Academi супраць Групы Вагнера: якая сіла прыватных вайсковых кампаній
06.08.2017 / 12:59
Прыватныя вайсковыя кампаніі — модная тэма ў расійскай публіцыстыцы. Паспрабуем разабрацца ў тым, што такое сучасныя ПВК, чым яны займаюцца і на што здольныя.
Гісторыя: ад пірамід да Смаленска
Гісторыя вайскоўцаў-наймітаў сягае ў Антычнасць: яшчэ егіпецкі фараон Рамзэс ІІ выкарыстоўваў найманых за грошы ваяроў з тэрыторыі сучаснага паўночнага Судана. Далей чужую кроў і баявую ярасць куплялі і старажытныя грэкі, і рымляне, і сярэднявечныя каралі.
Набіралі наймітаў і ў войска Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай — асабліва з таго часу, як стала падаць баяздольнасць феадальнага шляхецкага апалчэння. Так, вядомы шатландскі ваяр Патрык Гордан у ХVII стагоддзі служыў у шведскай арміі, трапіў у палон, палічыў сябе вольным ад абавязкаў, бо шведы яго не сталі выкупаць, стаў служыць Рэчы Паспалітай — ваяваў супраць татараў і маскоўцаў, потым стаў служыць і маскоўскаму цару.
Ландскнехты — нямецкая пяхота пачатку ХVI ст. дала імя ўсім наймітам на 500 год наперад.
У ХVI—ХVIІІ стагоддзях большасць еўрапейскіх армій стала цалкам найманай — паўсталі цэнтралізаваныя дзяржавы, якія маглі дазволіць сябе вялікія рэгулярныя арміі, а прагрэс знізіў колькасць людзей, патрэбных для сельскай гаспадаркі. Нават першая рэвалюцыйная армія Захаду — армія ЗША часоў Вашынгтотна — камплектавалася амаль толькі добраахвотнікамі, якія служылі за грошы. Грошай, праўда, часта не хапала, і патрыёты маглі разыходзіцца па хатах у разгар вайны, бо іх кантракты скончыліся.
Радыкальна сітуацыя змянілася ў часы Французскай рэвалюцыі і напалеонаўскіх войнаў, а цалкам у Еўропе яе замацаваў надыход нацыяналізму. Пашырэнне адукацыі і патрэба ў яшчэ больш масавых вайсковых фарміраваннях стварылі з дапамогай нацыянальнага пачуцця мільённыя арміі прызыўнікоў, якія і вырашалі лёс усіх вялікіх вайсковых канфліктаў ХХ стагоддзя.
Найноўшая гісторыя: робяць тое, што не могуць дазволіць сабе дзяржавы
Новы этап гісторыі наймітаў мае карані ў часы дэкаланізацыі — калі маладым арміям новаствораных дзяржаў спатрэбілася падтрымка былых ветэранаў, а росквіт пачаўся ў 1990-я гады, калі пасля халоднай вайны ў краінах НАТО і былога Варшаўскага блоку з'явілася шмат скарочаных са службы вайскоўцаў.
Адначасова са зніжэннем міжнароднай напружанасці палітыкам краін Захаду стала ўсё цяжэй апраўдваць выбарцам страты сярод салдат нацыянальных узброеных сіл. Да здароўя і жыцця «жаўнераў удачы», якія мэтава наймаюцца для выканання дзяржаўных ці камерцыйных задач, грамадства ставіцца значна прасцей.
Інструктар кампаніі Blackwater, якая была створаная ў 1997 годзе.
Нестабільнасць і тэрарызм у рэгіёнах, дзе працавалі многія заходнія кампаніі па здабычы сыравіны, патрабавалі рэакцыі, але рэгулярныя заходнія арміі не маглі дзейнічаць на чужой тэрыторыі для абароны чыста камерцыйных інтарэсаў — гэта непрымальна для грамадскай думкі. Яшчэ адзін фактар попыту на каляваенныя паслугі з’явіўся ў ХХІ стагоддзі — калі пасля 11 верасня 2001 года Амерыка пачала барацьбу з тэрарызмам у сусветным маштабе.
