Навукоўцы вярнулі да жыцця чалавека, які праляжаў у коме 15 гадоў

Электрычная стымуляцыя блукаючага нерва дапамагла навукоўцам «абудзіць» чалавека, які 15 гадоў ляжаў у коме пасля цяжкай чэрапна-мазгавой траўмы, гаворыцца ў артыкуле, апублікаваным у часопісе Current Biology.

25.09.2017 / 21:58

Ілюстрацыйнае фота: Fotolia / decade3d

Інсульты і розныя траўмы галавы часта ўводзяць чалавека ў стан, які медыкі называюць «смерцю мозгу». У такіх выпадках цела хворага яшчэ жыве, калі падтрымліваць яго з дапамогай апаратаў штучнага дыхання і вываду адходаў жыццядзейнасці, аднак мозг ужо не функцыянуе. Фактычна чалавека ў такім стане можна прызнаць мёртвым, бо самастойна жыць ён ужо не можа.

Анжэла Сэрыгу з Інстытута кагнітыўных навук у Ліёне (Францыя) і яе калегі працавалі з пацыентам адной з клінік Ліёна, які трапіў у аўтакатастрофу ва ўзросце 20 гадоў і правёў у коме больш за 15 гадоў. Як і многія іншыя людзі ў падобным стане, ён не можа выйсці з комы з-за пашкоджання асаблівых участкаў у мозгу, якія злучаюць яго ніжнія аддзелы, што кіруюць жыццядзейнасцю, з карой і іншымі часткамі нервовай сістэмы, якія адказваюць за працу розуму.

Усе гэтыя часткі мозгу, як распавядаюць даследчыкі, звязвае паміж сабой так званы «блукаючы нерв» — адзін з самых доўгіх і складаных звязкаў нейронаў у целе чалавека, які злучае дзясяткі асобных органаў з мозгам. Гэтую сувязь, як мяркуюць навукоўцы, можна выкарыстоўваць для стымуляцыі «ізаляваных» частак нервовай сістэмы ў мозгу каматозных пацыентаў і фарміравання новых сувязяў паміж імі.

Кіруючыся гэтай ідэяй, навукоўцы ўсталявалі ў брушной поласці пацыента асаблівы электрастымулятар, які быў падлучаны да аднаго з канчаткаў блукаючага нерва і пастаянна пасылаў у яго асаблівыя наборы імпульсаў, частата і магутнасць якіх змянялася з часам.

Як адзначае Сэрыгу, вынікі гэтага эксперыменту ў разы пераўзышлі адносна песімістычныя чаканні навукоўцаў — мужчына выйшаў з комы і пачаў рэагаваць на словы і дзеянні і выконваць простыя каманды сядзелак і сваякоў.

Да прыкладу, ён зноўку набыў здольнасць сачыць за прадметамі вачыма, навучыўся рухаць шыяй і перастаў засынаць, калі сядзелка ці яго маці чыталі яму кнігу. Акрамя таго, мужчына пачаў рэагаваць на рэзкія рухі і праяўляць іншыя рэакцыі, якія не характэрныя для людзей у коме.

Усе гэтыя станоўчыя змены, па словах біёлагаў, выяўляліся і на ўзроўні электрычнай актыўнасці мозгу. 

Зараз навукоўцы рыхтуюцца правесці новыя клінічныя выпрабаванні з вялікім лікам добраахвотнікаў, якія, як спадзяюцца Сэрыгу і яе калегі, пацвердзяць атрыманыя імі вынікі і дапамогуць зразумець, што трэба зрабіць для далейшага паляпшэння стану людзей у коме.