Мінская міліцыя шукае кліента банка, якому касірка памылкова выдала лішнія грошы
17.04.2017 / 19:11
У Цэнтральнае РУУС Мінска звярнулася касірка філіяла банка, размешчанага ў адным са сталічных гандлёвых цэнтраў, з просьбай знайсці маладога чалавека, якому яна памылкова выдала буйную грашовую суму. Пра гэта паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.
guvd.gov.by
Малады чалавек падышоў да акенца, каб абмяняць даляры ЗША на беларускія рублі. Касірка выдала кліенту на 2000 рублёў больш за неабходную суму. Кліент забраў грошы і сышоў. Нястача выявілася толькі праз некалькі гадзін.
Служба бяспекі банка знайшла запіс з камеры відэаназірання, на якім відаць хлопца.
У сувязі з гэтым міліцыя просіць адгукнуцца гэтага маладога чалавека або тых, хто яго пазнае. Любую інфармацыю можна паведаміць у Цэнтральны РУУС па тэлефонах: (017) 288-02-02, (029) +375-29-337-88-25 або па тэлефоне 102.