У Мінску суд вынес прысуд чарговай групе ашмянскіх мытнікаў

29.08.2017 / 11:04

Справа ў адкрытым пасяджэнні слухалася амаль год. 11 былых супрацоўнікаў пункта пропуску «Каменны Лог» прызналі вінаватымі па ч. 3 арт. 430 КК «Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры». Пяцярых абвінавачаных прысудзілі да 5 гадоў пазбаўлення волі, аднаго — да 5,5 года, яшчэ пяцярых — да шасці гадоў. Адбываць пакаранне яны будуць у калоніі ўзмоцненага рэжыму, піша Tut.by.

Сёння ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска абвясцілі прысуд 11 былым супрацоўнікам Ашмянскай мытні. Пакуль ішоў суд, 7 чалавек знаходзіліся пад вартай, яшчэ чацвёра пад падпіскай аб нявыездзе. Па версіі следства, злачыннай групай (гаворка ідзе пра ўсіх 58 фігурантаў справы мытнікаў) быў нанесены ўрон на суму 876 тысяч даляраў і 19 тысяч еўра.

Астатніх абвінавачаных супрацоўнікаў пункта пропуску «Каменны Лог» працягваюць судзіць у Партызанскім, Кастрычніцкім і Заводскім судах Мінска. Прысуд ім будзе абвешчаны ў бліжэйшы час.