«Я з Літвы, па-руску зусім не разумею. Давайце размаўляць па-беларуску»

Памятаеце літоўку Агнэ Шняўкштайце-Бэйнарэне, якая проста так узяла і вывучыла беларускую мову? Мы расказвалі пра яе ў сакавіку. Пасля публікацыі забыць мову ў Агнэ ўжо не было ніякіх шанцаў, бо беларусы ўзяліся дапамагаць з моўнай практыкай. А ў ліпені дзяўчына прыехала ў Мінск у школу беларусістыкі.

22.07.2017 / 16:13

Раней Агнэ прыязджала ў Беларусь толькі аднойчы, ды і тое ўсяго на тры дні. Цяпер жа ў яе былі цэлыя два тыдні, каб пазнаёміцца з беларускай сталіцай і адчуць беларускі дух. Перад самым ад’ездам мы сустрэліся з дзяўчынай і распыталіся, што яна цяпер думае пра нашу краіну.

«Калі вы пра мяне напісалі, у фэйсбуку пачаўся космас. Пасыпаліся запрашэнні сябраваць, розныя людзі казалі мне, што будуць рады дапамагчы з мовай. Напісаў і хлопец з Украіны, прапанаваў запісацца ў школу беларусістыкі, бо ён сам там вучыўся і яму спадабалася», — распавядае дзяўчына.

Першым Агнэ напісаў хлопец з Оршы Арцём, завязалася перапіска. Цяпер, калі дзяўчына прыехала ў Мінск, Арцём таксама прыехаў пазнаёміцца вочна і звазіў Агнэ ў Курапаты. Дзяўчына шчыра здзівілася, калі даведалася, што многія беларусы там ніколі не былі.

«Я вельмі хацела пабачыць гэтае месца, бо і сама працую ў падобным [Агнэ — гід у Мемарыяльным комплексе ў Тускуленай — НН]. Тым больш, я ведала пра пратэсты, якія ішлі. Мне было вельмі цікава там пабываць, — кажа дзяўчына. —

Усім трэба ведаць сваю гісторыю, і не толькі тую, якой вучаць у школах. Курапаты — трагічнае месца, дзе пахавана шмат ахвяр рэжыму. Як і ў Літве, ад рэжыму найбольш пацярпелі найлепшыя людзі — інтэлектуалы, палітыкі, грамадскія дзеячы. Трэба разумець гэта. Каб гісторыя не паўтарылася, трэба яе памятаць. Але там шмат кветак, бачна, што нейкія людзі прыходзяць. Гэта добра».

Агнэ падчас святкавання Купалля ў Азярцы. 

За гэтыя пару тыдняў Агнэ паспела трапіць на рыцарскі фэст у Вілейцы, адсвяткаваць Купалле ў вёсцы Азярцо, схадзіць на экскурсію ў Нацыянальны мастацкі музей, Нацыянальную бібліятэку, Музей старажытнай беларускай культуры, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Наведала вечарыну паэзіі ў тэатры Янкі Купалы, навучылася спяваць «Тры чарапахі», «Простыя словы», «Купалінку» ды «Касіў Ясь канюшыну».

«Што было надзвычай цікава ўбачыць, дык гэта парад з трактарамі з вусамі і ў капелюшах, — прызнаецца Агнэ. — Шчыра кажучы, мне крыху страшна бачыць такія вялікія парады з танкамі, з самалётамі. У нас такога не бывае. Зразумела, у нас і краіна меншая, і войска не такое. Цікава хоць раз у жыцці пабачыць падобнае».

Дзяўчыне беларуская сталіца падалася вялікім і зялёным горадам.

«Вільня — кампактны горад, які можна ўвесь прайсці пешшу, — распавядае Агнэ. — Мінск — велізарны, мне цяжка да гэтага прывыкнуць, у нас няма такіх плошчаў, але я ўжо крыху арыентуюся і вельмі ганаруся, што самастойна магу карыстацца метро. Цэны на транспарт вельмі нізкія — у нас разы ў тры вышэйшыя. Метро няма, а каб дабрацца аўтобусам з аднаго канца гораду у іншы, спатрэбіцца гадзіны паўтары.

Перад ад’ездам мы з валанцёрамі і ўдзельнікамі школы гадзін пяць шпацыравалі па Мінску. Да гэтага я бачыла горад у асноўным пад зямлёй і тое, што паспела заўважыць ля станцый метро. У апошні дзень я ўбачыла, што Мінск значна прыгажэй, чым я думала: вельмі шмат паркаў, утульных скверыкаў і зялёных зон. Я закахалася ў гэты горад!»

Адзінае, мову ў Беларусі Агнэ чула ў асноўным ад сяброў, экскурсаводаў ды выкладчыкаў школы. А вось каб ад выпадковых людзей, то не.

«Трэба было мне запытацца дарогу да Купалаўскага, вырашыла спачатку звярнуцца па-англійску, — распавядае літоўка. — Чакала моладзь, думала, хіба ведаюць англійскую. Раз запыталася — паглядзелі на мяне вялікімі вачыма і збеглі. Другі раз запыталася — тое самае. Тады я вырашыла, што не — так нічога не атрымаецца. Паспрабавала звярнуцца па-беларуску. Тады маладая дзяўчына спынілася, адказала хоць і па-руску, але не збегла, паказала, куды ісці».

Што праўда, Агнэ кажа, такія непаразуменні хутчэй адзінкавыя. У асноўным ёй сустракаліся ветлівыя людзі.

«Я не ведала, як прайсці да вакзала, таму запыталася шлях у маладой пары ў метро. Яны адказалі мне на ідэальнай англійскай і правялі, хоць ім і было не па дарозе. Мы крыху пагаварылі, яны былі шчыра здзіўлены, што я прыехала вучыць беларускую мову, пыталіся: «Навошта вам гэта трэба? — распавядае Агнэ. — Потым я спыніла чалавека ў шыкоўным касцюме, папрасіла дапамагчы знайсці платформу і шлях. Ён не размаўляе па-англійску, таму я з ім гаварыла па-беларуску, а ён адказваў па-руску. Хвілін 15 ён аддаў на тое, каб дапамагчы мне знайсці цягнік, правёў наўпрост да яго».

Хоць і адбылося такое невялічкае моўнае расчараванне, Агнэ збіраецца зноў прыехаць у Беларусь і размаўляць з беларусамі па-беларуску. Тым больш, з сабой у Літву Агнэ вязе беларускія кнігі, каб падцягваць мову. «Возера радасці» Марціновіча, «Танцы над горадам» Арлова, «Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча» Рублеўскай — усё тое, што нараілі беларусы.

А пасля завяршэння школы беларусістыкі адзін з выкладчыкаў прэзентаваў Агнэ дзве часткі кнігі Лабадзенкі і Літвіноўскай «20 крокаў да беларускай мовы» — бо вучыць мову не таму, што трэба ці для птушачкі, а таму што любіць яе. Увесь наступны дзень пасля такой прыемнай нечаканасці Агнэ ўсміхалася.

«Калі я лепш вывучу мову і не буду саромецца пачаць размову, тады я хачу прыехаць яшчэ раз і паспрабаваць справакаваць беларусаў, вымусіць размаўляць са мной па-беларуску. Бо я ж замежніца, магу сказаць: «Прабачце, я з Літвы, па-руску зусім не разумею. Калі ласка, давайце размаўляць па-беларуску», — усміхаецца Агнэ.

Настасся Роўда, фота аўтара і з архіва гераіні