«Паскудны чалавек» ці «выдатны выбар»: чаго чакаць ад новага рэктара БДУ?
29.09.2017 / 10:01
Аляксандр Лукашэнка прызначыў Андрэя Караля рэктарам БДУ. Дагэтуль гэтую пасаду займаў Сяргей Абламейка, пра якога казалі, што ён моцны навуковец, які падняў універсітэт у сусветных рэйтынгах. А што чакаць ад Караля, які пераедзе ў Мінск з рэктарскага крэсла Гродзенскага ўніверсітэта? Вядома, што Караля выцягнуў у часе свайго кіравання ў Гродне Сямён Шапіра. Што Кароль абараняў дысертацыі па педагогіцы ў Расіі. І што Кароль дазвання вычысціў усіх апазіцыйна настроеных выкладчыкаў.
Нарадзіўся Кароль у Гродне у 1972, ягоны акадэмічны шлях вельмі заблытаны: па адукацыі ён — інжынер, але кандыдацкую і доктарскую абараняў ў Маскве па «эўрыстычнай педагогіцы», пасля чаго працаваў у медыцынскім універсітэце на кафедры медыцынскай і біялагічнай фізікі.
У 2012 годзе ўзначаліў кафедру педагогікі ГрДУ, а яшчэ праз год, даволі маладым, стаў рэктарам гэтага ўніверсітэта.
Кароль жанаты на далёкай сваячцы (унучцы сястры) Машэрава, доктарцы Таццяне Пранько. Яна кіруе кафедрай у Гродзенскім медыцынскім універсітэце.
Таксама Кароль веруючы чалавек, ягоны прадзед быў святаром. Новы рэктар БДУ захапляецца ўсходняй філасофіяй, чытае кітайскіх і японскіх аўтараў.
На апошніх прэзідэнцкіх выбарах Кароль быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці.
Ён выплыў наверх у часе, калі Гродзенскай вобласцю кіраваў Сямён Шапіра, цесна кантактаваў і захаваў сяброўства з Андрэем Худыкам, былым мэрам Гродна (пасля той стаў намеснікам кіраўніка справамі прэзідэнта, а цяпер — міністр прыродных рэсурсаў).
А чым Кароль запомніўся ў Гродне? Найперш, звальненнем незалежна настроеных выкладчыкаў.
Добры тузін дацэнтаў і прафесараў страцілі работу пасля прыходу Караля. Яго былыя калегі мала што знаходзяць добрага для апісання гэтага чалавека.
«Для мяне Кароль — асоба шэрая і маскоўская. Ён быў прызначаны рэктарам ГрДУ, калі Шапіра і Худык разгарнулі вайну супраць інтэлігенцыі. З прыходам Караля сышлі: Швед, Сільверстава, Соркіна, мяне таксама звольнілі, Ігар Кузьмініч, Алла Петрушкевіч з філфака, Сяргей Сноп… Пры ім жа пачалося знішчэнне гістфака, на які сёння набіраюць менш за 30 чалавек, і які з'яўляецца часткай штучна створанага Факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, там цяпер гісторыя Беларусі выкладаецца па-расейску. Там засталіся працаваць пенсіянеры, прагрэсіўных элементаў зачмырылі і вычысцілі! Таксама Кароль — гадаванец маскоўскай акадэмічнай школы, і мне шкада БДУ, бо ў Каралю нічога беларускага няма. Нідзе і ніколі ён публічна не выступіў па-беларуску. Пры ім ў ГрДУ прыязджаў Нарышкін (тады — спікер Дзярждумы Расіі), а гісторыкі-пенсіянеры падняліся і сталі прасіць стварыць пры ГрДУ філіял «Русского історіческого обшчества», вы ўяўляеце? Што вам яшчэ сказаць пра гэтага чалавека?» — рэзка выказаўся кандыдат гістарычных навук, дацэнт Генадзь Семянчук.
Іншы гісторык — Ігар Марзалюк, трымаецца іншых пазіцый і знаходзіць для апісання Караля толькі добрыя словы.
«Гэта выдатны, годны прафесіянал, — кажа Марзалюк пра Караля. — Я асабіста шчаслівы, што гэты чалавек будзе рэктарам БДУ. Калі б кожны рэктар так дбаў пра свой калектыў, як дбаў Кароль пра Гародню, то выкладчыкі не казалі б, што іх зневажаюць. Гарадзенскі ўніверсітэт па колькасці абароненых дысертацый, па якасці, і па фінансаванні тых, хто ўмее і любіць працаваць, адзін з самых лепшых. І я лічу, што гэта адзін з самых правільных выбараў сёння. А што кажуць, што ён беларускую мову знішчыў у ГрДУ — брахня! Са мной Кароль размаўляе па-беларуску».
«Рэктар — гэта заўсёды спалучэнне вучонага і адміністратара. І тое, і іншае ў Караля атрымліваецца выдатна. Я ўсцешаны рашэннямі кіраўніка дзяржавы і ў адносінах да іншых рэктараў — для гэтых людзей Беларусь не проста месца пражывання, а Радзіма. І я тут не працую яго адвакатам, бо я яму нічым не абавязаны, і ён мне. Проста я з ім сутыкаўся і ў мяне такія думкі склаліся. Што ён зменіць? А вы спытайцеся ў гарадзенскіх выкладчыкаў, якія не ўцяклі працаваць на польскія палеткі, а засталіся, што змянілася, калі прыйшоў Кароль? Я прыемна быў здзіўлены той сістэмай матэрыяльнага стымулявання спецыялістаў, якая ёсць у Гародні. Многім сталічным рэктарам трэба павучыцца, як ашчадна і лаяльна ставіцца да высокіх прафесіяналаў. І не трэба рабіць з Караля беларусафоба. Паглядзіце, хто ў яго прарэктары. Вы назавеце іх беларусафобамі? Трэба быць хворым на галаву, каб лічыць, што ў Гародні штосьці было дрэнна зроблена. Гэта крыўды тых, каго па розных прычынах звольнілі. Ён змагаўся супраць паланізацыі, а не супраць беларускасці, вось што я скажу», — рэзюмаваў Марзалюк.
Яшчэ адна былая выкладчыца ГрДУ, кандыдат гістарычных навук і дацэнт Іна Соркіна прыводзіць прыклады, як пры Каралю адбывалася імклівая русіфікацыя ўніверсітэта.
«Калі хтосьці яго апісвае, як прарасійскага чалавека, то гэта так — такую рысу я магу пацвердзіць. Гэта было адчувальна па палітыцы, якая пачалася з яго прыходам. Памятаю нават такія дробныя моманты, як расклад для студэнтаў: з беларускай мовы пераклалі на рускую, шыльдачкі на кабінетах спрабавалі замяніць на рускамоўныя, — узгадвае Соркіна. — Загад аб сканчэнні ўніверсітэта і ўручэнні дыпломаў сталі выдаваць на рускай мове, раней заўседы на выпускных беларуская мова гучала. На выкладчыкаў, якія выкладалі па-беларуску, пачаўся ціск, каб пераходзілі на рускую, нібыта праз наяўнасць туркменскіх студэнтаў. На адной урачыстай імпрэзе маёй маладой знаёмай выкладчыцы, якая збіралася выступіць па-беларуску, сказалі, што рэктару гэта можа не спадабацца: лепш бы вы, маўляў, па-руску прамову сказалі сваю. Гэта дапаўняе яго характарыстыку. Пра беларусафобію канкрэтна не скажаш, але непрыманне беларускага — гэта было».