Праект забудовы Асмалоўкі прадугледжвае яе поўны знос
14.06.2017 / 12:15
Аб правядзенні грамадскага абмеркавання забудовы Асмалоўкі абвясціла адміністрацыя Цэнтральнага раёна Мінска, піша Onliner.by.
Фота Сяргея Гудзіліна
Усе старыя двухпавярховыя дамы ў раёне вул. Багдановіча — вул. Кісялёва — вул. Куйбышава — вул. Камуністычная падлягаюць зносу. Замест іх з'явяцца новыя жылыя дамы вышынёй 5-6 паверхаў з убудаванымі памяшканнямі гандлёва-бытавога прызначэння з падземнымі аўтастаянкамі. Абодва кварталы знітуе крытая грамадска-гандлёвая вуліца з падземнымі аўтастаянкамі (пасаж «Старажоўскі»).
Праект таксама закранае суседні квартал у межах вул. Багдановіча - вул. Кісялёва - вул. Старавіленскай - вул. Камуністычнай. Там хочуць пабудаваць 9-12-павярховы жылы дом і 4-5-павярховы офісны будынак.
Праект будзе рэалізаваны ў два этапы.
Грамадскае абмеркаванне пройдзе з 23 чэрвеня па 17 ліпеня. Прэзентацыя адбудзецца 26 чэрвеня ў 18:30 у будынку адміністрацыі Цэнтральнага раёна (вул. Мельнікайце, 6).