Пракуратура на баку Случака: райвыканкаму даручылі падрыхтаваць справу за абразу мовы падлеткам

Мы ўжо расказвалі падрабязнасці моўнага канфлікту, у які ўлезла палова інтэрнэту. Гэтая гісторыя атрымала працяг.

30.05.2017 / 08:41

Ігар Случак у цэнтры. Фота Асамблеі НДА Беларусі.

16-гадовы маладзён у абмеркаванні ва «Укантакце» назваў беларускую мову «мёртвай», на што Ігар Случак адказаў скаргай у Салігорскі райвыканкам. Калі яму прыйшоў адказ, што «падстаў для прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці жыхара Салігорска няма», Случак звярнуўся ў пракуратуру.

«Паколькі я звяртаўся ў Салігорскі райвыканкам з заявай у межах ПВКаАП [Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях — НН], а не закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», а таксама ўлічваючы тое, што мне не была даслана Пастанова аб спыненні адміністрацыйнага працэсу, ёсць усе падставы меркаваць, што належная праверка па маёй заяве не праводзілася. Прашу правесці праверку па факце паўнаты і якасці разгляду маёй заявы ў Салігорскім райвыканкаме і паведаміць аб выніках праверкі і законнасці прынятага Салігорскім райвыканкамам рашэння па маёй заяве», — пісаў у звароце Ігар Случак.

Пазней Ігару прыйшоў ліст ад маці падлетка, яна прасіла забраць заяву. Жанчына пісала, што яе сын усвядоміў памылковасць свайго меркавання і гатовы публічна папрасіць прабачэння за свае словы на старонцы суполкі ва «Укантакце», дзе ўсё і пачалося. Маці падлетка таксама прасіла дараваць яе сыну неабачлівасць, паколькі ён нядаўна перанёс хіміяпрамянёвы курс тэрапіі пры лячэнні злаякаснага анкалагічнага захворвання. Гэтая акалічнасць і справакавала бурную дыскусію ў інтэрнэце — наколькі правільна ці няправільна дамагацца пакарання за абразу мовы пры такіх абставінах.

Заяву Ігар забіраць не стаў, паколькі ліст ад імя маці быў дасланы з амаль неактыўнага акаўнта, што выклікала пытанне наконт сапраўднасці напісанага. Ды і невядома было, што адкажа пракуратура.

Днямі Ігар Случак атрымаў ліст за подпісам пракурора Салігорскага раёна Алега Аўдзея.

«Падчас праверкі ўстаноўлена, што загадчык сектара ідэалагічнай работы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Салігорскага райвыканкама Цуба Н.М., з’яўляючыся асобай, упаўнаважанай на складанне пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях і падрыхтоўку спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях да разгляду па арт. 9.22 КаАП Рэспублікі Беларусь, не забяспечыла належную падрыхтоўку справы да разгляду, а таксама не прыняла працэсуальнае рашэнне ў парадку арт. 10.26 ПВКаАП Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў адказе.

У лісце паведамляецца, што пракурор Салігорскага раёна 23 мая накіраваў у Салігорскі райвыканкам даручэнне падрыхтаваць справу аб адміністрацыйным правапарушэнні да разгляду і паведаміць пра вынікі падрыхтоўкі Случаку.

Пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджанне салігорскай чыноўніцы Наталлі Цубе аб недапушчальнасці паўторнага парушэння заканадаўства, якое рэгламентуе парадак вядзення адміністрацыйнага працэсу.

Случак гатовы прасіць даць хлопцу толькі папярэджанне, калі маці дашле папяровы ліст

«Адказам я цалкам задаволены, бо сапраўды гэтая справа не разглядалася належным чынам, не было ніякага абгрунтавання, чаму выказванне не мае абразлівага значэння, бо я лічу, што абраза ёсць. І за яе мусіць быць пакаранне ў прыклад іншым непаўнагадовым. Нельга абражаць беларускую мову і на гэтым зарабляць лайкі, — каментуе Ігар Случак. —

На акаўнт, з якога мне прыйшоў зварот маці, я напісаў, каб мне даслалі гэты ліст у пісьмовым выглядзе на мой паштовы адрас. Калі ліст сапраўдны, то я звярнуся ў адміністрацыю Салігорскага райвыканкама з прапановай прыцягнуць хлопца да адказнасці, але мінімальнай, то бок каб яму далі толькі папярэджанне. Такое, у прынцыпе, магчыма, нават калі санкцыя гэтага не прадугледжвае».

Ігар дапускае, што хлопца могуць ніяк не пакараць па той простай прычыне, што выйдуць тэрміны. На яго думку, хоць гэтага і жадае шырокая грамадскасць, для беларускай мовы гэта будзе не самым лепшым вынікам. Асабліва ў сітуацыі, калі многія пачалі спекуляваць на розных жыццёвых акалічнасцях справы.

«Як я казаў, гэта не апраўданне абразлівым паводзінам. Шмат хворых, непаўнагадовых людзей паводзяць сябе вельмі годна. Нам, беларусам, усё ж такі трэба адмовіцца ад гэтых не зусім правільных падыходаў», — даводзіць Ігар.

Дарэчы, гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка прапанаваў Ігару заключыць пары. Маўляў, ён напіша тое самае, што напісаў падлетак. Случак запатрабуе прыцягнуць Судаленку да адказнасці, а той будзе настойваць на тым, што гэта ўсяго толькі меркаванне. Кропку ў спрэчцы мусіць паставіць Камітэт па правах чалавека ААН.

Ігару гэтая ідэя падаецца сумнеўнай.

«Для мяне гэта дзіўна, бо ёсць тры чалавекі, пакараныя за абразу беларускай мовы. Чаму не дапамагчы ім, чаму не дапамагчы таму ж Васілю Варушчанку [экс-міліцыянт, які ва «Укантакце» напісаў: «Беларуская мова — гэта труп, які гніе, яго пара ўжо закапаць як мага глыбей. Так лічу» — НН]? Я ўвогуле бачу тут не праваабарончы падыход, а піяр на скандале», — дадае Ігар Случак.

Раней Судаленка заяўляў, што гатовы абараняць салігорскага хлопца ў КПЧ у выпадку прызнання яго вінаватым.

«Ідзе спекуляцыя, людзі забываюць пра сапраўдны сэнс гэтых спраў. Ён не ў тым, каб пакараць усіх і кожнага, а ў тым, каб паказаць, што нельга абражаць ні нацыянальную, ні дзяржаўную, ні якую іншую мову. Па-першае, ад гэтага крыўдна носьбіту мовы. Па-другое, калі гаворка пра дзяржаўную мову, то гэта наўпроставая знявага нацыянальнаўтваральнага, дзяржаваўтваральнага сімвала. Калі мы да такога будзем скатвацца праз вось гэты маралізм, праз эмоцыі, то справы будуць дрэнныя.

З іншага боку, для прававых сістэм Англіі, Германіі ці Францыі артыкул 9.22 КаАП «Парушэнне заканадаўства аб мовах» абсалютна непатрэбны, бо іх мовы не ўразлівыя. Для Беларусі ж гэта вельмі неабходны артыкул, каб нашу беларускую мову ў той сітуацыі, якая ў нас цяпер, неяк абараніць», — падсумоўвае Ігар Случак.

Ігар Случак, які дабіўся пакарання за абразу беларускай мовы: «Мова сама сябе абараніць не можа» — інтэрв'ю

Настасся Роўда