Мэблю IKEA можна будзе прымерыць, не выходзячы з дома
Apple і IKEA распрацоўваюць дадатак для расстаноўкі віртуальнай мэблі ў рэальным пакоі з дапамогай тэхналогіі дапоўненай рэальнасці, паведамляе hi-tech.mail.ru са спасылкай на Business Insider. Мабільнае прыкладанне IKEA для iOS будзе выкарыстоўваць новую платформу Apple для дапоўненай рэальнасці — ARKit, якую прадставілі на канферэнцыі WWDC2017. Аб распрацоўцы паведаміў кіраўнік IKEA па лічбавых тэхналогіях Майкл Вальдсгаард у інтэрв'ю выданню Di Digital.
21.06.2017 / 18:14
Як гэта працуе
Дадатак праз камеру скануе пакой: вызначае падлогу, сцены і аб'екты ў памяшканні. З каталога выбіраецца прадмет, і яго віртуальная мадэль з'яўляецца на малюнку ў рэальным пакоі. Гэта дапаможа прымерыць мэблю да інтэр'еру пакоя на экране смартфона і тут жа замовіць.
Дадатак прадставяць восенню. Магчыма, анонс адбудзецца разам з рэлізам фінальнай версіі iOS 11 і новага iPhone. У першым каталогу будзе 500-600 прадметаў.
IKEA ў трэндзе
Найбуйнейшая гандлёвая сетка па продажы мэблі актыўна працуе з новымі тэхналогіямі. У красавіку 2016 года IKEA прадставіла прыкладанне для віртуальнай рэальнасці — IKEA VR Experience. У VR-шлеме карыстальнік апускаецца ў віртуальны інтэр'ер пакоя з мэбляй з IKEA, кожны аб'ект можна вывучыць і перайначыць.