Аліеў памілаваў блогера Лапшына, якога дэпартавалі ў Баку з Беларусі
11.09.2017 / 11:11
Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў памілаваў асуджанага на 3 гады блогера Аляксандра Лапшына. Пра гэта паведамляюць Vesti.Az.
Лапшына асудзілі ў Баку ў ліпені 2017 года за неаднаразовыя паездкі ў Нагорны Карабах, за што з 2011 года ён знаходзіцца ў «чорным спісе» МЗС Азербайджана. Пасля гэтага, у 2015 годзе, ён змог трапіць у Азербайджан па ўкраінскім пашпарце, дзе ён значыўся як «Олександр». Гэта стала падставай для завядзення крымінальнай справы і абвяшчэння Лапшына ў вышук.
Супраць яго следчым упраўленнем па цяжкіх злачынствах Генпракуратуры Азербайджана была распачатая крымінальная справа за незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы краіны.
Лапшын быў затрыманы ў Мінску 15 снежня 2016 года і экстрадаваны 7 лютага 2017 года ў Азербайджан.
Рашэннем Бакінскага суд па цяжкіх злачынствах Лапшын быў абвешчаны вінаватым па артыкуле 318.2 (незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы) і прысуджаны да 3 гадоў пазбаўлення волі. Абвінавачванне прасіла 6,5 года зняволення.