Ігар Случак пасварыўся з паловай інтэрнэту праз хворага падлетка, які назваў беларускую мову «мёртвай»
а на чыім баку ў спрэчцы вы?
На рахунку гамельчука Ігара Случака — стварэнне некалькіх гучных моўных прэцэдэнтаў у Беларусі. Ігар ужо некалькі разоў дамагаўся таго, каб за абразу роднай мовы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці.
23.05.2017 / 10:00
Ігар Случак. Фота movananova.by
Днямі ў інтэрнэце выбухнуў чарговы скандал, звязаны з абразай беларускай мовы. І хоць яшчэ ніхто не пакараны, фэйсбук-карыстальнікі актыўна выносяць прысуды ўсім, хто так ці інакш апынуўся ўцягнуты ў канфлікт.
Што адбылося
На пачатку мая Ігар Случак напісаў скаргу ў Салігорскі райвыканкам, дзе звяртаў увагу на тое, што 16-гадовы маладзён у абмеркаванні ва «Укантакце» называе беларускую мову «мёртвай».
Калі з райвыканкама прыйшоў адказ, што падстаў для прыцягнення да адказнасці няма, Ігар напісаў скаргу ў пракуратуру.
Праз некаторы час шукальніку праўды прыйшоў ліст ад маці падлетка з просьбай забраць заяву. Гамяльчук апублікаваў зварот на сваёй старонцы ў фэйсбуку з прыпіскай: «Цікавы ліст атрымаў. Як вы ставіцеся да аргументаў, якія ў ім выкладзеныя?»
Ліст
«Ігар Уладзіміравіч. Звяртаецца да Вас І.М., маці І., 2000 года нараджэння, у дачыненні да якога вы накіравалі запыт аб прыцягненні яго да адміністрацыйнай адказнасці за некаторыя выказванні 12.04.2017 года на форуме «Мая краіна Беларусь». На форуме ішло абмеркаванне відэароліка.
Фраза майго сына, што беларуская мова «мёртвая», вырвана з кантэксту дыскусіі і скажона патлумачана некаторымі ўдзельнікамі. Мой сын, калі выказваў дадзеную фразу, спасылаўся на выступ віцэ-чэмпіёна свету 2016 года па велагонках Васіля Кірыенку (апублікавана ў газеце «Прессбол» 27.04.2016 года і іншых інтэрнэт-крыніцах).
Так, удзельнікамі форуму І. было прапанавана выдаліць каментар, але ён гэтага не зрабіў адразу. Літаральна праз 15 хвілін пасля напісання каментара скрыншот быў зафіксаваны і адпраўлены Вам (у 19.22 напісаны каментар, а ў 19.35 зроблены скрыншот). Аднак, пасля далейшага абдумвання сваіх дзеянняў на працягу наступных сутак, каментар быў выдалены самім І..
Улічваючы ўзрост падлетка (16 гадоў), юнацкі максімалізм, неспрактыкаванасць у прававых аспектах заканадаўства аб мовах, а таксама неспрактыкаванаму ў вядзенні дэбатаў, прашу Вас не патрабаваць пакараць чалавека за паўтор раней выказанага меркавання ў інтэрнэт-крыніцах, яго наіўнага адстойвання ў сацыяльных сетках і ў канчатковым выніку выдалення выказвання не адразу, а пасля пэўнага абдумвання.
Але ж ён усё выдаліў, прычым сам, не раіўся з бацькамі, што дазваляе выказаць здагадку аб змяненні яго першапачатковага меркавання.
Мой сын у поўнай меры ўсвядоміў зробленае і просіць у Вас і Вашых аднадумцаў прабачэння за недарэчнае цытаванне выказванняў, якія раней былі ў СМІ і інтэрнэт-крыніцах. Пры неабходнасці ён гатовы на вэб-рэсурсе «Мая краіна Беларусь» публічна папрасіць прабачэння, тым больш, што ён выйшаў у інтэрнэт пад сваім уласным, а не фэйкавым, імем.
Пры прыняцці рашэння прашу ўлічыць і той факт, што я, як маці, хачу мірнага ўрэгулявання канфлікту праз нядаўняе праходжанне маім дзіцём хіміяпрамянёвага курсу тэрапіі пры лячэнні злаякаснага анкалагічнага захворвання. Усе адміністрацыйныя працэсы будуць з’яўляцца стрэсавым фактарам, што можа выклікаць новы віток абвастрэння хваробы.
З надзеяй на ўрэгуляванне канфлікту, І.М.»
Што пачалося пасля публікацыі ліста
Як гэта часта бывае, інтэрнэт-супольнасць падзялілася на два лагеры. Адны падтрымліваюць Ігара і яго жаданне абараніць мову ад нападкаў тых, хто яе абражае. Іншыя абвінавачваюць гамельчука ў бессардэчнасці і бесчалавечнасці. На гэты раз лагер тых, хто асуджае дзеянні Ігара, аказаўся нашмат больш шматлюдным.
