўную сілу ў калгас.
* * *
Ад крутога зігзага-паварота праз Гарадзішча ляжыць брук. Ён ідзе да канца вёскі, міма могілак, на якіх заўважны высокі помнік з бронзавым барэльефам: профіль маладога мужчыны з пышнымі кучарамі. Гэта Мікола Пашкевіч, мясцовы настаўнік і падзвіжнік, якому Васіль Быкаў прысвяціў аповесць «Абеліск».
Згарнуліся гаспадаркі — і змяніўся распарадак вясковага дня: а 8-й Гарадзішча яшчэ спіць.
Як успамінаў пісьменнік, Пашкевіч часта пісаў яму, прычым гнеўна і без піетэту. Ён дакараў, што літаратары засядзеліся ў Мінску, зазналіся і не хочуць сустракацца з чытачамі. У выніку такога маркетынгу ў Сваткаўскай школе пабываў увесь цвет тагачаснай літаратуры: Быкаў, Караткевіч, Мележ, Шамякін, Гілевіч, Барадулін…. Пашкевіча без пары забрала анкалогія.
Магіла настаўніка Міколы Пашкевіча, памяці якога Быкаў прысвяціў аповесць «Абеліск».
Брукаванка абмінае могілкі і бяжыць далей у падлеску. Гэта старая дарога на Сваткі, якой Пашкевіч хадзіў на працу ў такія пагодныя восеньскія дні. Яна губляецца між пераараным полем і шчыльным ельнікам.
Наўры і Даўжані
Каб трапіць у Наўры, дзе, па нашым меркаванні, таксама можа быць брукаванка, збочваем з трасы направа. Дарога палявая з пераходам у лясную. Volkswagen асцярожна абрульвае глыбокія лужыны, ціхім накатам, каб не буксануць і не сесці, ідзе па першай восеньскай гразі. Выязджаем на сухое і высокае. Злева — адхон з круглым Наўранскім азярком унізе, справа — старажытныя курганы ў лесе.
* * *
Наўры і неўры
«Неўрамі» першы ў свеце гісторык Герадот, які жыў у Грэцыі ў V ст. да н.э., называў плямёны, што насялялі сённяшнюю Беларусь. Ён сцвярджаў, што раз на год неўры ператвараюцца ў ваўкоў.
* * *
Бадзёрая бабуля Соф’я Іванаўна, жыхарка самай першай наўранскай хаты, кажа, што бруку тут ніколі не было. Бо вёска да калектывізацыі была «на хутарах». Яна дзеліцца з намі сваімі назіраннямі за гарадскімі адпачывальнікамі, якія прыязджаюць на Наўранскае.
Ад Соф'і Іванаўны з Гарадзішча мы пачулі прыказку: «Ад кожнага парога да Вільні дарога».
«Маладыя цяпер дурненькія, кажуць — кажуць, цяжка жывецца ім. Дык не ведаюць, што такое цяжка. А я маладой дзяўчынкай на ферме даяркай працавала як чорны вол за дзве капейкі, а мужыкі — за дзвесце грам збожжа. Гэта ж пасля вайны справа была. Маці мая, ведаеце, з каровамі… як гэта сказаць па-простаму… шпікуліравала! Купіць у Паставах танней, а ў Даўгінаве прадавала. Ну і пяшком мая матка, босенькая, па гэтым жвіры, 70 кіламетраў… вой, заплачу зараз… Гнала тую карову, каб прадаць, і назад з Даўгінава. У мяне ж і хата ля возера, летам бачу: прыходзяць маладыя, камароў кормяць, плаваюць. А мы ж у свой час хіба ляжалі? Туды толькі мыцца хадзілі, бо мужык добра, калі пасля змены да хаты дацягнецца, гэта ўжо, лічы, адпачынак. Так што, не блага жыць цяпер!» — сказала яна.
Таксама спадарыня Соф’я памятае, як бацька яе прадаваў яблыкі ажно ў Вільні — спазаранку ехаў на кані. Кажа, з тых часоў памятае прыказку: «Ад кожнага парога да Вільні дарога».
