«Здаровы нацыяналіст» Дзяніс Дук узначаліў ВНУ, якую скончыў Лукашэнка
28.09.2017 / 16:18
Новым рэктарам Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова стаў 40-гадовы гісторык Дзяніс Дук. Хто ён такі?
Дук нарадзіўся ў 1977-м у Наваполацку. Ён быў познім дзіцём ва Уладзіміра Дука, ветэрана вайны. Дук-старэйшы ў чатырнаццацігадовым узросце сышоў у партызаны, быў камандзірам аддзялення падрыўнікоў. Трапіў у палон, быў у канцлагеры Лукенвальд, але здолеў збегчы адтуль. Меў шматлікія медалі і ордэны за перамогу. Пасля вайны працаваў на «Паліміры» і «Нафтане». Не так даўно спадар Уладзімір памёр, яму было 90 гадоў.
Уладзіміру Дуку на момант нараджэння Дзяніса было 50 гадоў. Хлопец стаў чацвёртым дзіцём у сям’і. Назвалі яго ў гонар дзеда, які загінуў пры ўзяцці Кёнігсберга.
Дзяніс Дук скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэта быў першы набор па спецыяльнасці «гісторыя». Па сканчэнні застаўся на кафедры гісторыі і сацыялогіі ПДУ.
Аднымі з першых археалагічных даследаванняў, у якіх прымаў удзел Дук, былі раскопкі былого езуіцкага калегіума, дзе цяпер месціцца гістарычны факультэт ПДУ.
«Сур’ёзны даследчык. Археалогія — гэта ягоны выбар, ягонае жаданне», — расказвае былы аднакурснік Дзяніса Дука.
Новы рэктар Магілёўскага ўніверсітэта жанаты, мае двух сыноў. Адзін з іх ужо студэнт, другі — школьнік.
«Дук — наш чалавек, добры і бесканфліктны. Ён працягвае традыцыі, якія запачаткавалі Георгій Штыхаў і Сяргей Тарасаў. Ён сапраўдны навукоўца, працалюбівы. Нельга сказаць, што яго нехта прапіхваў па кар’ернай лесвіцы», — кажа гісторык Андрэй Янушкевіч.
У 27 гадоў Дзяніс Дук абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Матэрыяльная культура насельнiцтва Полацка XVI—XVIII стст.: па выніках археалагічнага вывучэння». У 34 гады — доктарскую «Полацк IX—XVIII стст.: узнікненне, фарміраванне і развіццё».
Быў прарэктарам Полацкага ўніверсітэта па вучэбнай рабоце.
Адзін з самых аўтарытэтных археолагаў сучаснасці Сяргей Тарасаў гэтак адгукаецца пра Дука: «Безумоўна, выдатны чалавек і навуковец. Я яго лічу сваім вучнем. Дзяніс вельмі адукаваны і прафесійны. Шчыра кажучы, мне трошку шкада, што яго пераводзяць у Магілёў, ён патрэбны Полацку. Многае мог яшчэ раскапаць. Калі ў Магілёве Дзяніс будзе выкладаць, то студэнтам пашанцуе».
Адметна, што гістфак Магілёўскага ўніверсітэта некалі скончыў Аляксандр Лукашэнка. Чаму кіраўнік краіны даверыў родную «альма матэр» менавіта Дуку?
Лукашэнка надта хваліў супольную працу Дзяніса Дука і Вольгі Ляўко «Вытокі беларускай дзяржаўнасці: Полацкая і Віцебская землі ў IX — XVIII стагоддзях». Ён назваў такі падыход да гісторыі «здаровым нацыяналізмам».