Вось толькі некаторыя каментары:
«Вось згодзен я якраз з вашымі крытыкамі. Ну сур’ёзна, дурнотай займаецеся! Проста ўяўляю, як мы пакараем усіх, хто кажа, што беларуская мова — мёртвая, і яны самі запішуцца на курсы да Лабадзенкі, пачнуць чытаць «Нашу Ніву» і цытаваць Багдановіча.
Ды не. Знойдуцца такія ж агалцелыя і сярод апанентаў, і судзіць нас з вамі пачнуць за кожнае неасцярожнае выказванне, грунтуючыся на тых жа законах. Беларуская мова не мёртвая? Дык прайдзіцеся па Гомелі ці нават па Мінску і пераканайцеся ў адваротным. Я толькі, у адрозненне ад пакараных за абразу мовы, яшчэ веру, што яе можна ажывіць, бо і не такія ў гісторыі чалавецтва ажыўлялі», — пракаментаваў гэты пост у фэйсбуку фізік-астраном Віктар Малышчыц.
«Якія некаторыя «разумныя» і «высакародныя» ў фэйсбуку, гатовыя ісці ў крыжовы паход на хворага падлетка і раздавіць яго ў імя высокай ідэі. Але ў жыцці такія «воіны святла» чамусьці як правіла самі шэрыя і баязлівыя, бо не пачынаюць з сябе. Я баюся людзей, для якіх ёсць толькі свае і ворагі — як на вайне. Думаць не трэба, трэба толькі мачыць ворага, пажадана паказальна. Адказвай за базар, нават калі за цябе папрасіла прабачэння твая маці. Гэта брыдота, Ігар Случак, брыдота…», — напісаў выбітны акцёр Раман Падаляка.
«Ды тэма сама па сабе граша ламанага не каштуе. І рэч тут нават не ва ўзросце і не ў хваробе. Чалавек мае права лічыць, што мова мёртвая.
Памылковае меркаванне. Усяго толькі. Данос з гэтай нагоды, гэтаксама як і публікаванне прыватнага ліста, ёсць дзеяннем дужа непрыгожым. Гэта вельмі мякка кажучы», — далучыўся Вадзім Казначэеў.
«Парадокс у тым, Ігар, што, змагаючыся з беларусафобіяй, вашы дзеянні здольныя выклікаць значна большую беларусафобію, якая будзе ўжо не проста юнацкім максімалізмам, а ідэйнай пазіцыяй. І яшчэ — не ламайце неабачліваму юнаку далейшае жыццё. Ён выказваннем свайго рэзкага меркавання гэтага не заслужыў. І не ператварайце прабеларускіх людзей у тыранаў у вачах грамадства», — напісаў Антось Спесівых.
«Падлетак нават здаровы яшчэ знаходзіцца ў пошуках свайго кірунку па жыцці. Ён вагаецца, сумняецца, яго патрэбна заахвочваць. А не караць. І тым больш, калі ў яго анкалогія і жыццё вымяраецца хвілінамі, болем і адчаем. Спадар Случак вельмі не падумаў, калі выклаў у сеціва крык мамы.
Спадар Случак здзекуецца з іх. Ён абраў не тую ахвяру, бо яго дзеянні, пачынаючы ад увогуле цяжбы з падлеткам, працягваючы публікацыяй гэтага ліста і ўсе далейшыя дзеянні супраць гэтай сям'і — недапушчальная брыдота. І не падлетак павінен прабачацца, а спадар Случак. Не мама павінна прыніжацца, а спадар Случак мусіць публічна пасыпаць галаву попелам. І, так, гэта акурат той выпадак, калі мама мае поўнае права парваць любога, хто крыўдзіць яе дзіця. У мяне няма магчымасці, але калі б хтосьці з грамадскасці арганізаваў нейкую валанцёрскую падтрымку сям'і — было б файна…», — выказала сваё меркаванне былая палітзняволеная, рабочая з Нясвіжа Настасся Азарка.
«Я нібы ў Савецкі Саюз вярнуўся — «инспекция, общественное порицание, коллективное рассмотрение». Не бяру да ўвагі, што размова пра падлетка, маці і рак. І без гэтага выглядае дзіка», — выказаўся пісьменнік Андрусь Горват і з гэтай нагоды напісаў на сваёй старонцы асобны пост.
«Ведаеце, а я ўсё-такі за свабоду. За свабоду маляваць Шчоткіну і фоткацца ў трусах на плошчы Перамогі. І да — я за свабоду называць беларускую мову мёртвай. Свабода не можа быць толькі для мяне. Свабода можа быць толькі для ўсіх.
Калі шаснаццацігадовы хлопец скажа:
— Беларуская мова мёртвая.
Я адкажу яму:
— Ты што — дурненькі?
Я за свабоду быць дурненькім і лічыць дурненькім іншага.
Я за свабоду шукаць пакемонаў у царкве і сядзець на газоне.
А калі гэта камусьці не падабаецца, ён можа сказаць мне пра гэта і назваць дурненькім.
А ўсе гэтыя штрафы, арышты, даносы — гэта страшна. Гэта кола, якое раскручваецца, раскручваецца, раскручваецца і ўжо не спыняецца».