А брукаванка захавалася ў суседніх Даўжанях. Але засыпаная паверсе жвірам. Толькі ў выбоінах блішчыць шчыльна пакладзенае круглае каменне. Пачынаем разумець, што Беларусь — краіна ідэальна закансерваваных брукаванак. Недзе яны пад жвірам, як тут, недзе залітыя асфальтам. Але жвір рана ці позна размые дождж, асфальт спаўзе, а бруку што зробіцца?
Апошнія журавы
Праз Сваткі, якія запамінаюцца самай смачнай вадой у калонках і самымі высокімі «ляжачымі паліцэйскімі», міма царквішча ад спаленага ў апошнюю вайну храма XVIII стагоддзя, кіруем на Старынкі і Андрэйкі.
За Замошшам, малой радзімай пісьменніцы Марыі Роўды, ляжаць клеткі асушаных тарфянікаў. Ну, асушаных умоўна: каналы поўныя вады, буяе расліннасць. Зводдаль заўважаем пару журавоў, якія нагульваюць апошнія калорыі перад далёкай вандроўкай у вырай. Мы рушым далей — і літаральна праз пару метраў з прыдарожнага канала ўскідваецца белая чапля.
На балотах — журавы і чаплі, у Старынках — сімпатычныя індакачкі.
У Старынках бачым, як мясцовы чалавек рассякае па брукаванцы на квадрацыкле. Традыцыі і сучаснасць, як кажуць.
У Андрэйках ад раніцы на вуліцы толькі адзін чалавек быў — 73-гадовы Мікалай. Ён нёс дадому кветкі: кажа, люблю вельмі, схадзіў нарваць.
Мікалай тут адзін з апошніх карэнных жыхароў, бо хто памёр, хто з’ехаў, засталося дзесяць чалавек.
«Гэта мікалаеўская дарога. Яе за рускім царом будавалі!» —расказвае ён, аддаўшы нам свае кветкі.
Дарога да Вузлянскага млына
З Андрэек едзем у Вузлу (правільна казаць «на Вузлу», навучылі нас). Каля руінаў цаглянага млына ХІХ стагоддзя (два паверхі ўніз, на дне валяецца жалезнае зубчатае кола ў рост чалавека, як шасцярня ад веліканскага гадзінніка) шуміць рака Вузлянка. Побач мясцовыя майстры на ўсе рукі рамантуюць драўляны масток. На другім беразе — узвышша з парэшткамі дамбы, зарослае кустоўем. Да млына таксама вяла брукаванка. Выйшаўшы з зараснікаў, яна ідзе пад гару міма раённага лясніцтва, робіцца чыстай і роўнай, як у дзень пакладкі. Колькі вазоў з хлебам прагрукаталі па ёй за два з паловай стагоддзі!
Цяпер адзіны жывы бізнэс на Вузле — байдарачны сплаў.
Вельмі доўгая прыгожая брукаваная вуліца і ў суседніх Брусах.
Так незаўважна мы даехалі да Нарачы.
* * *
Нацыянальны парк «Нарачанскі»
У ім 40 азёраў, найбольшае з якіх — Нарач. Створаны ў 1999.
* * *
З каралямі на шыі
Брукаванка знайшлася ў вёсцы Мікольцы, якая ідзе паралельна возеру. Заўважаем незвычайную карціну: жанчына ў святочным уборы (светлы капялюш, жамчужныя каралі на шыі) рамантуе брук, засыпаючы ямы дробным каменнем. Яна афіцэрская ўдава, паездзіла за мужам па вайсковых гарадках усяго Саюза. Цяпер вярнулася на бацькоўскую сялібу.
Мікольцы на беразе Нарачы. Людзі самі рамантуюць брукаванку.
