Забойства Нямцова: прысяжныя прызналі ўсіх падсудных вінаватымі

29.06.2017 / 19:35

Калегія прысяжных засядацеляў Маскоўскага акруговага вайсковага суда ў чацвер, 29 чэрвеня, вынесла вердыкт у дачыненні да пяці чалавек, абвінавачаных у падрыхтоўцы і забойстве расійскага апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова. Прысяжныя шляхам галасавання палічылі усіх падсудных вінаватымі, перадае DW.

Галасаванне не было аднагалосным. 10 прысяжных палічылі вінаватым былога афіцэра чачэнскага батальёна «Поўнач» Заура Дадаева, якога следства называла непасрэдным выканаўцам забойства Барыса Нямцова. Двое прысяжных знайшлі, што яго віна ў забойстве не даказаная. Пры гэтым 8 засядацеляў з 12 заявілі, што Дадаеў не заслугоўвае ласкі.

За тое, што Анзор і Шадзід Губашавы вінаватыя і не заслугоўваюць ласкі, прагаласавалі 11 з 12 прысяжных, за вінаватасць Тамерлана Эскерханава выказаліся 10 засядацеляў, і Хамзата Бахаева — 8. Згодна з нормамі расійскага заканадаўства абвінаваўчы вердыкт лічыцца прынятым, калі за сцвярджальныя адказы на пытанні аб даказанасці падзеі злачынства, дзеянні падсуднага і яго вінаватасці прагаласавала большасць прысяжных засядацеляў.

Акрамя таго, усе падсудныя прызнаныя вінаватымі ў захоўванні зброі. Прысяжныя палічылі, што яны не заслугоўваюць ласкі па гэтым пытанні.

Наступствы вердыкту суд абмяркуе у аўторак, 4 ліпеня, у 11 гадзін.

Раней падсудныя, выступіўшы з апошнім словам, заявілі аб сваёй невінаватасці і папрасілі апраўдаць іх. Разгляд рэзананснай справы працягваўся дзевяць месяцаў.

На думку сваякоў Барыса Нямцова, справа засталося нераскрытай, паведаміла дачка Нямцова Жанна. Па яе словах, віна Хамзата Бахаева не падмацаваная дастатковай колькасцю доказаў. Намесніку камандзіра батальёна «Поўнач» Руслану Герамееву, што належыць блізкаму колу Рамзана Кадырава, не было выстаўлена завочнага абвінавачвання, і ён не аб'яўлены ў вышук, хоць «следствам было практычна дакладна ўстаноўлена», што ён быў старшым у злачыннай групе. Не быў знойдзены верагодны адзін з выканаўцаў — кіроўца Герамеева Руслан Мухудзінаў, якому выстаўленае завочнае абвінавачванне ў арганізацыі забойства.

Барыс Нямцоў быў забіты стрэламі ў спіну ў ноч на 28 лютага 2015 года на Вялікім Маскварэцкім мосце. Меркаваны арганізатар гэтага злачынства, баец батальёна «Поўнач» МУС Чачні Руслан Мухудзінаў, быў завочна арыштаваны і абвешчаны ў федэральны і міжнародны вышук. Паводле даных следства, ён хаваўся ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, куды выехаў па падробленых дакументах.

nn.by