У выніку за апошняе дзесяцігоддзе агульны аб'ем кантрактаў ПВК склаў больш за 100 млрд USD, а колькасць кантрактнікаў толькі заходніх кампаній перавысіла 50.000 чалавек. З'явіліся ПВК, якія абараняюць бяспеку кітайскіх кампаній у небяспечных краінах, з'явіліся і расейскія ПВК.
Як дзейнічаюць лідары сектара
Аднак, хоць найміты і маюць тысячагадовую гісторыю, у адрозненне ад ландскнехтаў ці знакамітай швейцарскай пяхоты Сярэднявечча, сучасныя кантрактнікі (гэты тэрмін захоўваецца менавіта за супрацоўнікамі ПВК, а не за вайскоўцамі-прафесіяналамі дзяржаўных армій) амаль ніколі не выкарыстоўваюцца для ўдзелу ў агульнавайсковым баі.
У той жа Афрыцы ПВК нават калі часткова і выкарыстоўвалі цяжкае ўзбраенне і авіяцыю, дык толькі там, дзе яны былі патрэбныя ў гамеапатычных дозах і супраць яшчэ горш узброенага праціўніка, такога як арганізаваныя злачынныя групоўкі, тэрарысты ці піраты.
Супрацоўнік заходняй ПВК можа трапіць цяпер на поле поўнамаштабнага бою, магчыма, толькі выпадкова — напрыклад, калі ягоная вайсковая частка, дзе ён быў інструктарам, стала ахвярай нечаканага ўдару праціўніка. Гэта датычыцца і Academi (былой Blackwater), і астатніх лідараў сектару: Triple Canopy, G4S, DynCorp International, Erinys International.
Што робяць найміты?
Для чаго ж кантрактнікі дзяржаўным структурам, якія маюць нашмат больш колькасныя ўзброеныя вайсковыя, паліцэйскія і спецыяльныя падраздзяленні?
Фактычна ПВК — гэта спосаб хутка пашырыць тыя «вузкія месцы», у якіх вайскоўцы ці спецслужбоўцы не маюць дастатковай колькасці падрыхтаваных спецыялістаў, пачынаючы ад экспертаў па кібербяспецы і прыватных ахоўнікаў для дыпламатаў і заканчваючы ўзброенымі перакладчыкамі для сувязі з войскамі хаўруснікаў. Асабліва калі задача, для якой наймаюць кантрактнікаў, занадта лакальная і кароткатэрміновая, каб спецыяльна рыхтаваць для яе выкарыстання ўласных вайскоўцаў.
Афганскі паліцыянт і брытанскі кантрактнік-інструктар у 2009 годзе.
Возьмем для прыкладу вельмі пашыраны выпадак часоў антытэрарыстычнай вайны ў Іраку пасля 2003 года. Маем нафтавы аб'ект, які трэба ахоўваць ад імавернага нападу баевікоў. Аднак армія ЗША лічыць абсалютна бессэнсоўным звязваць дарагі і магутны механізаваны батальён рэгулярнай арміі аховай і патруляваннем ці дзяліць яго на часткі.
Замест гэтага наймаецца ПВК, якая ў сваю чаргу хутка наймае на вольным рынку вакансій людзей з досведам вайсковай ці паліцэйскай службы, якім дастаткова мець лёгкую пяхотную зброю і не трэба цяжкай бранятэхнікі ці артылерыі. У выніку армейскі батальён захоўваецца як адзіная мабільная баявая адзінка для актыўных дзеянняў супраць баевікоў, а аб'ект, які патрабуе стацыянарнай абароны, атрымлівае адносна недарагую ахову. Калі на аб'ект нападае сіла, з якой звычайныя ахоўнікі не могуць даць рады, яны выклікаюць падтрымку арміі.
Падобная схема дзеянняў цалкам пацвердзіла сваю эфектыўнасць у Іраку, дзе амерыканцы і іхныя хаўруснікі перамаглі ісламісцкае падполле, камбінуючы ахоўныя меры з выкарыстаннем ПВК з пастаяннымі наступальнымі дзеяннямі арміі і сіл спецыяльнага прызначэння.
