З пачатку верасня ў Светлагорскім раёне ваўкі двойчы напалі на свойскую жывёлу
11.09.2017 / 13:23
З пачатку верасня ў Светлагорскім раёне былі зафіксаваныя два выпадкі нападу ваўкоў на свойскую жывёлу.
У першым выпадку ваўкі зарэзалі трох цялятаў на малочна-таварнай ферме ў Асташкавічах, у другім, на прыватным падворку ў Мартынаўцы, дзве авечкі і казу.
У таварыстве грамадстве паляўнічых і рыбаловаў растлумачылі, што ў канцы жніўня-верасні - гэта звычайная з'ява. Ваўчыца павінна карміць і навучаць паляванню маладняк, і свойскія жывёлы для гэтага найбольш зручная мэта.
У Светлагорскім раёне часцей за ўсё ваўкі сустракаюцца каля вёсак Пажыхар, Баравікі, Яланы, Хутар.
Што тычыцца непасрэднай небяспекі для чалавека, у прыватнасці, для мноства грыбнікоў, то паляўнічыя запэўнілі, што воўк на людзей нападае толькі ў выключных выпадках. Толькі, калі хварэе на шаленства. Здаровы драпежнік чалавека пазбягае.