У расійскай Думе абмяркоўваюць вяртанне да юліянскага календара
08.06.2017 / 18:59
У Дзяржаўную думу Расіі дэпутатамі ад ЛДПР Міхаілам Дзегцяровым, Барысам Чарнышовым і Віталём Пашыным унесены законапраект, які прадугледжвае перавод летазлічэння ў Расіі на юліянскі каляндар, паведамляюць інфармагенцтвы.
У тлумачальнай запісцы са спасылкай на навукоўцаў гаворыцца, што грыгарыянскі каляндар, які выкарыстоўваецца ў Расіі і ў еўрапейскіх краінах, не дасканалы: ён не ўлічвае запаволенне кручэння Зямлі, якое падаўжае працягласць дня. Акрамя таго, пры пераводзе гістарычных дат на сучаснае летазлічэнне неабходна дадаваць пэўную колькасць дзён: у XVIII стагоддзі плюс 11 дзён, а ў XX і XXI стагоддзі плюс 13 дзён.
«Для Расіі юліянскі каляндар важны менавіта як нацыянальная, шматвекавая гістарычная і культурная традыцыя, парушаная прынятым у 1918 годзе Дэкрэтам аб грыгарыянскім календары, што перарваў натуральны ход гісторыі Расіі», — гаворыцца ў дакуменце.
Дэпутаты адзначаюць, што праваслаўныя цэрквы (Руская, Іерусалімская, Сербская, Грузінская) і манастыры Афона да гэтага часу прытрымліваюцца юліянскага календара. Яны таксама прыводзяць у якасці прыкладаў краіны, дзе не выкарыстоўваецца грыгарыянскі каляндар або выкарыстоўваюцца не толькі ён: сярод іх Кітай, Японія, Іран, Афганістан, Непал.