Японец, які вучыць беларускую мову: «Я не ведаю іншай краіны, дзе жывуць такія добрыя людзі!»
Юзік Сумі — незвычайны малады чалавек. Сам ён японец, аднак жыве ў Румыніі. Выкладае цыганскую мову, а вучыць беларускую і яшчэ шмат-шмат іншых моў. Кажа, беларуская даецца цяжка, але ён стараецца. Мы папрасілі Юзіка напісаць, што ён думае пра Беларусь, беларусаў і беларускую мову. Юзік згадзіўся адразу.
13.09.2017 / 10:30
Школа беларусістыкі. Мінск, 2017. Фота Настассі Саўковай.
«Мяне завуць Юсукэ Сумі. Я японец. Маё японскае імя цяжкаватае, таму звычайна па-беларуску я кажу проста «Юзік». Але, на жаль, яшчэ не магу добра вымаўляць «зі». Беларуская мова вельмі цяжкая.
Я нарадзіўся у Японіі, у горадзе Токіа. Мае бацькі — выкладчыкі ў школе для дзяцей з інваліднасцю.
Я настаўнік ромскай (цыганскай) мовы ў Румыніі. Калі я быў у ліцэі ў Японіі, вывучаў штучную мову эсперанта. Мне яна вельмі падабалася, і я нават выкладаў яе потым адзін год ў іншым ліцэі ў групе для невідушчых студэнтаў. Тады ў мяне зусім не было досведу, думаю, мае заняткі былі збольшага бессэнсоўнымі. Студэнты былі сляпымі, яны заўсёды слухалі з заплюшчанымі вачамі, але я заўважаў, што некаторыя проста спяць.
Аднойчы выкладчык эсперанты сказаў, што калі мне падабаецца гэтая мова, то лепш вывучыць і лацінскую. І я пачаў вывучаць яе ў прыватнай школе. Аднак паколькі школа найперш была школай французскай мовы, трэба было вучыць і французскую.
Я хацеў працягваць удасканальваць лацінскую мову ў еўрапейскай раманскай краіне. Абраў Румынію, бо знайшоў заняткі па румынскай мове ў Токіа і чуў, што паколькі гэтая мова не асабліва папулярная ў нас, то нескладана атрымаць стыпендыю ад Румыніі.
Пра Румынію шмат гаварыць не буду, гэта іншая тэма. Я вывучаў лацінскую і старагрэцкую мовы ва ўніверсітэце ў горадзе Клуж-Напока ў Трансільваніі, дзе жыве шмат венграў. Потым выехаў з Румыніі і працягнуў вывучаць лацінскую ў магістратуры ў Будапешцкім універсітэце ў Венгрыі. Там жа я пачаў вывучаць і беларускую мову. Вядома, маёй спецыяльнасцю была лацінская, але я здаўна хацеў вывучыць славянскую мову, таму што мы, лаціністы, вывучаем яшчэ і праіндаеўрапейскую мову. Складана, калі не ведаеш ніякай славянскай.
Ва ўніверсітэце я мог абраць любую славянскую мову. Не ведаю, чаму я спыніўся на беларускай. На жаль, тады я мала што ведаў пра вашу краіну. Калі ў мяне хтосьці пытаецца, чаму беларуская, звычайна я адказваю, што мяне паклікала Еўфрасіння!
З настаўніцай беларускай мовы. Будапешт, 2013.
Мая выкладчыца беларускай мовы — спадарыня Ларыса Станкевіч — цудоўная жанчына. Я ведаў венгерскую мову, але зусім не ведаў рускую, таму мне цяжка было вучыцца з іншымі венгерскімі студэнтамі. Выкладчыца распрацавала для мяне індывідуальныя заняткі. Ад Ларысы я даведаўся не толькі пра мову, але і пра культуру, гісторыю Беларусі. І мне захацелася з’ездзіць у Беларусь.
