У Камбоджы пад зямлёй знайшлі статую дэмана-ахоўніка

01.08.2017 / 14:55

Археолагі з Сінгапура і Камбоджы, якія працуюць у раёне старажытнай сталіцы Кхмерскае імперыі Ангкор у цяперашняй камбаджыйскай правінцыі Сіемрыеп, у суботу 29 ліпеня вынялі з-пад 40-сантыметровага пласта зямлі двухмятровую статую волата-ахоўніка. 800 гадоў таму яна стаяла каля брамы ангкорскае бальніцы, піша РІАН са спасылкай на газету Cambodia Daily.

© AP Photo / Apsara Authority

Статуя, якая, паводле папярэдніх ацэнак, адносіцца да XII стагоддзя, стала першым буйным прадметам, знойдзеным у Ангкоры за апошнія 6 гадоў. У 2011 годзе непадалёк ад месца суботняй знаходкі былі выяўленыя дзве вялікія статуі Буды, якія адносяцца да пазнейшага часу.

Статую знайшлі ў раскопе, закладзеным у паўночнай браме горада Ангкор-Тхом, пабудаванага ў праўленне ангкорскага імператара Джаявармана VII, які зрабіў гэты горад сваёй сталіцай і пабудаваў у краіне 102 бальніцы. 

Ангкор-Тхом. Фота: curiosite.ru

Знойдзеная статуя дэмана-ахоўніка адрозніваецца майстэрскай разьбой па камені і мае велізарную гістарычную каштоўнасць, нават нягледзячы на тое, што ў яе адсутнічаюць часткі ног і рук.

Камбаджыйскія і замежныя археолагі, якія працуюць у Ангкоры, упэўненыя, што ў найбліжэйшай будучыні іх чакаюць дзівосныя і шматлікія адкрыцці, бо большая частка «парку Ангкор» яшчэ толькі чысціцца ад джунгляў, і менавіта ў гэтай зноў вычышчанай частцы будуць закладзеныя новыя раскопы ў наступныя гады. Аэрафотаздымкай было пацверджана, што джунглі на нерасчышчаных участках хаваюць яшчэ адзін, пакуль зусім невядомы, горад эпохі Ангкор.