«Прыйдзе час, калі ўсё чалавецтва будзе блізарукім». Афтальмолаг пра сучаснасць і будучыню нашага зроку
Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, 285 мільёнаў чалавек маюць праблемы са зрокам. 90% з іх — жыхары краін ў стадыі развіцця. І сітуацыя будзе толькі пагаршацца: прынамсі колькасць блізарукіх дакладна павялічыцца.
02.09.2017 / 09:50
Пра тое, якіх яшчэ змяненняў са зрокам усім нам варта чакаць у будучыні, пра бескарысныя практыкаванні, чарніцы і моркву, а таксама пра тое, як зрабіць так, каб у дзіцяці быў добры зрок, нам распавяла афтальмолаг медыцынскага цэнтра «Вокамедсон» Аляксандра Макарэвіч.
Аляксандра Макарэвіч, афтальмолаг медыцынскага цэнтра «Вокамедсон».
«Наша Ніва»: Аляксандра, з якімі парушэннямі зроку часцей за ўсё сутыкаюцца беларусы?
Аляксандра Макарэвіч: Айчынная статыстыка не моцна адрозніваецца ад сусветнай. Самыя распаўсюджаныя адхіленні — гэта анамальныя рэфракцыі: блізарукасць (калі чалавек добра бачыць паблізу), дальназоркасць (калі бачыць нармальна здалёк) і астыгматызм (калі бачыць размытую карцінку, незалежна ад адлегласці аб’екта). Далей у рэйтынгу ідуць узроставыя хваробы — катаракта і глаўкома.
«НН»: З якім найгоршым зрокам да вас прыходзілі пацыенты?
АМ: У мяне былі кліенты з мінусам 18 і з плюс 10. Жывецца ім цяжка, але гэта не смяротны прысуд. Сучасная медыцына дазваляе вырабляць акуляры і лінзы для якога заўгодна мінусу. Яны каштуюць дорага, бо прадугледжваюць індывідуальны падыход, але мяжы тут не існуе.
«НН»: Шмат сучасных людзей робяць лазерную карэкцыю. Ці існуюць даследаванні на тэму таго, як пасля такой аперацыі будзе сябе паводзіць вока ў сталым узросце?
АМ: Якія б вынікі не давала лазерная карэкцыя, гэта не лячэнне, а механічнае змяненне вастрыні зроку. Падчас аперацыі хірург станчае рагавіцу і змяняе яе першапачатковую структуру, сілу праламлення (у выніку мы маем больш тонкую тканку, схільную да зменаў пасля нейкіх траўм ці з прыходам эндакрыналагічных праблем). Аддаленыя наступствы першых карэкцыйных аперацый, калі на рагавіцу наносіліся насечкі, ужо вядомыя, і iх, на жаль, нельга назваць пазiтыўнымi, хаця ў свой час яны дапамаглі добра бачыць тысячам.
Аддаленыя наступствы лазернай карэкцыі будуць вядомыя праз гадоў 15-20, калі тыя, хто зрабіў яе, дасягнуць сталага ўзросту. Разам з тым каля 10% пацыентаў пасля карэкцыі зноў вяртаюцца да акуляраў ці лінзаў.
«НН»: У тым, што насельніцтва імкліва губляе зрок, вінаватыя гаджэты, якія так аблайвае старэйшае пакаленне?
АМ: Не толькі. Прызнана, што колькасць блізарукіх дзяцей павялічылася, бо сёння яны менш бываюць на свежым паветры, арганізм атрымлівае меншую дозу дзённага святла. Нават на канікулах падлеткі сядзяць за камп’ютарам ці ў гуртках — карацей, у памяшканнях з ненатуральным асвятленнем. Японія, напрыклад, ужо прыйшла да таго, што больш за 60% малодшых школьнікаў вымушаныя карыстацца акулярамі. У Беларусі за апошнія 10 гадоў колькасць дзяцей у акулярах і лінзах сярод тых, хто пераходзіць з малодшай школы ў сярэднюю, значна павялічылася.
Акрамя таго, гэта асаблівасць нашага пакалення: нам усё менш трэба глядзець удалячынь, што было звычайным для нашых продкаў, якія палявалі. Ну і гаджэты, безумоўна, робяць свой адмоўны ўнёсак ў агульны працэс. Тэлевізар, за працяглы прагляд якога бацькі маглі пакараць раней, цяпер сярод іншых забаў самы бяскрыўдны варыянт.
«НН»: Калі вы сваім пацыентам дазваляеце даваць у рукі малым планшэт?
АМ: Паводле міжнародных рэкамендацый, дзецям да трох гадоў увогуле забараняецца карыстацца як планшэтамі з тэлефонамі, так і тэлевізарам. Малодшых школьнікаў, у сувязі з існаваннем у навучальных установах электронных дзённікаў, дазволена дапускаць да камп’ютара на 10-15 хвілін.
Планшэты і тэлефоны ж лепш схаваць ад дзяцей да 10-12 гадоў — узросту, калi іх вока па сваіх функцыянальных і анатамічных параметрах больш ці менш набліжаецца да вока дарослага чалавека.
«НН»: Гэта гучыць нерэальна ў сучасным свеце…
АМ: Можа, і нерэальна. Але бацькі, у якіх дрэнны зрок, або тыя, што сапраўды адказна ставяцца да здароўя дзіцяці, стараюцца прытрымлівацца гэтых правіл і ідуць на такія абмежаванні.
«НН»: А існуюць нейкія звязаныя са зрокам парады для будучых маці?
АМ: Канечне, калі ў абодвух бацькоў ёсць блізарукасць, яна, хутчэй за ўсё, пяройдзе ў спадчыну і нованароджанаму. На жаль, выявіць нейкія хваробы зроку ці адхіленні ад нормы ва ўлонні нельга.
Таму ўсё, што можна рэкамендаваць маці, якія хочуць нарадзіць здаровых дзяцей — гэта прытрымлівацца правільнага ладу жыцця, пры неабходнасці прымаць дадатковыя вітаміны і старацца не падхапіць інфекцыю кшталту краснухі, таму што падобныя рэчы негатыўна паўплываюць на развіццё органа зроку немаўляці.
«НН»: Колькі разоў на год у ідэале мусіць наведваць кабінет афтальмолага сярэднестатыстычны беларус?
АМ: Калі вам менш за сорак і вы не адчуваеце праблем са зрокам, то можна паказвацца афтальмолагам раз на некалькі гадоў. Пасля гэтага веку пажадана наведваць бальніцу кожны год, бо ў такі час пачынае прагрэсаваць шмат узроставых хвароб. Калі ж у чалавека маюцца парушэнні зроку, то трэба правярацца ў акуліста хаця б раз на паўгода.
«НН»: Давайце заадно прыгадаем, чым яшчэ можна дапамагчы сваім вачам самастойна?
АМ: Працоўны манітор павінен асвятляцца з левага боку (ці хай святло трапляе непасрэдна на камп’ютар: пад вуглом, каб на экране не было блікаў). Імкніцеся да таго, каб размясціць тэхніку на адлегласці 60-80 сантыметраў ад вачэй, а верхні край — крышачку ніжэй іх ўзроўню. Калі гаворка ідзе пра кнігі — хай гэта будзе 40 сантыметраў між вамі і літарамі на паперы.
Агульныя рэкамендацыі па часе наступныя: дарослым, якія працуюць за камп’ютарам, трэба кожную гадзіну рабіць невялікі перапынак, дзяцям — кожныя паўгадзіны, хаця б на 5-10 хвілінак. Пры статычных нагрузках важна яшчэ сачыць за фігурай.
«НН»: Якія метады лячэння, што выкарыстоўваліся ў афтальмалогіі зусім нядаўна, больш не працуюць?
АМ: Раней лічылася так: калі ў дзіцяці, напрыклад, мінус тры, непажадана выпісваць акуляры з такім самым мінусам: лепей менш, каб вока не ленавалася і самастойна напружвалася пры спробах сфакусіравацца на далёкіх аб’ектах.
Сёння агульнапрынятым правілам з'яўляецца прызначэнне як мага больш поўнай карэкцыі. Даказана, што блізарукія вочы працуюць якраз толькі ў акулярах або кантактных лінзах.
«НН»: Тое, што магчыма вярнуць «адзінку» з дапамогай практыкаванняў ці чарніц з морквай, таксама няпраўда?
АМ: У нас няма ніякіх пацверджанняў, што цудоўныя практыкаванні Нарбекава і іншыя падобныя метады рэальна працуюць. Любы практыкуючы афтальмолаг пацвердзіць, што да яго пакуль не прыходзіў ні адзін пацыент, які пазбавіўся б блізарукасці якім-небудзь з гэтых спосабаў.
Так, мы раім рабіць размінкі, каб павялічыць прыток крыві да вочнага яблыка, ці ў якасці адпачынку пасля любой статычнай нагрузкі — гэта карысна. Але вярнуць зрок ні яны, ні чарніцы з морквай не дапамогуць — гэта ўсё міфы.
У выпадку з восевай блізарукасцю (звязанай з залішнiм ростам вочнага яблыка) мы ўвогуле можам толькі праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы і чакаць, пакуль перастане актыўна выпрацоўвацца гармон росту, праз які вочны яблык расце занадта хутка. Чаму у адных вока становіцца вялікім, а ў іншых, наадварот, не дабірае патрэбных памераў — невядома. Як нельга адказаць, чаму ў адных людзей 43-ці памер нагі, а ў іншых 36-ты.
«НН»: Чырвоныя бялкі вачэй — што робіць іх такімі?