Ларыса вельмі дапамагла, дзякуючы ёй у Мінску і ў Брэсце ў мяне былі гіды. А сярод студэнтаў, якія дапамагалі мне ў Мінску, была і японка. Мабыць, многія з тых, хто займаецца беларускай мовай, чулі пра яе. Гэта Сіёры Кіёсава, самая вядомая і актыўная настаўніца беларускай мовы ў Японіі. Я пазнаёміўся з ёй выпадкова, тады яна была яшчэ студэнткай, вучылася ў Мінску. Спадзяюся, шмат японцаў вывучаць вашу прыгожую мову і культуру ад яе. Я таксама хацеў бы, але цяпер не жыву ў Японіі.
У маё першае падарожжа ў Беларусь, гэта было ў 2013 годзе, я размаўляў па-беларуску вельмі дрэнна. Мне было крыху дзіўна, што шмат людзей у Беларусі гавораць толькі па-руску. Тады я яшчэ не ведаў становішча беларускай мовы. Ужо потым я прачытаў па-японску пісьмовую работу Сіёры на гэтую тэму.
Думаю, мова — гэта ідэнтычнасць народа. Напрыклад, я выкладаю граматыку цыганскай мовы не толькі румынам, але і цыганам, якія зусім не размаўляюць на сваёй мове. Для іх першая мова — румынская. Але калі выкладаць цыганскую мову добра, яна стане іх роднай мовай, хоць для мяне заўжды будзе замежнай.
З цыганскімі дзецьмі. Румынія, 2017.
Але маё падарожжа ўсё адно было цікавым. Хоць я і не разумеў, што кажуць людзі, я адчуваў, што ў Беларусі ўсе добрыя і ласкавыя. Тая вандроўка засталася ў маім сэрцы як прыгожая казка. А потым я скончыў навучанне ў Будапешце і вярнуўся ў Румынію ў аспірантуру. На жаль, больш у мяне не было нагоды вывучаць беларускую мову, трэба было канцэнтравацца на навучанні.
А сёлета, калі я паехаў у Малдову і ўбачыў у краме беларускую гарэлку і шкло «Нёман», зразумеў, што вельмі сумую па Беларусі. Калі б я так не сумаваў, не выпіў бы з нёманскай шклянкі ў гасцініцы!
Здарылася і нагода зноў прыехаць у Беларусь. Ларыса распавяла мне пра Міжнародную летнюю школу беларусістыкі, таму, калі я скончыў навучанне ў аспірантуры і ў мяне быў перапынак у выкладанні ромскай мовы ва ўніверсітэце, я вырашыў узяць удзел у гэтай школе.
Яшчэ да таго, як я прыехаў у Беларусь, я пазнаёміўся з добрымі беларусамі. З Бухарэста ў Мінск я ляцеў самалётам, і якраз за мной села беларуска. Мы з ёй вельмі павольна размаўлялі па-беларуску. Яна працуе перакладчыцай з англійскай, на наступны дзень раніцай мусіла перакладаць у Мінску. Мы ж прыляцелі ноччу, але яна засталася са мной і дапамагла атрымаць візу ў аэрапорце. Потым мы з ёй і іншымі паехалі на таксі ў цэнтр Мінска, яна заплаціла кіроўцу і пайшла. Не ўзяла грошы ад мяне.
Я не ведаю іншай краіны, дзе жывуць такія добрыя людзі. Калі хтосьці запытаецца, што мне найбольш падабаецца ў Беларусі, я адкажу без роздумаў: «Людзі».
Кіёта, Японія, 2016.
На жаль, у Румыніі, дзе я жыву, у мяне няма выкладчыка беларускай мовы. Пасля школы беларусістыкі маё жаданне вывучаць беларускую мову стала яшчэ большым, чым раней.
Некаторыя валанцёры-студэнты цяпер мае добрыя сябры.
Адна дзяўчына не толькі гатуе бульбу, але сама выкопвае яе і аднойчы нават даслала мне фотаздымак з бульбай! Вельмі цяжка было ўтрымацца, каб не засмяяцца!
І беларуская бульба найсмачнейшая! Я здзівіўся, калі пакаштаваў упершыню.
Чаго няма ні ў Японіі, ні ў Румыніі, але ёсць у Беларусі — кантроль на станцыях метро. І яшчэ квас. На шчасце, я знайшоў квас у славянскай краме ў Румыніі. Вельмі здзівіўся, бо аказалася, што гэты квас з Беларусі! Дзякую табе, Божа!»
Чытайце таксама: