«Я бачыў, што беларусаў шмат, але пра іх нідзе не напісана» — выйшла другое выданне «Беларусаў у ЗША» Вітаўта Кіпеля
17.05.2017 / 08:22
Вітаўт Кіпель, 20 лістапада 2016 года. Злева — ягоны найлепшы сябра Янка Запруднік
Пабачыла свет другое выданне кнігі патрыярха беларускай эміграцыі на Захадзе Вітаўта Кіпеля «Беларусы ў ЗША». Першая манаграфія выйшла ў 1993 годзе. Цяпер жа пабачыла свет кніга значна таўсцейшая, больш як 600 старонак, багата ілюстраваная, дапрацаваная і дапоўненая новай інфармацыяй з улікам апошніх двух з паловай дзясяткаў гадоў.
Падрыхтоўка другога выдання заняла каля двух гадоў супольнай працы самога Вітаўта Кіпеля, архівіста Лявона Юрэвіча і маёй як рэдактара, піша Наталля Гардзіенка.
«Гэтае выданне стала асабліва важным для мяне як магчымасць выказаць павагу і падзяку чалавеку, якога бязмежна паважаю як асобу, як даследчыка, як беларуса. Яшчэ ў часе нашага працоўнага спаткання з Вітаўтам Кіпелем у снежні 2016 года, калі абмяркоўваліся дапаўненні і ілюстрацыі, я задала яму колькі пытанняў у сувязі з новым выданнем».
Наталля Гардзіенка: Як узнікла ідэя напісаць кнігу пра беларусаў у ЗША?
Вітаўт Кіпель: Ідэя кнігі ўзнікла бадай з першага дня, як я прыехаў у Амерыку. Гэта былі каталіцкія Каляды 1955 года. Праз дзень ці два я пайшоў рэгістравацца ў бюракратычныя амерыканскія ўстановы і зразумеў, што чыноўнікі нічога не ведаюць пра беларусаў.
Тады я скіраваўся ў бібліятэку, каб там нешта знайсці апублікаванае пра амерыканскіх беларусаў, і нічога не знайшоў. І я вырашыў, што трэба зрабіць адмысловую кнігу. Вось так думка нарадзілася, але было невядома, як яна рэалізуецца.
Хутка мне давялося выехаць у Балтымар і іншыя гарады працаваць, было вяселле, з’явіліся дзеці, але думку пра кнігу тым часам я не пакідаў, бо нідзе не мог знайсці публікацый пра беларусаў Амерыкі, і мяне гэта, прызнацца, злавала.
Справа ў тым, што калі я прыехаў у ЗША і жыў некаторы час у Пасэйку (Нью-Джэрсі), дзе мае бацькі былі ад 1949 года, дык там беларуская мова была і каля царквы, і ў крамах, і асабліва каля гэтак званых «польскага народнага дома» і «рускага народнага дома». Я бачыў, што беларусаў шмат, але пра іх нідзе не напісана. І гэта ўмацавала мяне ў думцы, што беларусы мусяць напісаць пра сябе самі, распавесці пра сябе амерыканцам.
З цягам часу гэты намер умацоўваўся, і калі я затрымаўся на працу ў Нью-ёркскай публічнай бібліятэцы, то цвёрда вырашыў пачаць. У бібліятэцы былі даступныя газетныя матэрыялы, кнігі, і я стаў па кроплях збіраць матэрыял у розныя папкі пра «прыезд», «пачаткі» і г.д. У часе збірання звестак пра людзей, якія прыехалі ў ЗША на пачатку ХХ стагоддзя, я ўбачыў, што яны былі далёка не першыя, а значна раней сюды таксама прыязджалі нашыя людзі. І тады кніга пашырыла першапачатковую задуму апісаць толькі эміграцыю ад пачатку ХХ ст.
Я пайшоў у ранейшае, паўстала пытанне, а калі ж вестка пра Амерыку трапіла да нас у Беларусь, калі мы даведаліся пра Амерыку. Гэтак ішло пашырэнне ўжо самой тэмы. Вось так паступова і паўстала кніжка.
Дарэчы, я ад самага пачатку пісаў па-ангельску, бо думаў, што для Амерыкі гэтая кніга найбольш патрэбная, менавіта тут варта сказаць, што былі беларусы. Але потым змяніліся абставіны, і ў пачатку 1990-х гадоў з’явіўся добра падрыхтаваны перакладчык Сяргей Шупа, дзякуючы якому першым пабачыла свет менавіта беларускае выданне, у ЗША кніга выйшла ў 1999 годзе. Я быў вельмі задаволены, што якраз на Бацькаўшчыне кніга была ўпершыню апублікаваная.
Н. Гардзіенка: Былі іншыя беларусы, зацікаўлены ў тым, каб нешта збіраць пра суродзічаў у Амерыцы, ці гэта выключна Вашая ініцыятыва?