«Мне семдзесят тры, я не памятаю, як гэты брук клалі, але памятаю, як мне двор заліло з-пад колаў машыны нейкай, калі яна па рытвінах гэтых пранеслася. Я вось назбіраю камення на гародзе, тачкай завязу, высыплю, зацырую… — кажа яна. — Вы ж з газеты? Лічыцца, што тут нарачанскі бераг, дэндрарый побач, аптэкарскі сад… А вёска горш як на хутары. Вужакі поўзаюць па клубе! Вось толькі нейкі бізнэсмен купіў хату адну, другую, трэцюю пабудаваў… Дык ён акультурвае неяк, пасля здае за даляры. А ў астатнім…» — махнула яна рукой.
* * *
Вугор
Драпежная рыбіна, дасягае 2 метраў даўжыні. Жыве ў Нарачы, але пладзіцца плыве ў Саргасава мора. Пасля нерасту вугры гінуць, а лічынкі, што выводзяцца з ікры, з Гальфстрымам за тры гады трапляюць да берагоў Еўропы. Вугор можа не толькі плаваць, але і пераадольваць кароткія адлегласці па сушы — па вільготнай траве.
* * *
Даўгінава, Пагост
З Мікольцаў робім вялікі скачок аж за Даўгінава. Гладкая траса, абапал нарачанскія сосны, апетыя Максімам Танкам (яго родная Пількаўшчына тут побач) — самы час пратэсціраваць круіз-кантроль нашага Volkswagen. Разганяемся да 99 км/г, ціснем кнопку фіксацыі хуткасці — і можна здымаць нагу з педалі. Пол акуратна трымае хуткасць, нягледзячы на бясконцыя пад’ёмы і спускі.
Наступная наша брукаванка — за Даўгінавам, у вёсцы Пагост. Такія дэпрэсіўныя на першы погляд назвы частыя ў Беларусі. Але пазначалі яны ад Сярэднявечча цэнтральнае паселішча — месца, куды з наваколля звозілі даніну для князёў, куды з’язджаліся «госці». Брук тут таксама праходзіў артэрыяй праз усю вёску, але частку закаталі ў асфальт — вялікі транспарт разбіваў дарогу.
Пагостаўскі брук адметны яшчэ і тым, што апроч раздзяляльнай паласы пасярэдзіне майстры выбрукавалі вялікімі камянямі межы гаспадарак. Уся дарога падзеленая на прастакутнікі. Гэта зроблена для таго, каб не было між суседзямі спрэчак, каму дзе прыбіраць. Даўней сачылі за парадкам, штрафавалі за бруд і бадыллё каля плота.
* * *
Брук клалі на пясчаную падсыпку
Падбіралі (ці абчэсвалі) камяні, блізкія па памеры, ставілі на рабро шчыльна адно да аднаго, пасля абсыпалі пяском. Патрабавалася майстэрства, каб дарога выйшла роўная і не раз’язджалася ад дажджоў.
* * *
Падыходзім да аднаногага чалавека ў інвалідным вазку, які сядзіць пры дарозе, каля сваёй сялібы. Заўважаем на падворку трактар з культыватарамі і ўазік. «Можа, і зямлю абрабляеце?» — дзівімся.
«Якая там зямля… Толькі адзін гектар, — сціпла кажа 76-гадовы аднаногі спадар Раман. — Сею пшаніцу, што здаю, што курэй кармлю сваіх. І пчолы ёсць — праўда, сёлета многа прапала: кляшчы крылы паад’ядалі».
76-гадовы Раман з вёскі Пагост, хоць і страціў нагу, а па-ранейшаму абрабляе гектар зямлі.
Жыве Раман адзін, жонка памерла. Сын у Мінску — працуе ў МУС. У выходныя бацька чакае сына ў лазню.
«Кебіча ведаеце? — нечакана чапляецца гаспадар за тэму. — Вось ён мне лазню адкрываў. Сябравалі мы з ім моцна. Ой, пілі… Раней неяк падтрымлівалі сувязь, а цяпер састарэў ён, ужо неяк не так мы…»
Генерал Стах і катарскі лес
Спадар Раман скіраваў нас у суседнюю вёску Стахі: «Там такі брук вялікі, вы такога не бачылі». Да Стахаў з кіламетр. Брукаванка тут сапраўды незвычайная. Яна выкладзена з вялікіх, круглых, як караваі, камянёў.