АМ: Тут усё вельмі індывідуальна. Чырвонае вока — гэта сімптом дзесьці 40 захворванняў, неабавязкова афтальмалагічных: гэта можа быць звязана з рэўматызмам, высокім артэрыяльным ціскам, нейкай інфекцыяй ці алергічнай рэакцыяй. Калі мы, напрыклад, працуем за маніторам, наш арганізм гасіць мігальны рэфлекс, а сляза на пярэдняй паверхні вока аднаўляецца толькі калі мы міргаем. У выніку замест патрэбных 12-13 разоў на хвіліну, мы міргаем толькі 2-3, воку не хапае харчавальных рэчываў, якія ўтрымліваюцца ў слёзнай плёнцы, і яно чырванее.
Аднак каб высветліць дакладныя прычыны пачырванення, трэба прыйсці да акуліста, які вырашыць гэтую праблему з дапамогай кропель, напрыклад, ці накіруе да іншага доктара.
«НН»: Лінзы ці акуляры, што лепш карэктуе зрок?
АМ: Адна з вядучых тэорый са складанай назвай — тэорыя змянення перыферычнага рэтынальнага дэфокуса — сведчыць: чым лепшы малюнак мы атрымліваем ва ўсіх аддзелах сятчаткі, тым лепш. Кантактныя лінзы выдатна даюць рады такой задачы, і гэта грае сваю ролю ў тармажэнні развіцця той жа блізарукасці.
«НН»: А ў якім узросце можна пачынаць насіць лінзы?
АМ: У оптыках раней за 14 гадоў лінзы не падбіраюць. Можна рабіць гэта і раней, аднак наўрад ці ўсе дзеці ў малым узросце ў стане несці адказнасць за бездакорнае выкарыстоўванне лінзаў: чысціню рук, кантэйнера і акуратнае баўленне часу на вуліцы.
«НН»: У мае школьныя гады ўсіх акулярыкаў у двары і школе пастаянна абзывалі. Ці ўсе падлеткі сёння спакойна ўспрымаюць навіну, што ім трэба будзе насіць акуляры?
АМ: Відаць, дзякуючы модным тэндэнцыям і часопісам, у апошнія гады вельмі змяніліся адносіны дзяцей да акуляраў: іх хутчэй пазіцыянуюць як цікавы аксэсуар.
Дзяўчынкі-падлеткі, якім мы не выпісваем на іх рэцэпт, могуць расстроіцца і нават расплакацца з гэтай нагоды.
У такіх выпадках мы прапануем бацькам набыць мадэль з нулявым, празрыстым шклом — хай забаўляюцца. Адмоўная рэакцыя на нашэнне акуляраў можа быць у адзінак.
«НН»: Як вы ставіцеся да кропак з акулярамі каля метро, дзе іх прадаюць за 10 рублёў?
АМ: Адмоўна, але ўсё, што мы можам тут зрабіць, гэта проста данесці да насельніцтва: нельга набываць тое, што ўплывае на ваша здароўе, у неправераных пастаўшчыкоў. Гэта прыблізна як пайсці і купіць лекі з латка: ніхто не ведае, як гэта адаб’ецца на вашым арганізме. Ёсць спецыяльныя оптыкі, якія знаходзяцца пад кантролем Міністэрства аховы здароўя, там вы хаця б можаце атрымаць гарантыю.
Тое ж самае можна сказаць пра танныя кітайскія сонечныя акуляры. Яны працуюць такім чынам, што проста зацямняюць вока, зрэнка ў такіх умовах пашыраецца, а яркае святло трапляе і дрэнна ўплывае на сятчатку.
Лепш увогуле ніякіх акуляраў, чым няякасныя, бо ў натуральных умовах наш арганізм хаця б здольны ўключыць абарончую рэакцыю на яркае святло ды звузіць зрэнкі.
Не раю я злоўжываць і каляровымі лінзамі, асабліва ў летні перыяд. Яны працуюць, як і сонечныя акуляры. Але адзначу, што звычайна ад недарагіх каляровых лінзаў нельга чакаць добрай якасці, бо ў афтальмалогіі яны лічацца проста свавольствам.
«НН»: Ці зможа медыцына калі-небудзь перамагчы ўсе зрокавыя хваробы?
АМ: Што тычыцца бясшвовага выдалення катаракты, беларускія спецыялісты тут знаходзяцца на сусветным узроўні і спраўляюцца выдатна: 30 хвілін працы хірурга вяртаюць пацыенту зрок.
Блізарукасць жа мы наўрад ці калі-небудзь пераможам: нельга не пагадзіцца, што яна ў пэўным сэнсе з’яўляецца прыстасавальніцкай рэакцыяй пакалення, і праз якую сотню-другую гадоў будзе ва ўсіх людзей, гэта стане нормай.
З дальназоркасцю наадварот: яна, як рудымент, хутчэй за ўсё, будзе адміраць, бо функцыя бачання ўдалечыню сучаснаму чалавеку патрэбная ўсё менш і менш.
УНП 191126676
ТАА «Окомедсон»