Вітаўт Кіпель: Першы артыкул пра беларусаў Амерыкі аўтарства Сцяпана Бубешкі быў апублікаваны, здаецца, у 1921 годзе ў Вільні. Думаю, што былі і іншыя людзі, якія збіралі звесткі. Але сабраць матэрыял на кнігу, напэўна, у людзей проста не хапала цярпення, бо гэта нялёгкая справа, калі сапраўды нічога няма. Прыпушчаю, што ініцыятары, ахвотнікі былі, можа, у нейкіх архівах мы і знойдзем штосьці, але ніхто нічога большага не напісаў.
Н.Г.: Вашая кніга ў Беларусі ў 1993 г. стала адметнай з’яваю…
В.К.: Так, я быў вельмі задаволены з гэтага выдання. Я шмат ездзіў тады па Беларусі і, прыкладам, прыходзіш у раённую бібліятэку і бачыш, што там кніжка ёсць. Асабліва мне спадабалася падарожжа. Мы затрымаліся ў Дукоры, бо ехалі на нейкую імпрэзу, арганізаваную Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, Ганнай Запартыкай. І ў Дукоры мяне паклікалі ў бібліятэку выступіць, бо яны ведалі і мелі маю кнігу. Гэтак было і ў Слуцку, і ў Магілёве… гэта было прыемна.
Н.Г.: «Беларусы ў ЗША» некалі сталі своеасаблівым пачаткам навуковага эміграцыязнаўства ў Беларусі. У 1990-х гадах пайшоў працэс «адкрыцця» эміграцыі з боку метраполіі, нарадзілася вялікая цікавасць, пачалі з’яўляцца тэксты, прысвечаныя беларускай эміграцыі. І сёння ўжо багата, пра што напісана. Якія тэмы цяпер варта вывучаць у першую чаргу ў дачыненні да беларускай эміграцыі?
В.К.: Гэтая кніга сапраўды была першая даследчага профілю. Дзіўная была з’ява. Я прыязджаў на Бацькаўшчыну амаль кожны год. Людзі ў Беларусі ведалі, што суродзічы выязджалі на эміграцыю, галоўным чынам у Амерыку. Мала хто чуў, што ехалі ў Аўстралію, ці ў Францыю, ці ў Нямеччыну, а пра Амерыку кожны грамадзянін ведаў, але нічога не пісалася.
Пасля набыцця незалежнасці, пасля 1990-х гадоў, вельмі моцнае пачалося такое збіранне камянёў, з’явіліся артыкулы і працы пра беларусаў Сібіры, беларусаў у Аўстраліі, Вялікабрытаніі.
Думаю, што ў Еўропе трэба прысвяціць кнігі і Нямеччыне, і Італіі, і Францыі. І з цягам часу, напэўна, гэта будзе зроблена. Але мне здаецца, трэба, каб гэта ўсё ішло сістэматычна.
Краіна сама павінная ведаць, што адток гэткай колькасці насельніцтва ўплываў і на развіццё краіны, і на эканамічнае, і на нацыянальнае і іншае жыццё. І гэта ўсё павінна вывучацца.
Мы не ведаем, колькі людзей выехала. Адны кажуць, мільён, другія — каля мільёна. Дакладна мы не ведаем. Але ж недзе статыстыка ёсць, яе трэба шукаць. Павінная быць нейкая ўстанова, інстытуцыя, якая будзе сістэматычна даследаваць эміграцыю з Беларусі. Іншыя народы, прыкладам, ірландцы, італьянцы, ведаюць, колькі ў іх з’ехала, які гэта мела ўплыў на эканоміку, на развіццё Бацькаўшчыны, і запісваюць сабе ў актыў тое, што іх эмігранты зрабілі для сусветнай эканомікі, навукі, мастацтва. А ў нас ніхто нічога асабліва не ведае.
Выязджалі людзі, і мы маем прыклады, што дасягнулі вялікіх пазіцый, пасадаў у адміністрацыях розных краінах. І не толькі мы, і яўрэйства трэба ўлічыць як частку беларускай нацыі, бо выязджалі яны з нашай тэрыторыі, гаварылі яны па-беларуску, мелі з сабою тыя самыя баранкі і мяхі праз плячо.
Гэта была беларуская эміграцыя. Мае быць установа, якая б гэта ўсё вывучала, бо эміграцыя працягваецца, працэс не скончыўся. Колькі на сёння выязджае? Дзясяткі тысяч. Гэта ж стварае дэмаграфічны дэфіцыт, бо калі выязджае маладая пара, іх дзеці будуць для Беларусі фактычна страчаныя. І гэта ўсё трэба вывучаць.
***
Набыць кнігу ўжо можна ў найбуйнейшых кнігарнях Мінска: «Цэнтральнай кнігарні», «Акадэмкнізе», «Кнігарні пісьменніка», «Веды» на Маркса ды інш.
***
Другое выданне «Беларусаў у ЗША» пабачыла свет да 90-х угодкаў аўтара (30.05.1927), дзеля адзначэння якіх плануецца таксама арганізацыя віртуальнай (на сайце Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва) і рэальнай (у Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры») выставаў. Адкрыццё апошняй — у ліпені гэтага года, у часе З’езду беларусаў свету — плануецца з удзелам дачкі Вітаўта Кіпеля Алесі. Тады ж адбудзецца і прэзентацыя гэтай кнігі.