Раскрыты сакрэт глінянай шыльды ўзростам 3700 гадоў
26.08.2017 / 07:04
Аўстралійскія даследчыкі разгадалі прызначэнне вавілонскай глінянай шыльды ўзростам 3700 гадоў. З даследавання навукоўцаў, апублікаванага ў часопісе Historia Mathematica, вынікае, што артэфакт прадстаўляе сабой найстарэйшую і найбольш дакладную трыганаметрычную табліцу, якую вавілонскія матэматыкі маглі выкарыстоўваць для разлікаў пры будаўніцтве. Гэта, дарэчы, даказвае тое, што першымі трыганаметрыю вывучылі не грэкі, як гэта лічылася раней, а жыхары Вавілона
Шыльду, якая цяпер знаходзіцца ў Бібліятэцы рэдкіх кніг і рукапісаў Калумбійскага ўніверсітэта ў Нью-Ёрку, знайшоў у пачатку 1900-х на тэрыторыі сучаснага паўднёвага Ірака археолаг Эдгар Бэнкс.
Клінапіс на таблічцы згрупаваны ў чатыры слупкі і пятнаццаць радкоў. Меркавалася, што яе выкарыстоўваў настаўнік для таго, каб правяраць рашэнні квадратычным раўнанняў, але навукоўцы абверглі гэтую гіпотэзу. У таблічцы Plimpton 322 апісаныя прастакутныя трыкутнікі, прычым у гэтым апісанні выкарыстоўваліся не вуглы або акружнасці, а суадносіны бакоў.
Гліняная табліца з розных бакоў
Гэтая табліца дазваляе па дзвюх вядомых даўжынях бакоў трохвугольніка даведацца пра даўжыню трэцяга.
Самы вядомы прыклад, які ўсе помняць са школы — «піфагораў» трохкутнік з даўжынямі бакоў 3, 4 і 5. Калі ведаеш, што гэта простакутны трохвугольнік, і два ягоныя бакі раўняюцца 3 і 5, то гэта значыць, што трэці мае даўжыню 4.
Значэнні ж на вавілонскай таблічцы пачынаюцца з тройкі 119, 120 і 169. Гэта дазволіла даследчыкам пагадзіцца з папярэднімі даследаваннямі, паводле якіх першапачаткова на ёй было шэсць слупкоў, а шэрагаў павінна было быць 38.