Выключэнні, якія пацвярджаюць правіла
Характэрнымі выключэннямі тут сталі дзве кампаніі з Расіі — адна з якіх, магчыма, не мела непасрэдных сувязяў з дзяржавай, а другая, наадварот, фактычна выконвае функцыю ценявой рукі Масквы.
Першая — гэта зарэгістраваная ў Ганконгу фірма Slavonic Corps (Славянскі корпус), якая ў 2013 годзе падманам наймала ў Расіі ветэранаў АМАПу, паветрана-дэсантных войск і войск спецыяльнага прызначэння для ўдзелу ў грамадзянскай вайне ў Сірыі ў якасці звычайнага гарматнага мяса. Наймітам у выніку далі састарэлую зброю, а замест танкаў Т-72 — цывільныя аўтобусы, «браніраваныя» металічнымі лістамі. Вярнуцца змаглі тыя, хто «зарабіў на зваротны квіток». Сумная гісторыя скончылася за некалькі тыдняў.
Другі прыклад — так званая «група Вагнера», якая атрымлівае падрыхтоўку на базах падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння Расіі і выконвае задачы ў інтарэсах Крамля. Менавіта гэтых наймітаў, куды набіралі людзей з досведам службы ў расійскай арміі і спецслужбах, кідалі на самыя важныя кірункі. Менавіта з дзеяннямі «вагнераўцаў» звязваюць знішчэнне тых лідараў баевікоў, якія аказаліся занадта папулярнымі і непадкантрольнымі Маскве — Ішчанкі, Мазгавога, Дромава, Бяднова.
Магіла «вагнераўца», які загінуў у Сірыі ў пачатку гэтага года.
«Куды мне вяртацца…? Паўтарыць лёс Мазгавога, [нібыта] забітага невядомай украінскай дыверсійна-разведвальнай групай, хоць любы ідыёт у Луганскай рэспубліцы ведае, што да гэтага прыклалі руку … выдатнае падраздзяленне ПВК Вагнера?» — распавядаў нядаўна на відэа Ігар Гіркін (Стралкоў), кіраўнік баевікоў у 2014 годзе.
Калі вайна на Данбасе стала пазіцыйнай, а ў 2015 годзе пачалася адпраўка расійскіх войск у Сірыю — там з'явіліся і «вагнераўцы» — фактычна, экстралегальная частка расійскай арміі.
З «групай Вагнера» звязваюць відэа з жорсткім катаваннем сірыйца людзьмі, якія размаўляюць па-расейску. Ролік з'явіўся ў сеціве летам 2017 года. Параненага чалавека б'юць кувалдай пад песню «Я — российский спецназ».
Згодна з інфармацыяй расійскіх СМІ, колькасць супрацоўнікаў гэтай псеўда-ПВК можа перавышаць 2000 чалавек. Імаверна, на «групу Вагнера» прыходзіцца вялікая частка тых стратаў, якія нясе расійскі кантынгент у Сірыі.
Мінабароны РФ хавае смерці сваіх афіцэраў і жаўнераў ва Украіне і Сірыі, што ўжо казаць пра смерць нейкіх «прыватных асоб», якія працавалі ў арганізацыі-мутанце, народжанай пад наглядам спецыялістаў па гібрыднай вайне.
Моцна перабольшаныя
Расійская «група Вагнера», такім чынам, патрэбная найперш для таго, каб прыхоўваць факты ўдзелу Расіі ў войнах ва Украіне і Сірыі.
Што да заходніх прыватных вайсковых кампаній, то можна з упэўненасцю сказаць, што кіраўніцтва класічных ПВК і тыя, хто іх наймае, ніколі не разглядалі іх як інструмент вядзення вайны супраць колькі-небудзь значных дзяржаўных ці нават недзяржаўных узброеных сіл. Аніводная такая ПВК проста не мае рэсурсаў і лагістыкі, каб адправіць у бой і забяспечваць усім неабходным на полі бою хаця б адну пяхотную брыгаду, роўную па магчымасцях брыгадзе беларускай, украінскай ці нават афрыканскай арміі.
Размовы пра сілу і значэнне прыватных кампаній, такім чынам, моцна перабольшаныя.