Ігар Случак: «Гэта быў сігнал для іншых непаўналетніх, што абраза беларускай мовы — не тое, на чым можна зарабляць лайкі»
Для Ігара ўсе гэтыя нападкі вельмі крыўдныя, паколькі ён не крыві хоча, а каб усе, нарэшце, усвядомілі, што нельга так проста ўзяць і абразіць мову.
«У мяне няма мэты прыцягваць да адказнасці кожнага чалавека. Я хачу, каб на прыкладах, якія атрымліваюць найбольш шырокі розгалас, іншыя вучыліся, што нельга зняважліва выказвацца пра дзяржаўныя мовы: беларускую, рускую ці іншыя. Усё ж такі мова — адзін з чыннікаў, з якіх складаецца дзяржаўнасць. Гэта вельмі каштоўная рэч, яе трэба абараняць», — кажа Ігар.
Малады чалавек адзначае, што ён не вышуквае людзей, якія кажуць ці пішуць пра мову штосьці зняважлівае. Проста пасля таго, як ён дамогся, што ў Беларусі ўпершыню за 17 гадоў прыцягнулі за гэта да адказнасці, яму ў прыватныя паведамленні цяпер увесь час дасылаюць спасылкі на розныя падобныя выказванні. Ігар быў бы рады, каб людзі самі звярталіся ў райвыканкамы, пракуратуры і стваралі прэцэдэнты. Але большасць думае прыкладна так: навошта гэта рабіць, калі ёсць Ігар?
Так адбылося і ў сітуацыі з гэтым падлеткам, які даказваў, што беларуская мова «мёртвая». Ігар падумаў, што будзе правільна ўказаць на памылковасць такога меркавання і іншым маладзёнам.
«Гэта быў сігнал для іншых непаўналетніх, што абраза беларускай мовы — не тое, на чым можна зарабляць лайкі. Хлопцу ўжо амаль 17 год, не трэба рабіць з яго дурня і маленькага — гэта ўжо сфармаваная асоба, — тлумачыць гамяльчук.
— Гэты ліст, дасланы з паўфэйкавага акаўнта без інфармацыі і фота, спачатку трапіў у папку «Спам». Я яго выклаў, хоць і не быў да канца ўпэўнены ў яго праўдзівасці. Справа не ў тым, што мне хацелася зганьбіць людзей, не. Мне было цікава пачуць розныя меркаванні пра аргументы, прыведзеныя у лісце».
Самога Ігара зачапіла тое, што ўсё пачалося з выказванняў Кірыенкі, растыражаваных у СМІ.
«Нашы вядомыя людзі павінны надаваць больш увагі сваім словам. А журналістам, магчыма, трэба тлумачыць зняважлівыя рэплікі. Бо тут мы бачым, што малады чалавек прачытаў выказванне даволі вядомага спартоўца, які нават сцяг Беларусі на Алімпіядзе нёс, і пачаў таксама так казаць», — мяркуе Ігар.
Васіль Кірыенка нясе беларускі сцяг на Алімпіядзе ў Рыа.
Апошнія некалькі сказаў з ліста, дзе гаворыцца пра хваробу хлопца, Ігар не прыбіраў прынцыпова. На яго думку, беларусам варта перастаць усё і ўсіх апраўдваць.
«Так справы не робяцца. Я ведаю шмат цудоўных беларускамоўных людзей, у якіх вялікія праблемы, але ніхто на гэтым не спекулюе.
Я лічу спекуляцыяй казаць, што «ў майго дзіцяці была хвароба, таму не трэба яго чапаць». Атрымліваецца, мы ўсё так будзем пакрываць? — разважае Ігар. — І тое, што напісала маці… Я проста не ведаў, як на гэта рэагаваць. Як так? Нармальны хлопец, чаму самому не напісаць са свайго акаўнта? Не сказаць: «Я памыліўся, выбачай, ужо ўсё павыдаляў». І на гэтым разысціся. Такія выпадкі былі, праблема закрывалася, і я нават пра гэта нідзе не распавядаў. Гэты ліст — гэта нейкая беларуская жэсць. Тут ідзе спекуляцыя на ўсім».
Ігар не пагаджаецца з тым, што забараняць называць беларускую мову «мёртвай» — гэта абмяжоўваць свабоду слова.
«Людзі блытаюць абразу і зневажанне нацыянальнага са свабодай слову. Адмаўленне існавання беларускай мовы — гэта тое самае, што адмаўленне Халакосту ці расізм. Гэта псеўдамаралізм, ад якога мне, канечне, прыкра», — кажа Ігар.
У яго няма жадання прыцягваць падлетка да адказнасці. Аднак рашэнне райвыканкама яго не задавальняе.
«Мне б хацелася, каб гэтую справу закрылі не праз тое, што падстаў для прыцягнення да адказнасці няма, а праз тое, што выйшлі тэрміны. Тады будзе яшчэ адзін прэцэдэнт, і многія пачуюць, што нельга беларускую мову называць «мёртвай». Па-другое, хлопец не будзе прыцягнуты да адказнасці, як таго жадае шырокая грамадскасць».