У Мінску набірае папулярнасць рух тых, хто нічога не плаціць за ежу. Як гэта працуе?
Фудшэрынг — гэта сацыяльна-экалагічны праект па выратаванні прыдатнай да ўжывання ежы ад утылізацыі і яе раздачы ахвотным бясплатна.
15.05.2017 / 18:45
«Фудшэрынг» утварыўся ад англійскага слова foodsharing (ежа + дзяліцца). На Захадзе і ў Расіі гэты рух, які зарадзіўся ў Германіі, стаў неверагодна папулярным. Асноўная думка ініцыятывы — рацыянальнае выкарыстанне прадуктаў. Таму непатрэбную ежу можна аддаць бясплатна. Гэта не толькі дабрачыннасць, але і экалагічны праект. У свеце рух падтрымліваюць у асноўным кавярні, рэстарацыі, пякарні ды гатэлі.
У Берліне можна ўбачыць лядоўні на вуліцы, сюды кожны можа прынесці ежу, якая яму не патрэбна.
У Беларусі фудшэрынг знаходзіцца пакуль толькі ў сацыяльных сетках сярод людзей, якія маюць непатрэбныя прадукты. У крызіс рух набірае абароты, забіраюць абсалютна ўсё.
Мінская суполка «Фудшэрынг. Аддам ежу дарам Мінск» мае каля васьмі тысяч падпісантаў. У прэамбуле суполкі зазначана: «Звяртаем вашу ўвагу, што мы аддаем прадукты абсалютна бясплатна! Не прадаем і не просім нешта ў абмен або ў падзяку! Наша мэта — выратаваць добрую ежу ад памыйніцы і заадно дапамагчы іншым людзям».
Можна аддаваць прадукты добрай якасці, можна пачатыя ўпакоўкі ці ўласна прыгатаваную ежу, у якой хутка скончыцца тэрмін прыдатнасці. Нельга аддаваць лекі, алкаголь, сапсаваныя прадукты, або свежасць якіх вызначыць немагчыма (са сцёртымі тэрмінамі прыдатнасці).
А хто ж аддае ежу? Ёсць людзі, якія з’язджаюць з кватэры і не маюць магчымасці везці ежу з сабой, ёсць тыя, каму ежа казалася не да густу. А ў іншых проста пасля святаў засталося зашмат прадуктаў. Есць ахвотныя пачаць здаровы лад жыцця і прыбраць ўсё спакушальнае: сасіскі, печыва.
Разбіраюць прадукты звычайна за пару хвілін.
Зацікавіў нават кавалак пірага:
Жанчына купіла торт на рамантычную вячэру маладому чалавеку, але той не прыехаў. Торт забралі за пяць хвілін.
Порцыя бульбы са свінінай:
І шашлыкі ад беларускамоўнай вегетарыянкі:
Ежу звычайна забіраюць студэнты, адзінокія жанчыны з дзецьмі, людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Шмат тых, хто шукае прадукты для людзей, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю або для бадзяжных жывёлаў ды прытулкаў.