Алексіевіч: «Спадар Кісялёў, не палохайце мяне. Я не паддамся»
28.06.2017 / 17:46
Нобелеўскі лаўрэат — пра розніцу паміж інтэрв'ю і сваркай, пра пранкераў і адмову ад ордэнаў, пра «Гогаль-цэнтр» і тое, як глыбока сядзіць у нашых людзях гатоўнасць да цкавання.
«Не сыдзеш з Сеткі»: Сетка які тыдзень гудзе, абмяркоўваючы Святлану Алексіевіч. То адкрытую правакацыю: пісьменніцы не стала. То размову пецярбургскага журналіста Гуркіна з Алексіевіч: меркавалася, што гэта будзе інтэрв'ю для «Дзелавога Пецярбурга». Але публікацыя з'явілася на сайце Regnum (прытым што Святлана Аляксандраўна гэтую дзікую спрэчку адмовілася лічыць сваім інтэрв'ю і публікаваць забараніла). То правакацыю нястомных пранкераў Вавана і Лексуса, гогалеўскую гісторыю, у якой адзін з нябачных нанайскіх хлопчыкаў спрабаваў ўзнагародзіць яе ордэнам Украіны, другі — ордэнам Расіі.
Гэта ўжо падобна на метадычную кампанію ціску дзяржаўнай машыны (і мноства яе добраахвотнікаў) на пісьменніцу. Дарэчы, фатальную сувязь паміж сабой і «Гогаль-цэнтрам» Алексіевіч заўважыла першай.
«Новая газета» папрасіла Святлану Аляксандраўну пракаментаваць апошнія падзеі.
Фота: Ганна Арцем'ева / «Новая»
— Бачыце, як машына завялася. Гэта ўжо сур'ёзна. І цяжка адбіцца. Справа нават не ў размове, а ў хвалі, якая паднялася пасля яе. Падобна на тое, я сур'ёзна ім усім перашкаджала: і вось з'явіўся прэцэдэнт. Тэма для абмеркавання. З беспардоннымі падтасоўваннем цытат. Я вось думаю: а ці чыталі гэтыя людзі публікацыю Regnum? Кніг маіх яны не чыталі дакладна.
Два тыдні таму я выступала ў Маскве, у «Гогаль-цэнтры». Зала была поўная. Напэўна, людзі прыйшлі збольшага і падтрымаць Сярэбраннікава. Вось гэтыя людзі (моладзі было шмат) — яны і былі той Расіяй, якую я любіла! І мне здалося, менавіта людзі Расіі, якую я любіла, цяпер у поўным адчаі.
У Пецярбургу чэрвеньскія «Дыялогі» (у тым ліку мая работа «Я не хачу больш пісаць пра вайну») мусілі прайсці на новай сцэне Александрынскага тэатра. І нечакана нам адмовілі ў гэтай пляцоўцы. Не мне адной: там мусілі выступаць Аляксандр Сакураў, Леў Додзін. Дзякуй, Міхаіл Піятроўскі нас усіх прытуліў. Прайшлі «Дыялогі» ў Эрмітажы.
Мабыць, я цяпер раздражняю ўсур'ёз. Я ж ніколі не лічыла патрэбным хаваць тое, што думаю: казала адкрыта і пра анексію Крыма, і пра Данбас.
Там жа, у Пецярбургу, адбылася размова з Гуркіным. Я адразу зразумела: гэта не інтэрв'ю. Я яго і не ўспрымала як інтэрв'ю. Прыйшоў нервовы, устрывожаны, ускудлачаны малады чалавек з агрэсіўным наскокам. Мяне ўразіла, што ён супрацоўнік «Дзелавога Пецярбурга». Я, скажам, згадала пра русіфікацыю. Яна ў Беларусі пачалася з 1922 года. Спадар Гуркіна відавочна пра гэта нічога не ведаў і спытаў: «А пры чым тут 1922 год? Мы з вамі жывём сёння».
Мяне падвяла пісьменніцкая цікаўнасць. Трэба было гутарку адразу абарваць: на трэцяй хвіліне было зразумела, што гэта не інтэрв'ю, а сварка. А я з ім працягвала размаўляць, бо мне цікавы і такі чалавек. Асабліва малады чалавек такіх поглядаў. Мы ж так доўга, з вялікай надзеяй чакалі: прыйдзе нябітае пакаленне! Вось яно і прыйшло…
Аднак я адразу ж і цвёрда сказала, што забараняю гэта друкаваць. У выніку: публікацыя «Регнума» і хваля «водгукаў» на яе. Кашын, Бабіцкі, Прылепін, Шаргуноў, Кісялёў… як адмашку далі. Пра каламуць, што бушуе ў фэйсбуку, нават не кажу. Але чытаю з цікавасцю.
І такое ўражанне, што спяваюць людзі з голаса адно аднаго. Не прачытаўшы нават той «сваркі». Бо я не казала зусім пра забарону рускай мовы! Я казала пра адмену яе як мовы навучання. Каб сцэментаваць новыя нацыі. На нейкі час. Даслоўна: «Калі ласка, гаварыце па-руску, але ўсе навучальныя ўстановы будуць, вядома, на ўкраінскай».
Гаворка ішла пра тое, як адчайна людзі хочуць пабудаваць сваю дзяржаву. І іх логіка жорсткая вельмі. Але трэба паспрабаваць у яе ўдумацца. Зразумець іх пазіцыю. Паспрабаваць.
Потым пайшла наступная хваля: Алексіевіч і пранкеры! Так, яны мне тэлефанавалі. Лексус і Ваван. Адзін — нібыта ад імя міністра культуры Украіны. Другі — ад імя Аркадзя Дварковіча. І абодва прапаноўвалі ордэны «Нябеснай сотні» і Дружбы народаў, здаецца.
Растлумачу, што я ніякіх узнагарод ні ад якіх краін не вазьму. Гэта абдуманая пазіцыя. У такі час, як сёння, мастак узнагароды браць не павінен. Калі пазваніў Ваван (або Лексус?) ад імя Украіны, я не вельмі здзівілася: ведала, што Парашэнка хацеў сустрэцца са мной. Званку Лексуса (або Вавана?) ад імя Расіі здзівілася больш, падумала пра пранкераў, і мне стала цікава: як яны працуюць? Таму я нядоўга, але пагутарыла.
Па выніках усіх гэтых жарсцяў добра цяпер разумею, як цяжка сумленнаму чалавеку сёння ў Расіі. Асабліва «на месцах». Далёка ад сталіц. У буры, у марыве каламуты і правакацый, якія ідуць адусюль. Пачынаючы, вядома, з тэлеэкрана. І думаю: як жа глыбока гэтая жарсць да даноса, да пошуку «чужога», жарсць да калектыўнага «ату яго!» сядзіць у нашым чалавеку, у «чырвоным чалавеку» — нават у яго нашчадках. Нібы ў генакод увайшла. Якая гатоўнасць да калектыўнага цкавання ў людзях жыве! Я хачу зразумець як мастак: што ж гэта такое ў нас? У тутэйшай чалавечай прыродзе?
Дарэчы, калі б усе, хто з такім імпэтам угрызаецца ў сказанае мной, выварочваючы словы навыварат, паўзіраліся б з тым жа імпэтам у словы Дзмітрыя Кісялёва: ім бы бездані адкрыліся!
І вось яму я хацела б сказаць: «Спадар Кісялёў, а не пужайце мяне. Я не паддамся».