Ален Дэлон сыдзе з кіно пасля любоўнай гісторыі

06.05.2017 / 21:25

AFP

81-гадовы акцёр Ален Дэлон абвясціў, што скончыць кар'еру пасля завяршэння здымак фільма пра каханне, якія пачнуцца ўвосень 2017 года.

Заяву акцёр зрабіў у пятніцу, 5 мая, на Міжнародным фестывалі дэтэктыўнага кіно ў Льежы, дзе ў яго гонар зладзілі адмысловую цырымонію.

Дэлон распавёў, што ў аснове сцэнарыя яго апошняга фільма будзе гісторыя кахання паміж «мужчынам яго ўзросту» і «пяцідзесяцігадовай жанчынай» — гісторыі, якая «пачалася пасля выпадковай сустрэчы».

Граць «пяцідзесяцігадовую жанчыну» першапачаткова павінна была Сафі Марсо, але ў выніку роля дасталася Жульет Бінош.

«Гэта будзе мой апошні фільм, бо, як і баксёр, які не хоча прымаць удзел у лішнім баі, я не хачу здымацца ў лішнім фільме», - сказаў акцёр, які, апроч іншага, праславіўся роляй у фільме «Рока і яго браты» (Лукіна Вісконці, 1960), дзе граў прафесійнага баксёра.