Хлопец стварыў станік, які дыягнастуе рак грудзей
10.05.2017 / 09:46
18-гадовы хлопец з Мексікі Хуліан Рыас Канту вынайшаў станік, які выяўляе сімптомы раку грудзей. Станік для самадыягностыкі змяшчае каля 200 сэнсараў, якія выяўляюць самыя першыя прыкметы хваробы. Гэта вынаходніцтва ў перспектыве зможа выратаваць жыцці мільёнаў жанчын ва ўсім свеце.
Стварыць такі станік падлетка натхніла гісторыя хваробы яго маці, якая некалькі гадоў змагалася з ракам, і ў выніку ёй выдалілі грудзі.
Станік дастаткова насіць раз на тыдзень. Сэнсары адсочваюць асноўныя характарыстыкі грудзей, такія як колер, тэмпература і тэкстура, а потым станік дасылае іх на смартфон і апрацоўвае дадзеныя з дапамогай нейронных сетак.
Падлетак ужо стварыў уласную кампанію Higia Technologies, якая перамагла на конкурсе Global Student Entrepreneur Awards і атрымала прыз у памеры 30 тысяч даляраў.
Рак грудзей — сур’ёзная праблема для жанчын ва ўсім свеце, у тым ліку сярод беларусак. Згодна з дадзенымі Міністэрства аховы здароўя, захворвальнасць на рак грудзей павялічылася з 27 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва ў 2000 годзе да 45,9 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва ў 2015 годзе. У 2015 годзе ў Беларусі было праведзена 12633 аперацый на малочнай залозе, сярод іх 151 аперацыя дзяўчынкам ва ўзросце да 18 гадоў.