У Стахах незвычайны буйны брук.
Чаму Стахі? Пра гэта нам у досыць акадэмічнай манеры расказаў першы ж мясцовы жыхар, спадар Іосіф Ляшкевіч, які выйшаў на вуліцу да нашага Volkswagen. Патлумачыў і прыроду бруку — ён тут вельмі вялікі, як на рымскіх дарогах.
«Вёска нашая заснаваная ў 1765 годзе, — казаў ён, у мінулым палявод. — Вайна тут нейкая ішла, ці нешта такое. Ну і генерал Стах тут свой намёт паставіў. Мо ён інжынер быў, не ведаю. Трэба было войскі весці, дарогу рабіць. А месца тут топкае — як глянеце ў студню, то вада праз метр, таму камяні не білі, і яны такія агромністыя. У чатыры слаі іх клалі, я сам бачыў, калі тут драты нейкія цягнулі і частку разабралі. Ну і ад таго Стаха і назва пайшла».
Гісторыкі, дарэчы, тлумачаць, чаму старыя курганы і дарогі мясцовы люд часта прыпісвае то шведам, то французам, то царам, то генералам: гэта такі спосаб зафіксаваць у памяці незвычайныя падзеі мінулага праз прывязку да нейкіх мясцовых аб’ектаў. Вёскі ж зазвычай не мелі сваіх летапісаў.
Ёсць у Стахах і свая скарга. «Тут дзяржава Катар узяла ў арэнду зямлю, лес наш на 99 год, — паказаў ён на лес. — Там плот чатырохметровы, столькі грыбоў было… а цяпер — усё. Два разы на дзень машына іх правярае сетку, яшчэ і ток пусцілі, датчыкі руху».
Міма ехалі работнікі мясцовай фермы. Яны расказалі нам, што за месяц зарабілі меней за 300 рублёў.
А на другім канцы Стахаў спатыкаем 89-гадовую Уладзіславу Сільвестраўну з маладымі блакітнымі вачыма. Хоць і з калочкам, але яшчэ рухавую. Яна была ў 2-м класе, калі ў Заходнюю Беларусь у 1939-м увайшлі савецкія войскі. Яны рухаліся на Даўгінава і каля Пагоста пастралялі польскіх памежнікаў. Яны, пяцёра дзяўчат-аднавясковак, разам з бацькамі былі першымі, хто наведаў «стражніцу», у якой ляжалі пабітыя. Каля памежнага пункту іх і пахавалі. А сёлета будуць перазахоўваць на даўгінаўскім цвінтары.
Праблема ва Уладзіславы Сільвестраўны такая: яе двор залівае дажджавой вадой з навакольных узгоркаў. Вада прарэзала ўжо добрую канаву на дарозе, даводзіцца вакол дварышча насыпаць валы, каб яе не пусціць. А трактара ці экскаватара, выкапаць канаву да ракі, — няма нідзе паблізу.
Спадарыня Уладзіслава ўсё жыццё адрабіла ў калгасе, гаворыць па-беларуску чыста, далікатна, са светлым гумарам, пры нагодзе ўстаўляючы штосьці па-польску ці цытуючы вершык па-нямецку, які вучыла ў школе («раней знала і пераклад, але забылася»).
Ад Стахаў мы кіруем у бок Лагойска. Там, між вёскамі Малыя Нястанавічы і Скароды, проста ў полі, ідзе, віючыся серпанцінам па ўзгорках, чатырохкіламетровая брукаванка. Каб лепей адчуць дух мінулых часоў, мы праязджаем па ёй двойчы. На гэтым наша падарожжа скончанае: Volkswagen весела кіруецца ў бок Мінска, як конік, пачуўшы дом. Каля Лагойска на табло загараецца лямпачка: сканчаецца бензін. Бартавы камп’ютар падказвае, што да Мінска яшчэ дацягнем.
На серпанціне між Малымі Нястанавічамі і Скародамі.
Мы праехалі за два дні 500 кіламетраў, спаліўшы 42 літры бензіну, пабывалі на 17 брукаваных дарогах.